Зяленскі: Расія распрацавала новы план ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі для пагрозы NATO
Украінская выведка атрымала інфармацыю пра новы расійскі план ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён паабяцаў папярэдзіць пра яго «партнёраў, якім гэта можа пагражаць». Але акрамя Расіі і Украіны Беларусь мяжуе толькі з краінамі NATO. Ідуць 1331-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Генштаб УСУ
За ўчора ва Украіне зафіксавана 184 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 16 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 56 атак расіян ў раёнах Уладзіміраўкі, Ніканораўкі, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Удачнага, Катляроўкі, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку Сілы абароны Украіны адбілі 30 атак паблізу Зялёнага Гаю, Іванаўкі, Аляксандраграду, Студзеньскага, Сасноўкі, Аляксееўкі, Новамікалаеўкі, Малінаўкі і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 25 атак у раёнах Белай Гары, Пляшчыеўкі, Шчарбінаўкі, Клебан-Быка, Александра-Калінава і Русінага Яру.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 17 баявых сутыкненняў паблізу Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Ціхага, Каменкі, Куцькоўкі.
На Славянскім кірунку ўкраінскія воіны адбілі 10 атак у раёнах Серабранкі, Ямпалю, Дронаўкі, Выімкі і Фёдараўкі.
* * *
Узброеныя сілы Украіны адціснулі расійскія войскі ў Данецкай вобласці, дабіўшыся поспехаў у раёне двух населеных пунктаў. Значныя зрухі адбыліся на тэрыторыі Пакроўскага раёна. Пра абнаўленне карты баявых дзеянняў паведамілі аналітыкі праекта DeepState.
Па іх даных, УСУ працягваюць актыўна процідзейнічаць арміі РФ каля Новага Шахава, якое было вызвалена ад расійскіх сіл у пачатку кастрычніка. Таксама ўкраінскія вайскоўцы выцеснілі праціўніка каля Кучарава Яру.
* * *
Расія ўначы атакавала БПЛА Чарнігаўскую вобласць: у горадзе Нежын трапілі ў адзін з лагістычных аб'ектаў і шматпавярховы жылы дом, адзін чалавек атрымаў раненні. У Чарнігаве пад ударам аказалася адно з прадпрыемстваў.
Раніцай 16 кастрычніка па ўсёй тэрыторыі Украіны аб'явілі паветраную трывогу з-за ўзлёту ў Расіі самалёта МіГ-31К, які з'яўляецца носьбітам гіпергукавай ракеты «Кінжал». Пасля гэтага выбухі былі ў Харкаве, Крапіўніцкім, Ізюме і Палтаве. Таксама, украінскія вайскоўцы паведамілі пра хуткасныя цэлі ў кірунку Паўлаграда і Дняпра.
* * *
Падрадчыкі з дзяржаў NATO распрацавалі для Украіны новую тэхніку па процідзеянні кіраваным авіябомбам (КАБам) і дронам на оптавалакне. Сумесная структура Альянсу і Украіны JATEC ужо пераходзіць да яе фінальных тэстаў, заявіў у штаб-кватэры NATO палкоўнік Валерый Вішнеўскі, старшы прадстаўнік Украіны ў JATEC.
«У NATO ёсць такі інструмент, як "інавацыйны конкурс". Мы напісалі сцэнары, як прымяняюцца планіруючыя бомбы, апісалі вынік, які мы б хацелі атрымаць, і запрасілі кампаніі да ўдзелу ў конкурсе. Мы атрымалі больш за 40 заявак ад вытворцаў, адабралі трох фіналістаў», – расказаў ён.
Варыянты, якія выйшлі ў фінал, пабудаваны на аснове дрона-перахопніка і «роя дронаў». Таксама прадугледжваецца выкарыстанне штучнага інтэлекту для данацэльвання дронаў.
«І хоць мы працавалі з выкарыстаннем супраць планіруючых авіябомбаў — аказалася, што гэтыя рашэнні надзвычай эфектыўныя супраць "Шахедаў" і ўжо гатовыя для прымянення супраць іх. А вось супраць КАБаў яны патрабуюць дапрацоўкі», — падзяліўся Вішнеўскі.
Рашэнне па дронах на оптавалакне да гэтага часу не дайшло да такога ўзроўню гатоўнасці, але праца над ім працягваецца. На наступным тыдні запланаваны выпрабаванні на палігоне ў Францыі, хоць палявыя выпрабаванні ўжо адбыліся ва Украіне і былі паспяховымі.
* * *

* * *
Міністр абароны Фінляндыі Анці Хяканен лічыць, што Расія рыхтуецца да другой фазы ваеннай агрэсіі, паведамляе CNN.
«Расія сапраўды нарошчвае ваенныя намаганні для другой фазы сваёй патэнцыйнай агрэсіі. Пасля заканчэння вайны ва Украіне для NATO існуюць рэальныя пагрозы», — заявіў ён на палях пасяджэння Паўночнаатлантычнага савета NATO ў Бруселі 15 кастрычніка.
Хяканен указаў на мадэрнізацыю войскаў Расіі і нарошчванне войскаў «паблізу нашых межаў» як на прыкметы гэтага.
