Без запасу трываласці: што адбываецца з транспартам Беларусі

У Дзяржынску людзі не змаглі даехаць на працу, бо захварэў адзіны кіроўца маршруту. У Менску пасажыраў ударыла токам у тралейбусах. За адзін дзень у сталіцы зафіксавалі 58 спыненняў руху праз пашкоджанні кантактнай сеткі. Гэтыя выпадкі выглядаюць як асобныя інцыдэнты. Аднак даследаванне альянса «Зялёная Беларусь», падрыхтаванае экспертам па транспарце Канстанцінам Макруціным, паказвае: праблемы носяць сістэмны характар, а транспартная сістэма працуе без запасу трываласці.

_minsk___tuman___horad__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__14_.jpg

Адзін кіроўца — і маршрут знікае

У даследаванні кадравы дэфіцыт называецца адной з галоўных унутраных рызыкаў для галіны. У Мінску кіроўцы могуць атрымліваць каля 4000 рублёў, у рэгіёнах — каля 1000. Аднак недахоп супрацоўнікаў захоўваецца.

У Дзяржынску маршрут спыніўся праз хваробу кіроўцы. Быў і выпадак, калі рух перапынялі на час яго адпачынку. Гэта сведчыць пра адсутнасць рэзерву.

Паводле даследавання, транспарт забяспечвае каля 7% працоўных месцаў у краіне, але колькасць занятых у галіне паступова скарачаецца.

Тралейбус, які б’е токам

У лютым у Мінску зафіксавалі два выпадкі паражэння токам у тралейбусах. Да гэтага падобныя інцыдэнты адзначаліся ў 2007–2008 гадах.

Эксперт адзначае, што з улікам сістэм бяспекі такіх сітуацый быць не павінна. Тралейбус, у якім адбыўся адзін з інцыдэнтаў, быў выпушчаны ў 2009 годзе і працягвае эксплуатавацца пасля нарматыўнага 15-гадовага тэрміну.

13 лютага ў сталіцы адбылося 58 спыненняў руху з-за пашкоджанняў кантактнай сеткі. Частка з іх суправаджалася іскрамі і ўспышкамі.

Прычынай называюцца знос інфраструктуры і ўздзеянне солі падчас адлігі.

Грошы: акупаемасць упала з 81% да 29%

У 2017 годзе ўзровень акупаемасці грамадскага транспарту складаў 81%. У 2025 годзе — 29%.

Больш за 70% выдаткаў цяпер не пакрываюцца тарыфамі і кампенсуюцца з бюджэту або за кошт непрофільнай дзейнасці. Кошты на праезд растуць павольней за інфляцыю, што павялічвае залежнасць ад субсідый.

У 2024 годзе пасажыраў стала прыкладна на 14% менш, чым у 2019-м. Пры гэтым агульная працягласць паездак склала 96% ад дапандэмійнага ўзроўню.

Праграма з умовамі і сакрэтнымі лічбамі

Праблемы плануюць вырашаць у межах праграмы «Транспарт Беларусі» на 2026–2030 гады. Фінансаванне прадугледжана «пры спрыяльных абставінах», а шэраг паказчыкаў пазначаны як «для службовага карыстання».

На думку эксперта, адкрытая частка дакумента выглядае пераважна як дэкларацыя намераў.

Санкцыі: не абвал, а перабудова

Санкцыі ўскладнілі лагістыку, павялічылі тэрміны дастаўкі і выдаткі. Падсанкцыйныя грузы працягваюць рухацца, але па больш складаных маршрутах.

Мацней змяніліся ўмовы прыватных паездак: зніклі пешыя і велапераходы на мяжы з ЕС, скараціліся маршруты, выраслі кошты і час у дарозе. Адначасова ўзрасла транспартная даступнасць расійскага кірунку.

Унутры краіны адзначаецца ўзмацненне кантролю за перавозчыкамі і рост коштаў у нерэгулярных і міжгародніх злучэннях.

Электробусы сёння — праблемы заўтра?

З 2020 года дэкларуецца курс на развіццё пасажырскага электратранспарту. Да 2025 года планавалася закупка амаль 2500 адзінак.

Аднак ацаніць вынікі складана з-за недаступнасці статыстыкі пасля 2021 года. Ранейшая дынаміка не сведчыла пра выразны рост перавозак.

У даследаванні адзначаецца: без доўгатэрміновага фінансавага планавання праз 10–15 гадоў можа ўзнікнуць новая хваля зносу, звязаная з заменай батарэй і адначасовым абнаўленнем парку.

Праблема не ў асобных паломках

Даследаванне называе асноўнымі праблемамі адсутнасць комплекснага кіравання, недафінансаванне, кадравы дэфіцыт, зарэгуляванасць і састарэлыя стандарты.

Без структурных зменаў гэтыя фактары будуць назапашвацца і павялічваць уразлівасць сістэмы.

Даведацца падрабязней можна ў аглядзе даследавання на сайце альянса «Зялёная Беларусь» альбо ў поўнай яго версіі.