Расія і Беларусь збіраюцца выкарыстоўваць ваеннапалонных для ціску на Кіеў — Зяленскі

Расія на тэрыторыі Беларусі рыхтуе новыя правакацыі адносна Украіны. Гэтым разам плануецца кампраметаваць украінскую ўладу праз ваеннапалонных. Аднак гэтыя планы ва Украіне вядомыя. А тым часам у ЗША народ гатовы да больш рэзкай рэакцыі Трампа ў дачыненні да РФ. Ідуць 1324-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: абмен палоннымі паміж Украінай і РФ 2 кастрычніка. Крыніца: t.me/V_Zelenskiy_official

Фота: абмен палоннымі паміж Украінай і РФ 2 кастрычніка. Крыніца: t.me/V_Zelenskiy_official

Усяго на працягу мінулага дня ва Украіне зафіксавана 217 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 9 кастрычніка.

Таксама Генштаб УСУ інфармуе, што ў сувязі з пераходам Узброеных Сіл Украіны на корпусную структуру і з улікам змен аператыўнай абстаноўкі змяняюцца найменні некаторых кірункаў ва ўсходняй аперацыйнай зоне.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 58 атак расіян ў раёнах Зацішша, Ніканораўкі, Чырвонага Ліману, Лісоўка, Радзінскага, Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Дачнага, Мураўкі і іншых.

На Аляксандраўскім кірунку УСУ адбілі 40 штурмаў у раёнах Андрыеўкі-Кляўцова, Паддубнага, Сасноўкі, Філіі, Студзеньскага, Камышавахі, Ворана, Навамікалаеўкі і іншых.

На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбыліся 34 баявыя сутыкненні ў раёнах Ваўчанска, Заходняга, Даўгенькага і іншых.

На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейснілі 17 атак паблізу Русінага Яру, Александрына-Шультынага, Шчарбінаўкі, Плешчыеўкі, Палтаўкі і ў кірунку Канстанцінаўкі.

На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 15 разоў каля Новаміхайлаўкі, Шандрыгалава, Карпаўкі, Торскага і ў кірунку Ольгаўкі і Новага Міру.

На Славянскім кірунку арсмія РФ 10 разоў атакавала пазіцыі УСУ ў раёнах Ямпаля, Выімкі, Фёдараўкі, Дронаўкі і Грыгорыўкі.

На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) і Арэхаўскім кірунках за мінулы дзень зафіксавана па 9 баявых сутыкненняў на кожным.

* * *

У верасні расійскія войскі панеслі істотныя страты асабовага складу на Новапаўлаўскім кірунку ў Днепрапятроўскай вобласці, паведамляе Telegram-канал 110-й Асобнай механізаванай брыгады (АМБр) Украіны.

Кіраўніцтва брыгады дала справаздачу па сітуацыі на яе ўчастку на Новапаўлаўскім кірунку. Па пацверджаных разведданых, у верасні агульныя незваротныя страты падраздзяленняў 5-й арміі РФ склалі 1848 вайскоўцаў. Найбольшыя страты панесла 127-я мотастралковая дывізія, якая дзейнічае непасрэдна супраць 110 АМБр і іншых падраздзяленняў.

У 110-й АМБр адзначылі, што 127-я мотастралковая дывізія з'яўляецца галоўнай ударнай сілай расіян на Новапаўлаўскім кірунку, і менавіта яе падраздзяленні нясуць асноўныя страты — больш за 65% ад агульных страт 5-й расійскай арміі.

* * *

У ноч на 9 кастрычніка Расія атакавала Украіну 112-цю ўдарнымі БпЛА тыпу Shahed, Гербера і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 87 варожых БпЛА.

У выніку інтэнсіўных варожых абстрэлаў Сумскай вобласці дзясяткамі ўдарных БПЛА і кіраванымі авіябомбамі загінулі тры чалавекі, яшчэ двое атрымалі раненні. Зафіксаваны разбурэнні і пашкоджанні грамадзянскай інфраструктуры.

У выніку расійскага ўдару беспілотнікамі па Адэскай вобласці ўначы 9 кастрычніка пяць чалавек пацярпелі, паўсталі маштабныя пажары і ёсць пашкоджанні грамадзянскай, портавай і энергетычнай інфраструктуры. Горад Чарнаморск у выніку расійскай атакі быў цалкам абясточаны.

У ноч на 9 кастрычніка 2025 года беспілотнікі атакавалі «ЛУКОЙЛ-Каробкаўскі газаперапрацоўчы завод» у горадзе Котава Валгаградскай вобласці РФ. У выніку атакі на тэрыторыі прадпрыемства ўзніклі пажары.

«Каробкаўскі газаперапрацоўчы завод» з'яўляецца найбуйнейшым прадпрыемствам па перапрацоўцы прыроднага газу ў Паўднёвай федэральнай акрузе Расіі. Яго вытворчая магутнасць складае 450 мільёнаў кубаметраў газавай сыравіны ў год. Значная частка прадукцыі, у прыватнасці звадкаваныя газы і стабільны бензін, прызначана для экспарту.

