Зяленскі пра Данбас: Украіна не можа адбіць, а Расія — захапіць
«Яны не перамагаюць, мы не прайграем», — так прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ахарактэрызаваў сітуацыю на фронце і катэгарычна адмовіўся аддаць Расіі Данбас за проста так. А ў РФ нарастае колькасць небяспечных з'яў у эканоміцы — прагназуецца нават дэфіцыт прадуктаў. Ідуць 1465-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 230 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 27 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 50 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Маладзецкага, Удачнага, Мураўкі, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 35 разоў спрабавалі ісці наперад у раёнах Дабраполля, Гуляйполя і ў бок Залізнічнага, Стараўкраінкі, Горкага, Варвараўкіі іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 24 атакі ў раёнах Аляксандра-Шульціна, Шчарбінаўкі, Пляшчыеўкі, Русінага Яру і ў бок Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Бярэстак, Сцяпанаўкі, Сафіеўкі, Навапаўлаўкі.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 14 разоўкаля Чырвонага Става, Наваігоркаўкі, Дробышава, Стаўкі, Лімана і ў раёне Зарэчнага, Навасёлаўкі.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку расіяне 13 разоў штурмавалі пазіцыі УСУ ў раёнах Старыцы, Пясчанага, Круглага, Несцернага, Чугунаўкі.
На Аляксандраўскім кірунку расіяне 10 разоў атакаваў у раёнах Тэрновага, Злагоды і ў бок Вербавага, Вішнёвага, Аляксандраграда.
* * *
У ноч на 27 лютага Расія атакавала Украіну 187 ударнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера, Італмас і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 165 БпЛА. Атака працягваецца, папярэджваюць Паветраныя сілы Украіны.
Увечары 26 лютага армія РФ атакававала ўдарнымі беспілотнікамі Вальнянск у Запарожскай вобласці, у выніку чаго паранены двое чалавек, іх шпіталізавалі ў цяжкім стане.
Расійскія войскі нанеслі ўдары па гатэлі ў цэнтры Сум. Ратавальнікі эвакуявалі 50 грамадзян. Падчас тушэння пажару расіяне нанеслі паўторны ўдар па ратавальніках. Ніхто з асабовага складу не пацярпеў, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ДСНС.
* * *
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце паведаміў, што наступная сустрэча ў фармаце Украіна-ЗША-Расія, хутчэй за ўсё, адбудзецца ў ААЭ у пачатку сакавіка.
Зяленскі сказаў, што размаўляў 26 лютага з украінскімі перамоўшчыкамі Умеравым, кіраўніком фракцыі «Слуга народа» Давідам Арахаміяй і з прадстаўнікамі прэзідэнта ЗША Стывам Уіткафам і Джарэдам Кушнерам.
«Ужо больш гатоўнасці да наступнага трохбаковага фармату. Хутчэй за ўсё, наступная сустрэча будзе ў Эміратах, будзе менавіта ў Абу-Дабі. Мы разлічваем, што фармат будзе ў пачатку сакавіка. Трэба фіналізаваць усё, чаго ўдалося дасягнуць для рэальных гарантый бяспекі, і падрыхтаваць сустрэчу на ўзроўні лідараў. Менавіта такі фармат можа шмат што вырашыць», — сказаў Зяленскі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю для Sky News заявіў, што Украіна цяпер не можа вярнуць свае тэрыторыі, — але і Расія не можа перамагчы.
Падчас гутаркі вядучы адзначыў, што з Белага дома чуваць заявы пра тое, што Украіна не зможа выйграць вайну і краіне прыйдзецца саступіць тэрыторыю дзеля міру. На пытанне, ці можа Украіна выйграць, Зяленскі патлумачыў, што на гэтым этапе гэта азначала б страту вялікай колькасці людзей.
«На сёння гэта вельмі складана і прывядзе да занадта вялікіх страт — чалавечых жыццяў. Гэта сапраўды цяжка. Але што важна, Расія таксама не можа дабіцца поспеху на полі бою, таму яны не перамагаюць, і мы не прайграём», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Таксама вядучы спытаў, чаму б «проста» не аддаць Славянск і Краматорск, калі прыярытэт — спыніць вайну і гэта тое, што з’яўляецца ўмовай.
