Хронікі рэпрэсій. +18 «экстрэмістаў» і новы суд Іллі Міронава

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 6 студзеня.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


У «спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 18 чалавек — цяпер у ім 2281 чалавек. Большасць з іх — людзі, абвінавачаныя па «народным» 342 артыкуле Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), арт. 368 КК («Абраза прэзідэнта») і арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»).

* * *

У Гародні затрымалі дырэктара школы практычнай медыяцыі. У тэлеграм-канале, звязаным з беларускімі сілавікамі, размясцілі відэа, на якім спачатку з'яўляецца сумна вядомы цёмны мікрааўтобус з таніраваным шклом, а потым чалавек «прызнаецца» ва ўдзеле ў пратэстах на камеру.

Мужчына на відэа — Мікалай Хацяновіч. На партале «Медыяцыя Еўропа-Азія» пазначана, што ён працуе ў гэтай сферы з 2015 года, займаецца камерцыйнымі, карпаратыўнымі і сямейнымі спрэчкамі. Як спецыяліст у 2016 і 2017 гадах прызнаваўся лепшым медыятарам года ў Мінску.

* * *

Затрыманая 5 снежня пасля суда па «справе «Вясны» расійская праваабаронца і журналістка Кацярына Яньшына атрымала 15 сутак арышту за «дробнае хуліганства».

Яньшына супрацоўнічае з «Мемарыялам». Учора, адразу пасля заканчэння судовага пасяджэння, некалькі чалавек затрымалі яе на выхадзе з залы суда. Па словах прыставаў, Кацярына парушала парадак у ходзе пасяджэння — рабіла фота і вяла трансляцыю.

Кацярына правяла ноч у ІЧУ. Судовае пасяджэнне адбылося ў судзе Маскоўскага раёна Мінска. Суддзя Таццяна Матыль прысудзіла Кацярыне 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

* * *


* * *

Мужа палітзняволенай праваабаронцы Марфы Рабковай Вадзіма Жаромскага арыштавалі яшчэ на 10 сутак.

* * *

Кардыёлага Антона Навумава асудзілі на 2,5 года «хіміі» за пратэсты 2020-га, паведамляюць праваабаронцы.

* * *

За каментары з 2020 года затрыманы Радзівон Качаткоў, які вярнуўся з-за мяжы.

Радзівону Качаткову 28 гадоў, ён родам з Брэста. Хлопец скончыў БНТУ ў Мінску, а ва ўніверсітэцкія гады захапляўся баскетболам і стрытболам. Ён пакінуў шмат каментароў у Тэлеграме і не мяняў акаўнта з 2016 года. З дапамогай ботаў (найперш , Eye of Beholder) можна пабачыць не толькі гісторыю каментавання з яго  акаўнта, але і гісторыю змянення імёнаў, дзе пакінута ягонае імя і нумар тэлефона, на які зарэгістраваны амаль усе ягоныя акаўнты.

Каментары, якія ставіць яму ў віну ГУБАЗіК, датаваны 2020 годам. Магчыма, хлопца даўно вылічылі і завялі на яго справу, але чакалі, пакуль ён вернецца ў Беларусь. Сілавікі сцвярджаюць, што «яму пагражае ад 5 да 12 гадоў турмы» — імаверна, гаворка пра крымінальную справу за «распальванне варожасці».

* * *


* * *

Затрыманы начальнік службы з ААТ «Газпрам трансгаз Беларусь» за падпіску на «Ч*рную кнігу Беларусі». Сілавікі паведамілі, што мужчына «вёў агітацыю ў працоўным калектыве, распаўсюджваў экстрэмісцкія матэрыялы, накіраваныя супраць Беларусі і Расіі, а таксама збіраў асабістую інфармацыю з «Ч*Б».

* * *

52-гадовы акцёр Тэатральна-музычнага калектыву «Гузікі» Андрэй Трызубаў асуджаны на 10 сутак. Ён на Акрэсціна.

* * *

Гомельскага валанцёра Іллю Міронава будуць судзіць яшчэ раз. Пракуратура палічыла яго прысуд па артыкуле 369-1 («Дыскрэдытацыя РБ») занадта мяккім і падала апеляцыю. Апеляцыйнае пасяджэнне адбудзецца 25 студзеня 2023 года аб 11 гадзіне ў Гомельскім абласным судзе.

Нагадаем, Ілля Міронаў амаль год знаходзіўся пад следствам за каментар у падтрымку праграміста Андрэя Зельцэра ў інтэрнэце. Падчас таго суда Міронаў цалкам прызнаў віну і быў пакараны 1,5 гадамі папраўчай калоніі і 200 базавымі велічынямі штрафу, але выйшаў на волю, бо адсядзеў тэрмін у СІЗА.