Творы бэльгійска-францускай клясыкіні ўпершыню па-беларуску
Упершыню па-беларуску зьявіліся творы бэльгійска-францускай пісьменьніцы Маргерыт Юрсэнар (1903-1987). Два творы — Anna, soror… і Арыентальныя навэлі — пад адной вокладкай пабачылі сьвет у выдавецтве Скарына ў перакладзе сталага аўтара «Новага Часу» Ўладзіслава Гарбацкага.

Нарэшце, беларускае чытацтва зможа адкрыць і пасмакаваць творчасьць першай жанчыны, якая ўвайшла ў Францускую Акадэмію, дарэчы, акадэміцы дзьвюх акадэміяў, у тым ліку Каралеўскай акадэміі францускай мовы і літаратуры Бэльгіі.
З аднаго боку, увазе чытацтва прапануецца аповесьць Anna, soror…, змрочаная гісторыя зь дзівоснымі і рэдкімі проблескамі забароненага каханьня ў Эўропе 17 ст. Зь іншага боку, дзякуючы філязофска-фантазійным навэлям, паданьням і казкам «Арыентальныя навэлі» чытацтва літаральна адчуе павевы розных далёкіх эпохаў і культураў, на імгненьне задумаецца над маральнымі дылемамі, што знаходзяцца ў самым цэнтры людзкога досьведу.

Зрэшты, у прадмове да твораў знаходзіцца інфармацыя пра цікавы і пакручасты шлях пісьменьніцы, а таксама пра ейныя некаторыя сакрэты і мары, якія часта разгадваюцца дзякуючы ўважліваму чытаньню.
Гэтая кніга — найлепшы падарунак эстэт-к-ам слова і тым, хто аддае перавагу мудрагелістаму пісьму.