Самы страшны вораг Лукашэнкі. Мікалаю Аўтуховічу — 60

Сёння свой день народзінаў за кратамі адзначае чалавек, з жыцця якога рэжым ужо забраў больш за 9 гадоў і плануе яшчэ 25. Проста таму што можа. Прасочым за лёсам ветэрана-афганца, лідара прадпрымальнікаў і па сумяшчальніцтву «галоўнага тэрарыста» краіны Мікалая Аўтуховіча. 

Мікалай Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц

Мікалай Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц

Ветэран Афганскай вайны

Пра тое, якой была для Аўтуховіча гэтая вайна, як і пра ўсю першую (датурэмную) палову ягонага жыцця вядома няшмат. Але відавочна, удзел у гэтай вайне — істотны пункт у біяграфіі нашага сённяшняга героя. З 1981-га года будучы прадпрымальнік і палітвязень служыў у Саратаўскай вобласці Расіі – кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. Пазней — у Афганістане, за што быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, двума медалямі — «За адвагу» і «За баявыя заслугі». Мікалай Аўтуховіч звольніўся з арміі ў 1991 годзе. Рэжым пазбавіць спадара Мікалая звання старшага прапаршчыка ў адстаўцы толькі праз 31 год, у камплекце з 25-гадовым прысудам.

Мікалай Аўтуховіч пасля вайны ў Афганістане

Мікалай Аўтуховіч пасля вайны ў Афганістане


«Я ўдзячны афганцам, якія падтрымлівалі мяне ў турме. Але вельмі многія проста баяцца адстойваць свае правы. Я буду заўсёды дапамагаць афганцам, якія звернуцца да мяне», — казаў Мікалай Аўтуховіч, калі выйшаў на волю пасля другой адсідкі ў 2014-м.

Паспяховы прадпрымальнік і кандыдат у дэпутаты

Па вяртанні ў родны Ваўкавыск Мікалай Аўтуховіч вырашыў паспрабаваць сябе ў бізнесе — знайсці «звычайную» прыбытковую працу ў невялікім горадзе тады было вельмі складана. Спачатку Мікалай рамантаваў былыя вайсковыя казармы і здаваў іх у арэнду. А потым адкрыў мясцовы таксапарк.

У 2004-м Аўтуховіч вылучыўся кандыдатам у дэпутаты на парламенцкіх выбарах. Ён выступаў найперш за свабоду дзейнасці прадпрымальнікаў і карыстаўся моцнай народнай падтрымкай. Але ж падлік галасоў, як гэта не дзіўна, быў цалкам сфальсіфікаваны, пасля чаго перамогу атрымала, упісаўшы сваё імя ў гісторыю, праўладная кандыдатка, дырэктарка мясцовай гімназіі Тамара Навасад.

Трапіў за краты, бо змагаўся з карупцыяй

У тым жа 2004 годзе, які вызначыў далейшы лёс Мікалая Аўтуховіча, ён прадставіў у Камітэт па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю кампрамат на супрацоўнікаў падатковай інспекцыі. Аўтуховіч вінаваціў іх у хабары, выкарыстанні службовых паўнамоцтваў і не толькі. У выніку на старшыню падатковай і яе намесніцу была заведзеная крымінальная справа, якую неўзабаве закрылі. За кратамі ж апынуўся сам Мікалай Аўтуховіч.

Так, 7 ліпеня 2006 года паспяховага прадпрымальніка і сумленнага грамадзяніна асудзілі на 3 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці па абвінавачанні ва ўхіленні ад сплаты падаткаў, а таксама ў прадпрымальніцкай дзейнасці без рэгістрацыі і ліцэнзіі. Тады праваабаронцы ўпершыню прызналі Мікалая Аўтуховіча палітвязнем. Ён выйшаў на волю 18 студзеня 2008 года ў выніку санкцый ЕЗ і ЗША.

Галадоўка як спосаб волевыяўлення

У 2005 годзе, знаходзячыся за кратамі пад следствам, Мікалай Аўтуховіч пачаў сваю першую галадоўку на знак пратэста супраць незаконнага затрымання. За 74 дні мужчына страціў 28 кілаграмаў вагі. Тады прадпрымальніку змянілі меру стрымання на хатні арышт, ён выходзіў з галадоўкі ў раённым шпіталі з дапамогай лекара-дыетолага.

