МЗС Украіны рыхтуе кандыдатуры для прызначэння спецпрадстаўніка па Беларусі
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі гатовы прызначыць спецпрадстаўніка па Беларусі. У той жа час ён катэгарычна адхіліў магчымасць перамоў з Пуціным на тэрыторыях РФ і РБ. А ў Расіі чарговы раз пагражаюць выйсці з працэсу мірных перамоў. Ідуць 1466-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Калаж з 24tv.ua
За мінулыя суткі на фронце ва Украіне зафіксавана 148 баявых сутыкненняў, паведаміў Генштаб УСУ ў аператыўнай зводцы раніцай 28 лютага.
На Гуляйпольскім кірунку адбылося 37 атак расіян у раёнах Дабраполля, Прылук, Залізнічнага, Зялёнага, Варвароўкі, Гуляйпільскага, Стараўкраінкі і Аленаканстанцінаўкі.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 24 штурмы ў раёнах Дарожнага, Беліцкага, Радзінскага, Шаўчэнка, Пакроўску, Удачнага, Маладзецкага, Мірнаграду і Мураўкі.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 15 атак каля Канстанцінаўкі, Іванаполля, Русінага Яру, Пляшчэеўкі, Папоўскага Яра і Сафіеўкі.
* * *
У ноч на 28 лютага Расія атакававала Украіну балістычнай ракетай «Іскандэр-М» і 105 ударнымі дронамі. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 96 варожых БпЛА.
Уначы Расія атакававала чыгуначную станцыю на Днепрапятроўшчыне і пацэліла ў электравоз. У выніку ўдару траўмаваны машыніст.
У ноч на 28 лютага ў Краснадарскім краі РФ ў станіцы Навамінская ўзнік пажар на міні-НПЗ «Албашнафта» пасля падзення абломкаў беспілотніка.
* * *
* * *
Расія, верагодна, выйдзе з мірных перамоў, калі Украіна не пагодзіцца вывесці свае войскі з усяго Данбаса, піша Bloomberg са спасылкай на крыніцы з расійскага боку.
Расійскія чыноўнікі ўсё часцей лічаць, што няма сэнсу працягваць мірныя перамовы з Украінай пад эгідай ЗША, калі Кіеў не гатовы саступіць тэрыторыю для дасягнення пагаднення.
Як распавялі дзве набліжаныя да Крамля асобы, запланаваныя на наступны тыдзень перамовы будуць вырашальнымі для разумення, ці змогуць бакі дамовіцца аб умовах спынення вайны.
Паводле іх слоў, Расія, верагодна, адмовіцца ад далейшых перамоў, калі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі не пойдзе на саступкі.
Адна з гэтых асоб адзначыла, што Расія гатовая падпісаць праект мемарандума аб мірным пагадненні, калі Украіна пагодзіцца вывесці свае войскі з Данецкай вобласці. Пасля гэтага можа хутка адбыцца трохбаковая сустрэча паміж лідарамі ЗША, Украіны і РФ Дональдам Трампам, Уладзімірам Зяленскім і Уладзімірам Пуціным для пацвярджэння пагаднення, якое будзе прадугледжваць узаемны адыход расійскіх і ўкраінскіх войскаў.
Расія гатовая вывесці войскі з акупаваных частак Сумскай, Харкаўскай і Днепрапятроўскай абласцей Украіны ў межах пагаднення і «не будзе настойваць на патрабаваннях па дадатковых тэрыторыях» у Херсонскай і Запарожскай абласцях.
Расія пагодзіцца на маніторынг спынення агню пад кіраўніцтвам ЗША, а таксама адмовіцца ад патрабавання абмежаваць колькасць украінскай арміі, але не пагодзіцца на якія-небудзь замежныя войскі ва Украіне.
* * *
Калі Расія не пагодзіцца на перамовы ў фармаце трохбаковай сустрэчы ў бліжэйшы час, вайна ва Украіне можа стаць доўгай. Шмат у чым развіццё падзей будзе залежаць ад пазіцыі ЗША і ўцягнутасці Еўропы, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю Sky News.
Паводле яго слоў, падчас размовы з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам ён агучыў ідэю трохбаковай сустрэчы на ўзроўні лідараў. Зяленскі падкрэсліў, што станоўчае рашэнне з боку РФ дасць шанец паспрабаваць скончыць вайну на працягу найбліжэйшых паўгода.
«Калі расійскі дыктатар Пуцін будзе гатовы да трохбаковай сустрэчы, у нас з’явіцца шанец у гэтыя паўгода, у гэтыя некалькі месяцаў сустрэцца і паспрабаваць скончыць вайну», — адзначыў ён.
Кіраўнік Украіны папярэдзіў, што адмова Пуціна ад перамоў прывядзе да «доўгай вайны». Сітуацыя можа ўскладніцца бліжэй да выбараў у ЗША, калі амерыканская каманда засяродзіцца на ўнутраных пытаннях.
У выпадку памяншэння ўцягнутасці ЗША ролю лідара ў перагаворным працэсе можа паспрабаваць узяць на сябе Еўропа, хоць пакуль яна ўцягнутая не цалкам. Калі ж і гэтыя намаганні не дадуць выніку, вайна будзе доўжыцца далей.
Зяленскі падкрэсліў, што гатовы да дыялогу з Пуціным на нейтральнай тэрыторыі, аднак выключыў Расію і Беларусь. «Я гатовы сустракацца і гатовы гаварыць, але на нейтральнай тэрыторыі. Ці нават не на нейтральнай, але не на расійскай і не на беларускай, таму што яны саюзнікі», — заявіў Зяленскі.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напісаў у Telegram, што неўзабаве з’явіцца спецыяльны прадстаўнік па Беларусі.
«МЗС рыхтуе кандыдатуры для прызначэння спецпрадстаўніка па Беларусі і беларускай супольнасці ў Еўропе. Патрэбна больш актыўная палітыка. І менавіта актыўнасць нашай дзяржавы, актыўнасць нашых людзей — гэта тое, што дае Украіне лепшы вынік», — адзначыў ён.
Зяленскі дадаў, што камунікаваў з дыпламатычнай камандай краіны і людзьмі, якія маюць добры вопыт і «праявілі сябе ў абароне ўкраінскіх інтарэсаў».
«Рыхтуем узмацненне некаторых кірункаў дыпламатычнай работы ў Еўропе, і не толькі. Украінскія інтарэсы павінны быць прадстаўлены на афіцыйным узроўні, і ў стасунках з супольнасцямі з тых краін, якія зараз яшчэ не маюць свабоды або знаходзяцца пад расійскім уплывам», — падкрэсліў ён.