* * *
Украінская выведка атрымала інфармацыю пра новы расійскі план ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля дакладу кіраўніка Службы знешняй разведкі Украіны Алега Івашчанкі.
«Алег Івашчанка далажыў адносна расійскага плана далейшай ваеннай эксплуатацыі тэрыторыі Беларусі. На гэтым этапе не будзем рабіць інфармацыю публічнай. Папярэдзім партнёраў, якім гэта можа пагражаць», — заявіў Зяленскі.
Акрамя Расіі і Украіны Беларусь мяжуе толькі з краінамі NATO, і «партнёры», якіх хоча папярэдзіць Зяленскі — відавочна краіны Альянсу. Таму можна казаць пра тое, што Расія з тэрыторыі Беларусі нацэльваецца на NATO.
* * *
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заклікаў лідара Крамля Уладзіміра Пуціна спыніць забіваць расіян. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі з дырэктарам ФБР Кешам Патэлем.
Трамп сказаў, што неўзабаве будзе размаўляць з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім пра вайну. «Яны хочуць пайсці ў наступ. Я прыму рашэнне па гэтым пытанні, але яны б хацелі наступаць, ведаеце?», — заявіў Трамп.
Прэзідэнт ЗША заявіў, што Расія за час поўнамаштабнага ўварвання страціла 1,5 мільёна чалавек, «пераважна салдат». «Усё, чаго мы хочам ад прэзідэнта Пуціна, каб ён спыніў забіваць украінцаў і рускіх, таму што ён забівае шмат рускіх!», — сказаў прэзідэнт ЗША.
* * *
Кіраўнік Пентагона Піт Хегсет на міністэрскай сустрэчы NATO ў Бруселі заявіў, што ЗША пачнуць прымаць меры ў дачыненні да Расіі, калі тая ў бліжэйшы час не спыніць вайну супраць Украіны, паведамляе The Hill.
Хегсет папярэдзіў, што ў выпадку адсутнасці прагрэсу ў набліжэнні міру ва Украіне ЗША пачнуць ціснуць на Расію. «Калі не будзе шляху да міру ў кароткатэрміновай перспектыве, тады ЗША, разам з нашымі саюзнікамі, распачнуць неабходныя крокі, каб Расія адчула наступствы за сваю агрэсію, якая працягваецца. Калі нам трэба будзе зрабіць гэты крок, то Міністэрства вайны ЗША гатова адыграць сваю ролю так, як гэта могуць зрабіць толькі ЗША», – сказаў ён.
Па словах Хегсета, існуе разуменне таго, што «найбольш эфектыўнымі стрымліваючымі фактарамі расійскай агрэсіі з'яўляюцца, па-першае, смяротнае, боегатоўнае NATO пад кіраўніцтвам Еўропы, і, па-другое, боегатоўная ўкраінская армія, здольная абараніць сябе і такім чынам працягваць стрымліваць расійскую агрэсію ўздоўж мяжы NATO».
«Зноў жа, мір праз сілу», – рэзюмаваў кіраўнік Пентагона.
* * *
Міжнародны аглядальнік і эксперт па блізкаўсходніх справах Кон Кофлін у сваёй артыкуле для The Telegraph сцвярджае, што дабіцца міру паміж Украінай і РФ Дональду Трампу будзе прасцей, чым паміж Ізраілем і Палесцінай. На думку Кофліна, Трамп залішне ўпэўнены ў трываласці дасягнутага пагаднення паміж Ізраілем і ХАМАС, якое ўжо паказвае прыкметы разбурэння.
У адрозненне ад гэтага, Украіна валодае шанцам выкарыстаць цяперашнюю ўпэўненасць ЗША, каб аказаць ціск на Расію і падштурхнуць Маскву да перамоваў.
Аглядальнік вылучае некалькі фактараў, якія павышаюць верагоднасць спынення агню: пастаўкі Украіне амерыканскіх ракет «Тамагаўк», здольных паражаць цэлі глыбока ўнутры тэрыторыі РФ, а таксама ўзмацненне тарыфнага ціску на краіны, што закупляюць расійскую нафту, уключаючы Індыю і Кітай.
Кофлін адзначае, што Пуцін валодае ўсёй паўнатой улады, неабходнай для выканання пагадненняў, тады як у Палесціне адсутнічае адзінае кіраўніцтва, здольнае ўтрымаць дасягнуты мір. Таму нават часовае перамір'е паміж Украінай і Расіяй можа аказацца больш значным дасягненнем, чым «вечны мір», якому Трамп спрыяў у Сектары Газа.
* * *
Трамп даручыў міністру фінансаў абмеркаваць з еўрапейскімі саюзнікамі план стварэння фонду перамогі Украіны, які фінансуецца за кошт павышаных тарыфаў на імпарт з Кітая, паведамляе The Telegraph.
Згодна з агучанай стратэгіяй, ЗША плануюць увесці пошліну ў памеры 500% на імпарт з Кітая, а атрыманыя сродкі накіраваць на ўзбраенне ўкраінскай арміі.
Гэты крок закліканы абмежаваць падтрымку Кітая расійскай ваеннай машыне і вымусіць прэзідэнта Пуціна сесці за стол перамоваў з Трампам і Зяленскім, піша выданне.