Офіс прэзідэнта Украіны: Расія выкарыстоўвае тэрыторыю Беларусі як калідор для праходжання «Шахедаў»

США хочуць, каб вайна Расіі і Украіны скончылася да 4 ліпеня, аднак многія сумняюцца ў чарговым «дэдлайне Трампа», бо Пуцін не збіраецца спыняць баявыя дзеянні. Свет працягвае падтрымліваць Украіну, а Лукашэнка робіць новыя крокі ў саўдзеле ў агрэсіі. Ідуць 1463-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

Фота: Офіс прэзідэнта Украіны

На Пакроўскім кірунку нашы абаронцы Украіны спынілі 27 штурмаў расіян у раёнах Радзінскага, Пакроўску, Котліна, Маладзецкага, Філіі, Грышына, Новааляксандраўкі і Удачнага.

На Гуляйпольскім кірунку адбылося 19 атак у раёнах Залізнічнага, Загірнага, Святапетроўкі, Крынічнага і Гуляйполя.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 16 атак паблізу Канстанцінаўкі, Сафіеўкі, Пляшчэеўкі, Бярэстак, Іллінаўкі і Сцяпанаўкі.

На Купянскім і Славянскім кірунках кірунку армія РФ атакавала па дзевяць разоў на кожным.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку было зафіксавана восем боесутыкненняў.

* * *

Паводле даных Мікалаеўскай абласной ваеннай адміністрацыі ў ноч на 25 лютага рэгіён падвергся некалькім атакам. Расіяне прымянілі беспілотнікі тыпу "Shahed 131/136", а таксама FPV-дроны. Усе аб'екты крытычнай інфраструктуры застаюцца пад кантролем, а пацярпелых сярод насельніцтва няма.

* * *

Расія выкарыстоўвае Беларусь як зручную тэрыторыю — для ціску, а таксама для размяшчэння ракет. Але нядаўна ў Мінска з'явілася яшчэ адна роля, заявіў намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Павел Паліса.

Адказваючы на пытанне пра тое, як для Расіі стратэгічна важней выкарыстоўваць Беларусь, Паліса адзначыў некалькі ключавых аспектаў. «Расіі зручней выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як тэрыторыю — для ціску, для размяшчэння ракет. Але ўжо ідзе актыўнае выкарыстанне калідораў для праходжання "Шахедаў" з выкарыстаннем вежаў сувязі для кіравання палётамі дронаў», — заявіў Паліса.

Паводле яго слоў, наўпроставае ўцягванне беларускай арміі ў вайну супраць Украіны — гэта вялікія рызыкі для самаабвешчанага прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і сумніўная баявая каштоўнасць. Але як інструмент ціску і шантажу — такая пагроза выкарыстоўваецца.

* * *

640062644_1270832608563148_5115161688792054503_n.jfif

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас штогадовага звароту да Кангрэса 24 лютага заявіў, што Злучаныя Штаты «старанна працуюць над спыненнем забойстваў і разні паміж Расіяй і Украінай».

«Мы вельмі старанна працуем над тым, каб спыніць дзявятую вайну, забойствы і разню паміж Расіяй і Украінай, дзе штомесяц гіне 25 000 салдат, вайну, якой ніколі б не здарылася, калі б я быў прэзідэнтам», — сказаў амерыканскі лідар.

* * *

У Белым доме настойваюць на заключэнні пагаднення аб завяршэнні вайны ва Украіне да 250-й гадавіны незалежнасці ЗША, якую будуць святкаваць 4 ліпеня, піша Bloomberg.

Паводле даных крыніц агенцтва сярод саюзнікаў Вашынгтона, Штаты настойваюць на дасягненні пагаднення да таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правядзе святкаванне 250-й гадавіны незалежнасці ЗША 4 ліпеня.

Пры гэтым, паводле слоў высокапастаўленых еўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў NATO, няма ніякіх прыкмет таго, што расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін гатовы пайсці на здзелку, якая не задавальняе яго асноўныя патрабаванні.

Адзначаецца, што перамовы ўжо перасягнулі некалькі дэдлайнаў ад адміністрацыі ЗША, і нават некаторыя амерыканскія чыноўнікі прыватна прызнаюць, што не бачаць ніякіх прыкмет таго, што Пуцін гатовы саступіць свае максімалісцкія пазіцыі.

* * *

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падтрымлівае ідэю як мага больш хуткага завяршэнні вайны, але гэта не азначае гатоўнасці Украіны саступаць тэрыторыі.

Зяленскі пракаментаваў інфармацыю пра тое, што ЗША нібыта імкнуцца завяршыць вайну да 4 ліпеня — дня святкавання 250-й гадавіны незалежнасці ЗША. «Што тычыцца 4 ліпеня, што Злучаныя Штаты ці прэзідэнт Трамп хочуць скончыць вайну — я магу толькі падтрымаць такую пазіцыю, калі пра гэта сапраўды заявіў прэзідэнт ЗША. Для мяне гэта новая інфармацыя», — сказаў Зяленскі.