* * *

559713037_1160240382955705_6599373614858606762_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп упэўнены, што яму ўсё ж удасца ўрэгуляваць вайну, якую Расія развязала супраць Украіны. Пра гэта ён заявіў падчас размовы з журналістамі.

Гаспадар Белага дома ў чарговы раз нагадаў, што «ўрэгуляваў сем войнаў», а затым дадаў, што «мы блізкія да ўрэгулявання восьмай». «І я думаю, што ўрэшце мы ўрэгулюем жахлівую (вайну) Расіі. Дарэчы, на тым тыдні ў Расіі, паміж Расіяй і Украінай, загінула 7000 чалавек. Я думаю, мы ўрэгулюем гэта», — дадаў амерыканскі лідар.

Сваю прамову Трамп падсумаваў заявай пра тое, што наўрад ці «хто-небудзь у гісторыі ўрэгуляваў столькі канфліктаў», як ён.

* * *

Амаль 70% амерыканцаў падтрымліваюць ваенную дапамогу ЗША Украіне і ўзмацненне санкцыйнага ціску на Расію, сведчаць вынікі апытання Harvard CAPS/Harris poll, збор дадзеных для якога праводзілі ў першыя дні кастрычніка сярод больш за 2400 зарэгістраваных выбаршчыкаў.

На пытанне пра тое, ці павінна адміністрацыя Трампа далей даваць Украіне зброю і накласці дадатковыя санкцыі на Расію, калі Крэмль будзе ўхіляцца ад перамоў, сцвярджальна адказалі 68%, тады як 32% падтрымалі меркаванне, што гэтага не варта рабіць, каб не сварыцца з РФ.

79% падтрымалі меркаванне, што Еўропа павінна спыніць купляць расійскія энергарэсурсы і замест гэтага купляць іх у ЗША.

У асобным пытанні пра дадатковыя эканамічныя санкцыі ЗША супраць Расіі іх падтрымалі 77%. 57% рэспандэнтаў адабраюць ідэю падвышаных тарыфаў або іншага пакарання для трэціх краін, якія працягваюць купляць расійскія нафту і газ.

* * *

Расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін і да гэтага часу прытрымліваецца так званай тэорыі перамогі, згодна з якой Расія здольная «перажыць» Украіну і Захад у вайне на знясіленне. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы аналітыкаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

У публікацыі адзначаецца, што гаспадар Крамля верыць у перамогу РФ над Украінай і чакае поўнай капітуляцыі апошняй. Стратэгія Пуціна адносна перамогі над Украінай, а таксама ў процістаянні калектыўнаму Захаду — вайна на знясіленне, якая прадугледжвае свае правілы. У ёй больш важна, хто даўжэй пратрымаецца. Згодна з гэтым прынцыпам, перамагае не той, хто хутчэй наступае, а той, у каго даўжэй хапае рэсурсаў, эканомікі і маральных сіл.

Аналітыкі ISW у гэтай сувязі звярнулі ўвагу, што расійскі дыктатар прызнаў маштабную кампанію Украіны па паражэнні НПЗ на фоне дэфіцыту бензіну і росту цэн на акупаваных тэрыторыях.

* * *

Урад Венгрыі пагадзіўся на забарону паставак расійскага звадкаванага прыроднага газу (СПГ) у Еўрасаюз. Гэта абмежаванне павінна стаць складальнікам новага пакета санкцый супраць РФ, піша EUObserver.

Па даных крыніц выдання, Венгрыя пагадзілася змяніць сваю папярэднюю пазіцыю адносна забароны паставак СПГ з Расіі ў Еўропу. Адзначаецца, што галоўнай праблемай па ўзгадненні 19-га пакета санкцый Еўрасаюза супраць Расіі цяпер застаюцца пазіцыі Славакіі і Аўстрыі.

* * *

Расіяне рыхтуюць серыю правакацый з украінскімі палоннымі ў Беларусі, прымушаючы іх запісваць відэазвароты да бацькоў са скаргамі на нібыта «бяздзейнасць» украінскага боку ў іх вызваленні, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сустрэчы з журналістамі. 

«Складаныя перамовы па спісах праводзіць Рустэм Умераў з Уладзімірам Медынскім. Нам зразумела з даных Службы знешняй разведкі Украіны, што хочуць рабіць рускія. Яны хочуць напаўняць спісы ўкраінцаў для абмену толькі са свайго боку, нягледзячы на наш запыт», — заявіў Зяленскі.

Расіяне хочуць прывозіць некаторых палонных у Беларусь, прымушаць іх запісваць відэазвароты да бацькоў, нібыта ўкраінская ўлада не забірае сваіх грамадзян. «Рыхтуюцца такія расійскія правакацыі. Гэта проста спроба ціску на нас. Але мы робім усё, каб былі рэалізаваныя ўсе папярэднія дамоўленасці пра абмены, а гаворка ішла пра розныя этапы абменаў. Працуем, каб вярнуць усіх нашых людзей дадому», — дадаў прэзідэнт Украіны.