Неперавышаны Ластоўскі
Вацлаў Ластоўскі дасюль застаецца энігмай, якую мы паціху, бы смакуючы, раскрываем і спрабуем зразумець. Палімат, чалавек, які дасягаў посьпехаў і рабіў адкрыцьці ўва ўсіх сфэрах, якімі пачынаў займацца: літаратура, гісторыя, мовазнаўства, этнаграфія, эстэтыка, перакладніцтва, гісторыя мастацтва, мастацтвазнаўства, палітыка, дыпляматыя, выдавецкая справа... Слынны крывіч, які жыў у жудаснай казцы, часта ў нэндзе, і ў 1938 годзе быў вынішчаны саветамі, як сотні тысячаў іншых беларусак і беларусаў.

Неперавышаны Ластоўскі дасюль палохае менскі рэжым, яго выстаўляюць ворагам, радыкалам, невукам, нацыяналістам, а гэты быў проста атлянт, які канчаткова прыкуў беларушчыну да рэчаіснасьці, і зрабіў гэты ня толькі мацьней, надзейней, але і прыгажэй за беларускай дзяржавы.
Стагодзьдзе народзінаў крывіча зноў жа не змагла адзначыць радзіма — у 1983 годзе толькі лёнданская Скарынаўка зладзіла сэмінар у ягоны гонар. У Беларусі амаль ніколі не сьвяткавалі ягоныя юбілеі на нацыянальным узроўні. Нават калі гэта было магчыма, навукоўцы зьбіраліся ня ў Менску, а ў Маладэчне: так, беларуская грамада адзначыла 125-годзьдзе аўтара «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі». Толькі Скарынаўка адзначыла 140-годзьдзе В. Ластоўскага міжнароднай канфэрэнцыяй «"Новым імкненьням даць новыя формы". Вацлаў Ластоўскі і беларускія мовазнаўцы ў культурным дыскурсе 1920–30-х гадоў», якая адбылася 10–11 лістапада 2023 года.
Нарэшце, увосень 2025 году ў выдавецтве «Скарына» ў супрацы з Скарынаўскай біблііятэкай Францішка Скарыны выйшаў канфэрэнцыйны зборнік «"Новым імкненьням даць новыя формы”. Вацлаў Ластоўскі і культурны дыскурс 1920-х гадоў“. Гэта важнае чарговае падсумаваньне і міждысцыплінарнае дасьледаваньне спадчыны Вацлава Ластоўскага, тэксты, думкі якога дасюль натхняюць дасьледнікаў у галіне філязофіі, сацыялінгвістыкі, мастацтвазнаўства, этнаграфіі, літаратуразнаўства. Як ніколі актуальнай у большай частцы тэкстаў прысутнічае дэкаляніялісцкая прызма, якую, між іншым, прапаноўваў пры жыцьці і сам В. Ластоўскі.
Застаецца толькі спадзявацца, што бліжэйшы юбілей, нарэшце, зможа адсьвяткаваць Беларусь прызнаньнем неперавышанасьці генія выбітнага крывіча.