У 2009 годзе, падчас другога зняволення, спадар Мікалай галадаў 90 дзён.

Наступным разам Мікалай Аўтуховіч распачаў галадоўку за кратамі 11 ліпеня 2022 года — сухую. Адзіным ягоным патрабаваннем было зняццё абмежавання на ліставанне, бо лісты Мікалая не даходзілі нават да 83-гадовай маці палітвязня. У знясіленым без ежы і пітва стане Мікалая Аўтуховіча кідалі ў карцар, а калі мужчына падчас суда падаў ад слабасці і прасіў выклікаць хуткую, суддзя Максім Філатаў цынічна адказваў: «Вам проста трэба паесці». На 22-гі дзень сухой галадоўкі Аўтуховіч пачаў піць ваду і ўжываць дзіцячае харчаванне. Напрыканцы галадоўкі яму перадалі ліст ад маці. Імаверна, гэта і стала прычынай спынення галадоўкі, аднак дакладнай прычыны Аўтуховіч не назваў.

Лідзія Аўтуховіч

Лідзія Аўтуховіч


«27 ліпеня быў узяты аналіз, які праз чатыры дні паказаў, што арганізм цалкам абязводжаны, раскладаюцца тканкі нырак. Маё здароўе цалкам падарванае», — заяўляў палітвязень падчас суда.

Падчас зняволення ў 2013 годзе ўскрыў сабе лязом жывот

Нягледзячы на датэрміновае вызваленне ў 2008 годзе, на волі Мікалай Аўтуховіч правёў не шмат часу. 8 лютага 2009-га яго затрымалі зноў. Падчас другога вобшуку міліцыянты дзівосным чынам знайшлі ў прадпрымальніка 5 патронаў да паляўнічай зброі, якія не знайшлі падчас першага. У выніку Мікалаю Аўтуховічу прысудзілі па адным годзе зняволення за кожны патрон.

Вось што казаў наконт гэтага прысуду праваабаронца Алег Волчак:

«Зразумела, што чалавека адмыслова «запіхнулі» ў турму за яго грамадзянскую пазіцыю. Пасля першай адсідкі Мікола выйшаў і не стаў маўчаць — ён працягваў змагацца з чыноўнікамі, з карупцыяй, якая бы іржа раз’ядае наша грамадства. І яго вырашылі супакоіць. Памятаеце, з якой помпай падавалася інфармацыя пра чарговую «гучную справу» — маўляў, Мікалай Аўтуховіч рыхтаваў тэракт супраць старшыні Гродзенскага аблвыканкама і намесніка міністра па падатках і зборах. Была афіцыйная заява МУС, якая была змешчаная на сайце. Праўда, уся гэтая лухта рассыпалася на судзе, людзі смяяліся, калі слухалі на судовых пасяджэннях «гучную справу», якую скляпалі сілавікі. І, калі ўбачылі, што з «тэрактам» нічога не атрымоўваецца, знайшлі пяць патронаў і адправілі чалавека за краты. Вось так у нас змагаюцца з карупцыяй».

Падчас зняволення Мікалаю двойчы прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі, але ён адмовіўся.

«Маю свае погляды. І ўсё жыццё я ніколі іх не мяняю. Я нічога не рабіў дрэннага для Радзімы і народа, не парушаў ніякіх законаў, чаму я павінен звяртацца з прашэннем?» — пісаў тады Аўтуховіч у лісце да сябра.

Сваё зняволенне ён лічыць помстай за змаганне з карупцыянерамі. Выйшаў на волю спадар Мікалай 8 красавіка 2014 года, цалкам адбыўшы тэрмін.

«З 2003 году яны мяне б’юць. Вынікае, адзінаццаці гадоў жыцьця як не было. Мяне пасадзілі ні за што, адабралі маёмасьць ні за што. Чаму? — Такая сыстэма, сыстэма ўлады. Яны ня хочуць самі сядзець у турме, таму туды трэба садзіць тых, хто іх выкрывае. Пачалося ўсё менавіта праз мае выкрыцьці. Мяне спрабавалі прымусіць плаціць ні за што, і я пачаў зьбіраць на іх кампрамат», — казаў Мікалай Аўтуховіч пасля вызвалення.