«Бакі Украіны і Злучаных Штатаў падымалі пытанне пра жаданне і бачанне з боку ЗША як мага хутчэй завяршыць гэтую вайну», — адзначыў ён.

* * *

Спецпасланнік прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф верыць у патэнцыйную сустрэчу прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з кіраўніком Крамля Уладзімірам Пуціным, на якой яны павінны вырашыць пытанне тэрыторый і гарантый бяспекі. Пра гэта ён заявіў у фармаце анлайн на сустрэчы YES, арганізаванай Фондам Віктара Пінчука.

«Мы вельмі верым у гэтую сустрэчу, лічым, што часткова мы спрабавалі вырашыць усе іншыя пытанні, а потым пакінуць лідарам пытанне па тэрыторыях. Так, у нас шмат працы па тэрыторыях, нам трэба разгледзець усе розныя канцэпцыі, ёсць шмат розных варыянтаў для разважанняў», — сказаў Уіткаф.

«Гэта пацвярджэнне пытанняў, якія мы абмяркоўвалі: росквіт, эканамічны рост і магчымасці, крэдыт для ўкраінскай сістэмы. Таму сустрэча ахапіла б гэта, гарантыі бяспекі. Але, самае галоўнае, яна ахапіла б пытанне тэрыторый. І таму мы вельмі верым у гэта», — дадаў ён.

* * *

Канада вылучае Украіне новы пакет ваеннай дапамогі, у які ўвойдуць 449 бронетранспарцёраў, абвясціў міністр абароны Дэвід Макгінці, паведамляе сайт канадскага ўрада.

«Наданне дадатковай ваеннай дапамогі і працяг аперацыі UNIFIER пацвярджае непахісную адданасць Канады барацьбе Украіны за свабоду. Мы забяспечваем Украіну сродкамі для абароны суверэнітэту і насельніцтва, а таксама дасягнення справядлівага і доўгага міру», — сказаў Макгінці.

Акрамя таго, Канада на працягу года выдаткуе каля 1,5 млрд долараў ЗША на іншую ваенную дапамогу, «каб УСУ мелі рыштунак і магчымасці, неабходныя для абароны».

Кіраўніца МЗС Канады Аніта Ананд абвясціла пра вылучэнне дадатковых 20 млн долараў у Фонд падтрымкі энергетыкі Украіны.

* * *

Эстонія вылучае 11 мільёнаў еўра на ўмацаванне супрацьпаветранай абароны Украіны і забеспячэнне боепрыпасамі ў межах ініцыятывы NATO PURL, паведаміў прэм'ер-міністр Эстоніі Крыстэн Міхал.

Кіраўнік эстонскага ўрада адзначыў, што спробы Расіі зламаць рашучасць Украіны пацярпелі няўдачу.

«Мы працягнем умацоўваць яе ўстойлівасць на полі бою і яе пазіцыі за сталом перамоў», — дадаў Міхал.

* * *

Прэзідэнтка Еўрапарламента Раберта Мецола падпісала еўрапейскі крэдыт для Украіны на 90 млрд еўра на 2026-2027 гады. Пра гэта яна паведаміла ў сацсетцы X.

«Толькі што падпісала крэдыт у падтрымку Украіны ў памеры 90 млрд еўра ад імя Еўрапарламента», — напісала яна.

Паводле слоў Мецолы, гэты фінансавы рэсурс будзе выкарыстаны «для працягу надання асноўных дзяржаўных паслуг; падтрымкі моцнай абароны Украіны; для абароны нашай агульнай бяспекі і свабоды; для дасягнення сапраўднага і доўгага міру і для замацавання будучыні Украіны ў Еўропе».

20 лютага Венгрыя заблакіравала 90 млрд еўра для Украіны ад ЕС, адмовіўшыся галасаваць за адзін з трох зацверджаных Еўрапарламентам дакументаў, неабходных для вылучэння сродкаў – змены да доўгатэрміновага бюджэту ЕС на 2021-2027 гады. Але ў Бруселі заявілі, што падрыхтуюць 90 млрд еўра Украіне, нягледзячы на вето Венгрыі.

* * *

Генеральная Асамблея ААН 24 лютага большасцю галасоў падтрымала рэзалюцыю «Падтрымка доўгага міру ва Украіне», якой заклікала да неадкладнага, поўнага і безумоўнага спынення агню, пацвердзіла суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і выказала занепакоенасць праз атакі РФ на цывільных і крытычную інфраструктуру, паведамляе Укрынфарм.

Рэзалюцыю падтрымалі 107 краін, супраць прагаласавалі 12, устрымаліся — 51. Супраць выступілі Расія, Беларусь, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Куба, Паўночная Карэя, Эрытрэя, Іран, Малі, Нікарагуа, Нігер, Судан. ЗША ўстрымаліся.