Дональд Трамп хоча дамагчыся заканчэння вайны ва Украіне цягам месяца
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 25 лютага заявіў, што хоча дамагчыся заканчэння вайны на працягу месяца. Зяленскі адказаў, што праблема ў Пуціне, і толькі Трамп можа прымусіць яго спыніць вайну. Тым часам Украіна запусціла вытворчасць дронаў у Вялікабрытаніі. Ідуць 1464-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

На працягу мінулых сутак ва Украіне зафіксавана 235 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 26 лютага.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 57 наступальных дзеянняў расіян у раёнах Радзінскага, Котліна, Маладзецкага, Удачнага, Новамікалаеўкі, Мураўкі, Філіі і іншых.
На Гуляйпольскім кірунку расійцы 36 разоў спрабавалі ісці наперад у раёнах Гуляйполя, Белагор'я і ў бок Дабраполля, Залізнічнага, Горкага і Варвароўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку армія РФ здзейсніла 18 атак у бок Канстанцінаўкі, Іванаполля, Іллінаўкі, Бярэстак, Русінага Яру, Сцяпанаўкі, Навапаўлаўкі і Сафіеўкі.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Паўднёва-Слабажанскім кірунках абаронцы Украіны адбілі па 12 атак расіян на кожным.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 11 разоў у бок Наваягоркаўкі, Дробышава, Лімана і ў раёне Мірнага.
* * *
Украінскія абаронцы кантралююць 97% тэрыторыі Купянска. Расійскія салдаты фактычна ізаляваныя ў некалькіх будынках на поўнач ад цэнтра горада, у раёне гарадской бальніцы, паведаміў прадстаўнік групоўкі Аб’яднаных сіл Украіны Віктар Трэгубаў.
Паводле яго слоў, у горадзе застаецца група прыкладна з 30–40 расіян, якія спрабуюць выжыць, атрымліваючы прыпасы толькі праз «паветраны мост». Іх спробы прасунуцца з поўначы і ўсходу былі адбітыя — на ўсходнім кірунку яны не змаглі дайсці нават да Купянска-Вузлавога.
Трэгубаў адзначыў, што адным з ключавых фактараў дэмаралізацыі расіян стала страта доступу да тэрміналаў Starlink. Ён падкрэсліў, што расійцы выкарыстоўвалі іх для абсталявання дронаў і забеспячэння стабільнай сувязі непасрэдна ў акопах. Цяпер гэтая магчымасць знікла, што выклікала ў падраздзяленнях РФ сапраўдную істэрыку.
Армія РФ спрабуе кампенсаваць адсутнасць спадарожнікавай сувязі будаўніцтвам Wi-Fi мастоў, аднак для гэтага патрэбныя магутныя перадатчыкі, якія неабходна ўсталёўваць на высокіх кропках. Гэта робіць абсталяванне і персанал лёгкай мішэнню для ўкраінскай артылерыі і дронаў, пакідаючы заблакаваныя групы без надзейнай каардынацыі.
Раней Трэгубаў патлумачыў, што УСУ не фарсіруюць знішчэнне заблакаваных расіян праз нежаданне лішніх страт.
* * *
Уночы 26 лютага ў Кіеве і шэрагу абласцей Украіны абвясцілі паветраную трывогу праз пагрозу расійскіх ударных беспілотнікаў і балістыкі. У Кіеве, Харкаве і Запарожжы прагрымелі выбухі. Неўзабаве трывога распаўсюдзілася на ўсю краіну.
У двух раёнах Кіева праз начную камбінаваную атаку расійцаў узніклі пажары, пашкоджаныя прыватныя жылыя дамы і 9-павярховік у Дарніцкім раёне. Пра пацярпелых не паведамляецца.
У Харкаве ў выніку камбінаванай атакі РФ паведамляецца пра прамое траплянне па жылым шматпавярховіку, перабіты газаправод, узнік пажар, ёсць пацярпелыя. Кіраўнік Харкаўскай АВА Алег Сінягубаў паведаміў, што вядома пра 14 пацярпелых, сярод якіх 7-гадовы хлопчык.
Уночы на 26 лютага ў Крывым Рогу «Шахед» трапіў у пяціпавярховы дом, пакуль вядома пра двух пацярпелых.
Расійскія войскі ў ноч на 26 лютага атакавалі Запарожжа, у выніку пашкоджаны прыватны дом, шматпавярховік і два гандлёвыя цэнтры.
У Палтаве ноччу 26 лютага прагрымелі серыя выбухаў на фоне папярэджанняў пра атаку дронамі. Пра наступствы не паведамляецца.
Польшча чарговы раз «мабілізавала неабходныя сілы» на фоне маштабнага ўдару Расіі па ўкраінскіх рэгіёнах. Як заявілі польскія вайскоўцы, польскія самалёты і самалёты саюзнікаў пачалі дзейнічаць у паветранай прасторы краіны, наземныя сістэмы СПА і радыёлакацыйнай разведкі былі пераведзены ў рэжым павышанай гатоўнасці.