Марыў стварыць прафсаюз прадпрымальнікаў

Напэўна, улады разлічвалі, што пасля сямі з паловай гадоў несправядлівай адсідкі спадар Аўтуховіч «супакоіцца», але ягонае сэрца заўжды прагне справядлівасці.

5 верасня 2016 года Мікалай Аўтуховіч падаў дакументы ў Міністэрства юстыцыі для рэгістрацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Камітэт падтрымкі прадпрымальніцтва "Салідарнасць"».

«Мы крочым паціху, зараз сабралі 50 чалавек, каб зарэгістраваць аб’яднанне, але працуем у кірунку стварэння прафсаюза, бо гэта больш моцная арганізацыя, дзе мы будзем мець магчымасць абараняць свае правы і інтарэсы самастойна. Таксама і міжнародная супольнасць, якая вельмі моцна падтрымлівае прафсаюзныя рухі, будзе на нашым баку», — спадзяваўся туды Аўтуховіч.

Спадар Мікалай добра ведаў, у якой краіне жыве, таму паклапаціўся пра тое, каб не даць уладам аніякіх фармальных падставаў для адмовы ў рэгістрацыі «Камітэта». «Над падрыхтоўкай дакументаў працавалі лепшыя юрысты, якія вельмі дасканала ўсё праверылі. Прыдрацца проста няма да чаго», — казаў ён. Нягледзячы на гэта, праз месяц пасля падачы дакументаў, Мінюст адмовіў у рэгістрацыі «Салідарнасці» Аўтуховіча, але ён не спыняўся і падаваў дакументы зноў, таму што ведаў — закон цалкам на ягоным баку.

«Калі зноў адмовяць — будзем глядзець на падставы, аспрэчваць іх. Натуральна, што ў нас ужо ёсць сувязі з міжнароднымі арганізацыямі, з тым жа Еўрапарламентам, з некаторымі партыямі, будзем інфармаваць іх пра развіццё падзей з рэгістрацыяй. Бо многія кажуць, што ў нас, у Беларусі, нібыта адбываюцца нейкія перамены. Вось мы і будзем паказваць, што аніякіх пераменаў у Беларусі няма», — тлумачыў Аўтуховіч.

«Мы хочам, каб прадпрымальнікі перасталі баяцца, бо ва ўсіх цывілізаваных краінах свету прадпрымальнікі — галоўная рухаючая сіла, на якой трымаецца ўся эканоміка. Каб атрымаць нейкія «хуткія грошы», улада выдае такія ўказы і дэкрэты, якіх папросту ставяць на калені эканоміку, разбураюць яе. Акрамя таго, сёння дзяржава наўмысна стварае ўмовы, пры якіх прадпрымальнікі вымушаныя парушаць заканадаўства, бо інакш ім не выжыць. Мы хочам, каб не было гэтых штучна створаных абмежаванняў, каб прадпрымальнікі сапраўды былі фондам краіны, каб яны вывелі эканоміку на іншы ўзровень. Нельга зараз нешта забараняць, дайце прадпрымальнікам зялёнае святло і ў краіне будзе ўсе, што трэба: і рост эканоміка, і працоўныя месцы», — заява Мікалая Аўтуховіча ад 2016 года, якая, падаецца, выбітна падкрэслівае ягоны характар, дэманструе ягоныя мэты і памкненні, несумяшчальныя з рэжымам Лукашэнкі.

Жывы прыклад дзяржаўнай стабільнасці

Але ж не той, у якой дзесяцігоддзямі нас запэўнівае рэжым. Калі звярнуцца да некаторых архіўных цытат Мікалая Аўтуховіча, можна заўважыць, што час ідзе, але насамрэч мала што змяняецца. 

«З лёгкай падачы міліцыянтаў у турмы саджаюць нават нявінных людзей. Міліцыянты становяцца галоўнымі сведкамі ў судзе», — заўважаў Аўтуховіч яшчэ ў 2016-м.