Зяленскі ў адказ сказаў, што дзіўна казаць пра тое, што Украіна павінна сыходзіць са сваёй зямлі. «Калі мы сыдзем з гэтай тэрыторыі, як вы сказалі, напрыклад, з Краматорска, Славянска, у той жа момант 200 тысяч людзей, якія цяпер там знаходзяцца, апынуцца пад расійскай акупацыяй. Хто сказаў расіянам, што гэтыя людзі гатовыя стаць расійскімі грамадзянамі? А калі не — іх будуць забіваць, адпраўляць на фронт ці саджаць у турмы. Яны ўжо рабілі тое самае ў Луганску, у Данецку, у Крыме», — адзначыў ён.
Прэзідэнт Украіны дадаў, што пытанне Данбаса — гэта не толькі чырвоная лінія, але і лінія абароны.
* * *
Брытанскія і французскія дэсантнікі завяршылі апошнія прыгатаванні да магчымай міратворчай місіі ва Украіне. Іх могуць адправіць, калі краіна заключыць мірнае пагадненне з Расіяй, піша The Telegraph.
Вучэнні прайшлі 24 лютага і з’яўляюцца заключнымі вучэннямі па падрыхтоўцы дэсантнікаў да разгортвання ў любой кропцы краін NATO. Дадзеная падрыхтоўка з’яўляецца часткай вучэнняў «Арыён», якія скончацца 3 сакавіка.
Дзеянні адбыліся праз некалькі тыдняў пасля таго, як прэм’ер-міністр Брытаніі Кір Стармер заявіў, што Вялікабрытанія і Францыя ўзначаляць міратворчыя сілы ва Украіне, калі будзе дасягнута здзелка аб спыненні агню паміж Кіевам і Масквой.
Згодна з публікацыяй The Telegraph, падчас вучэнняў больш за 600 салдат з 16-й паветрана-дэсантнай брыгады Брытаніі правялі імітацыю рэйду разам са сваімі таварышамі з 11-й парашутна-дэсантнай брыгады Францыі.
На дадзены момант склад падраздзяленняў, якія могуць быць задзейнічаныя ва Украіне, пакуль не агучаны. Але выданне адзначае, што вайскоўцы 16-й паветрана-дэсантнай брыгады ўваходзяць у лік брытанскіх сіл высокай гатоўнасці і здольныя ў самыя кароткія тэрміны разгарнуцца ў складзе сіл NATO.
* * *
Крызіс на рынку агратэхнікі ў Расіі перайшоў у сістэмную фазу, спад аграсектара павышае рызыку дэфіцыту харчавання на ўнутраным рынку РФ і росту цэн, паведамляецца ў ацэнцы Службы знешняй выведкі Украіны.
Як гаворыцца ў справаздачы, прадстаўнікі галіны прызнаюць, што праблемы маюць доўгатэрміновы характар і звязаны з тэхналагічным адставаннем, якое ўжо стварае рызыкі зніжэння ўраджайнасці.
Продажы сельскагаспадарчай тэхнікі скараціліся на 25%. Зношанасць машынна-трактарнага парку перавышае 50%, каэфіцыент аднаўлення складае толькі 3,5% пры нарматыве 10%. Аграсектару не хапае каля 62 тыс. трактараў і 34 тыс. камбайнаў, што сведчыць пра структурны дэфіцыт тэхнічнай базы.
Новую тэхніку закупіць не могуць, паколькі пагаршаецца фінансавая сітуацыя. Высокая ўліковая стаўка штогод памяншае даходы галіны на 5-8 млрд долараў. Рэнтабельнасць раслінаводства ў 2025 годзе знізілася да 15-16% супраць 40% у 2020-м, а вытворчасць збожжа стала стратнай. Экспартныя пошліны дадаткова скарачаюць прыбытак на 2-3 млрд долараў штогод.
Дзяржаўная падтрымка аграсектара застаецца нізкай. Паводле даных Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, доля субсідый у даходах фермераў у Расіі складае толькі 1-2%, тады як у Еўрасаюзе яна дасягае 13-15%. Гэта абмяжоўвае магчымасці аграрыяў інвеставаць у абнаўленне тэхнікі.
«Бягучая мадэль рэгулявання фактычна вымае рэсурсы з галіны праз пошліны і падаткі і не стымулюе мадэрнізацыю. У спалучэнні з экспартнымі абмежаваннямі гэта падрывае прыбытковасць вытворчасці і канкурэнтаздольнасць аграрыяў», — адзначылі ў СЗР.
У разведцы лічаць, што ў сярэднетэрміновай перспектыве гэта павышае рызыку дэфіцыту харчавання на ўнутраным рынку РФ і росту цэн.