Апошні раз Польшча падымала сваю авіяцыю праз расійскія ўдары ўночы на 22 лютага.
* * *
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 25 лютага заявіў, што хоча дамагчыся заканчэння вайны на працягу месяца, паведамляе Axios са спасылкай на ўласныя крыніцы.
30-хвілінная размова стала першымі зносінамі Трампа і Зяленскага пасля іх сустрэчы ў Давосе ў канцы студзеня. Тры крыніцы кажуць, што перамовы былі сяброўскімі і пазітыўнымі.
Паводле слоў украінскага чыноўніка і яшчэ адной крыніцы, Зяленскі падзякаваў Трампу за ўсю аказаную дапамогу і сказаў, што толькі Трамп можа прымусіць кіраўніка Крамля Уладзіміра Пуціна спыніць вайну.
«Затым Зяленскі сказаў, што спадзяецца на заканчэнне вайны сёлета, на што Трамп адказаў, што вайна доўжыцца занадта доўга, і сказаў, што хацеў бы, каб яна скончылася за месяц», — распавяла крыніца.
Адным з пытанняў, якія абмяркоўвалі Зяленскі і Трамп, быў магчымы трохбаковы саміт лідараў.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп даручыў амерыканскім перамоўшчыкам паспрабаваць «пакласці канец забойствам» на вайне ва Украіне, заявіў віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс, паведамляецца на афіцыйным акаўнце Белага дома ў X.
«Я думаю, што мы вялі вельмі, вельмі асцярожныя перамовы як з расіянамі, так і з украінцамі. Відавочна, што расіяне маюць пэўныя чырвоныя лініі, украінцы маюць пэўныя чырвоныя лініі, і прэзідэнт толькі што даручыў усёй камандзе, пачынаючы з дзяржсакратара ЗША Марка Рубіё, паспрабаваць пакласці канец забойствам», — сказаў ён.
Паводле яго слоў, гэта складаная задача. «Але я думаю, што мы робім прагрэс. Я думаю, што мы робім прагрэс як з расіянамі, так і з украінцамі, і мы проста будзем працягваць працаваць над гэтым. У рэшце рэшт, мы альбо даможамся поспеху, альбо не», — заявіў Вэнс.
Віцэ-прэзідэнт ЗША дадаў, што Трамп настроены «даволі аптымістычна» адносна паспяховага завяршэння вайны ва Украіне.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Fox News заявіў, што Украіна перамагла ў вайне, пачатай Расіяй.
«Расія не змагла і не зможа нас акупаваць. Яны не перамаглі. І для нас гэта перамога. Мы абаранілі нашу незалежнасць і свабоду. Мы змаглі. Яны не змянілі наш геапалітычны курс. Яны не змянілі краіну. Яны не замянілі наш сцяг сваім сцягам. Гэта вельмі важныя рэчы. Таму я гэтым ганаруся», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён выказаў упэўненасць, што Масква цяпер сапраўды прызнае, што пачатая вайна была вялікай памылкай.
Зяленскі заявіў, што кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін наўмысна выкарыстоўвае перамоўны працэс для прасоўвання сваіх наступальных мэтаў. Паводле яго слоў, Пуцін гуляе з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам, каб адкласці любыя перамовы.
«Пуцін разумее толькі сілу. Ён сапраўды разумее, што такое ціск. І таму, я думаю, ён выбраў ветлівую манеру размовы з амерыканцамі. І я думаю, што яны гуляюць у гэтую гульню. Яны спрабуюць гуляць з прэзідэнтам ЗША... Яму (Пуціну — рэд.) трэба адкласці любыя перамовы», — дадаў Зяленскі.
* * *
У Вялікабрытаніі пачаў працаваць першы ўкраінскі абаронны завод кампаніі Ukrspecsystems, які вырабляе дроны, паведаміў пасол Украіны ў Вялікабрытаніі Валерый Залужны.
«Украіна ваюе ва ўмовах пастаянных ракетных удараў, разбурэння інфраструктуры і пагрозы для вытворчасцяў. А нашы інжынеры ствараюць рашэнні, якія нараджаюцца непасрэдна з вопыту фронту. Яны ўдасканальваюць сістэмы не па выніках тэарэтычных даследаванняў, а па выніках рэальных баявых ужыванняў», — адзначыў Залужны.
Паводле слоў украінскага пасла, запуск вытворчасці ў Вялікабрытаніі мае глыбокую стратэгічную логіку. «Гэта не перанос цэнтра цяжару з Украіны. Гэта пашырэнне нашых агульных магчымасцяў і стварэнне другога контуру ўстойлівасці, які гарантуе бесперапыннасць вытворчасці. Мы ствараем новую якасць партнёрства, калі саюзнікі не толькі падтрымліваюць адзін аднаго, але і фарміруюць агульную прамысловую базу бяспекі», — адзначыў пасол.