«Сёння сітуацыя такая, што святло ў канцы тунэля для беларусаў ужо бачнае, бо эканамічнае становішча ў краіне вельмі цяжкае. Я думаю, што на гэтай хвалі людзі пачнуць прачынацца, адстойваць свае правы, паказваць, што не жадаюць так жыць.

Яшчэ крыху, калі людзям не будзе чаго есці — яны нават без заклікаў выйдуць і будуць страйкаваць. Вядома, гэта павінна быць узгоднена, павінна кімсьці каардынавацца, каб гэта стала рэальна масавым выступам. Але кожны чалавек павінен падумаць у новым годзе і не казаць: «Я пасяджу дома, пачнецца — тады пайду». Кожны чалавек павінен паламаць у сабе страх, павінен ужо зразумець, што калі нічога не рабіць — гэта рабства будзе прадаўжацца», — словы спадара Мікалая з усё таго ж 2016-га.

А ў 2014 годзе, падчас зняволення, у лістах Мікалай Аўтуховіч пісаў, што сочыць за падзеямі ва Украіне, і што, па ягоным меркаванні, падзеі ў суседняй краіне могуць стаць моцным штуршком да перамен і ў Беларусі, і ў Расіі — гэтыя словы праз 9 гадоў таксама не страцілі актуальнасць.

На сёння Мікалай Аўтуховіч ужо адсядзеў па палітычных матывах 9 гадоў і 6 месяцаў. Ніхто з беларускіх палітвязняў не правёў больш часу за кратамі.

8 снежня 2020 года Мікалая Аўтуховіча зноў затрымалі. Гэтым разам улады наважыліся выставіць яму такое фантастычнае абвінавачанне, якое нават няёмка агучваць. Аўтуховіча абвінавацілі ў стварэнні «тэрарыстычнай групы», якая нібыта дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскай вобласці — падпальвала аўтамабілі і хаты супрацоўнікаў МУС. Ну, а чым яшчэ займаюцца былыя паспяховыя прадпрымальнікі?

А 25 снежня 2020-га Лукашэнка дык увогуле заявіў, што затрыманая ў снежні «група Мікалая Аўтуховіча» рыхтавала тэракты па ўсёй краіне і завозіла «тонамі зброю праз Украіну». У гэты ж дзень спікер Міністэрства замежных спраў Украіны Алег Ніколенка заявіў, што «Украіна катэгарычна адхіляе чарговыя інсінуацыі Аляксандра Лукашэнкі» і што мантра пра «зброю з Украіны» дакладна ўпісваецца ў ягоную палітыку па запалохванні беларускага народа.

17 кастрычніка 2022 года Гродзенскі абласны суд прысудзіў Мікалаю Аўтуховічу 25 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах строгага рэжыму (першыя 5 гадоў ён будзе адбываць у турме, астатнія 20, паводле прысуду — у калоніі).

«Хай людзі спадзяюцца на лепшае і перастануць баяцца»

Напрыканцы 2015-га Мікалай Аўтуховіч віншаваў беларусаў з надыходзячым Новым годам. Гэты артыкул хочацца скончыць ягонымі словамі:

«Цяпер у мяне няма столькі часу, колькі было ў турме, калі можна было адкрыць пакет з лістамі і пачаць віншаваць усіх, хто мне пісаў. Таму я хачу павіншаваць з Новым годам усіх, з кім перапісваўся і наогул — усіх беларусаў.

І пажадаць усім здароўя і дабрабыту. І каб у гэтым годзе пачаліся змены да лепшага. Я разумею, што вельмі хутка ўсё памяняцца не можа. Але, улічваючы апошнія падзеі ды ўспамінаючы найноўшую гісторыю, можна чакаць чаго заўгодна. Таму хай людзі спадзяюцца на лепшае і перастануць баяцца. Трэба зноў здабыць сваю годнасць і жаданне адстойваць свае правы і сваю маёмасць. Нельга апускаць галаву і падціскаць хвост, як жывёліна. Калі што-небудзь здарылася — адразу абурэнне, адразу супраціў. Калі гэта будзе паўсюдна — гэтая ўлада хутка згіне».

Мікалай Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц

Мікалай Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц