Нобель не для Трампа. Дасье ў карыкатурах

Галоўным персанажам карыкатурыстаў зараз з'яўляецца Дональд Трамп, які не атрымаў Нобелеўскую прэмію міру.

Няма сумневу, што ў Дональда Трампа нейкі бзік адносна таго, каб атрымаць Нобеля за мір. Магчыма, гэта звязана з тым, што Барак Абама, ягоны асабісты вораг, у свой час стаў нобелеўскім лаўрэатам у згаданай вышэй намінацыі. Прычым, прэмію ён атрымаў авансам, літаральна на старце сваёй прэзідэнцкай кадэнцыі. Гэты факт тады здзівіў шмат каго, уключаючы мастакоў.

photo_2025_10_12_15_16_06.jpg

Па ходзе таго, як набліжалася 10 кастрычніка, дзень аб'яўлення лаўрэата прэміі міру-2025, страсці напальваліся. Газета The Times даволі дакладна адлюстравала настрой Трампа: «Скажы Нобелеўскаму камітэту, каб рыхтавалі прэмію… Ці рыхтаваліся да вайны!» гаворыць прэзідэнт на гэтым малюнку, прыбіраючыся ў касцюм голуба.

photo_2025_10_12_15_16_08.jpg

Аднак Нобеля за мір уручылі венесуэльскаму апазіцыйнаму палітыку Марыі Карына Мачада. Яе ўзнагародзілі за прасоўванне дэмакратычных правоў народа Венесуэлы. Рашэнне многія не зразумелі. Але ў любым выпадку наўрад такі вынік спадабаўся Трампу, што праілюстраваў, напрыклад, гэты мастак.

photo_2025_10_12_15_16_10.jpg

Ліберальная прэса тут жа кінулася здзекавацца з лідара MAGA. Так брытанская The Independent адлюстравала Трампа з медалём ад нобелеўскага камітэта. Праўда, медалька аказалася шакаладнай…

photo_2025_10_12_15_16_12.jpg

Паўстала пытанне, як Трамп будзе кампенсаваць пракол з Нобелем? Па меркаванні гэтага карыкатурыста, ён проста ўручыць прэмію сам сабе.

photo_2025_10_12_15_16_13.jpg

Але ёсць і больш трывожныя прагнозы. Не выключана, што Дональд паспрабуе каналізаваць эмацыйны негатыў наконт Нобеля супраць нейкага рэжыму. На гэтым малюнку кіраўнік Кітая разглядае рашэнне Нобелеўскага камітэта наконт прэміі міру-2025 як фактычна пачатак вайны з ЗША. Сапраўды, пасля правалу з Нобелем Трамп узняў тарыфы для Кітая на сто працэнтаў. Будзем назіраць, што будзе далей.

photo_2025_10_12_15_16_16.jpg