Радавацца рана. Чаму рост ЗВР не сведчыць пра паляпшэнне стану беларускай эканомікі
Лукашэнка з'ездзіў на саміт ШАС — справа карысная, але бессэнсоўная. А пакуль ён спрабаваў знайсці нейкія новыя выхады са старых сітуацый, прапаганда Беларусі працягвала ізаляцыянісцкую палітыку, сцвярджаючы, што ў нас і без знешняга свету ўсё ў парадку. Праўда, насамрэч, без знешняга свету не абышлося.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі паставілі новы рэкорд, і перавысілі 12,4 млрд долараў ЗША 1 верасня 2025 года — радасна адрапартаваў Нацбанк, і гэты рапарт падхапілі ўсе прапагандысты. Ці гэта не доказ правільнасці абранага курсу на «беларускі эканамічны цуд»? Можам, і санкцыі нам не перашкода, праўда?
Але як звычайна, д'ябал хаваецца ў дэталях. І вядома ж, вялікі плюс — гэта рост цаны на золата, які працягваецца бесперапынна. І, верагодна, золата будзе расці ў цане, пакуль у Амерыцы будзе прымаць рашэнні Дональд Трамп. Бо менавіта яго кіданні з боку ў бок у пытаннях санкцый і пошлін робяць больш каштоўнымі стабільныя і не залежныя ад яго рашэнняў актывы. Такім і з'яўляецца золата.
Але гэта не азначае, што ў сховішчы беларускага Нацбанка золата стала больш. Кошт на яго вырас — гэта так. А калі гэты кошт упадзе — і ЗВР Беларусі пасыплюцца. Гэта першае.
А другое: варта ўлічваць, што золата — гэта не грошы. Каб купіць што-небудзь непатрэбнае, золата давядзецца спачатку прадаць. А ва ўмовах санкцый прадаць наша золата альбо немагчыма, альбо прыйдзецца рабіць гэта кантрабандна, а значыць — з вялікім дысконтам. Рэальны кошт беларускага золата будзе значна ніжэйшы за сусветны.
Калі з золатам усё зразумела, то з валютамі — цікавая штука. Як паведамляюць афіцыйныя СМІ, «аб'ём замежнай валюты ў рэзервах на 1 верасня склаў $5,0688 млрд, павялічыўшыся за жнівень на $251,8 млн».
І калі вы думаеце, што ў Нацбанка рэзка з'явіліся долары — вы вельмі памыляецеся. На 70% «валютны кошык» Нацбанка цяпер складаюць расійскі рубель і кітайскі юань. Прычым, RUB складае 60% гэтага кошыка. "10% — гэта юань, і 30% — долар.
Расійскі рубель за апошні час умацаваўся да долара на 1%, юань на 1,1%. Зноў жа «дзякуй» Трампу, праз якога долар таннее ва ўсім свеце. Такім чынам, і расійскіх рублёў у Нацбанку таксама не стала больш — папросту іх курс адносна долара вырас.
А вось юаняў стала больш рэальна. Беларусь прыцягнула льготны ўрадавы крэдыт ад Эксімбанка КНР у памеры 400 млн долараў. Грошы павінны былі прыйсці (першы транш) у жніўні. Як правіла такія крэдыты — «круглыя сумы». Напрыклад, 250 мільёнаў. Яны залічваюцца ў ЗВР, паколькі крэдыт ўрадавы.
Але крэдыт на тое і крэдыт, што ў будучыні яго прыйдзецца аддаваць.
Выснова: рэкорд беларускіх ЗВР — гэта проста лічбы, якія лёгка змяняюцца. Фізічна ЗВР больш не стала. Знізіцца цана на золата, упадзе расійскі рубель, выплацім крэдыт з працэнтамі — і ніякага «рэкорду ЗВР» мы не будзем назіраць і блізка.
І верагодна, гэта адбудзецца хутчэй, чым мы плануем.
Глядзіце таксама

Міністр эканамічнага развіцця Расіі Максім Рашэтнікаў на Усходнім эканамічным форуме заявіў, што расійская эканоміка астуджаецца больш хутка, чым чакалася. Міністэрства пералічвае розныя сцэнары макрапрагноза, шэраг паказчыкаў у базавым варыянце будзе скарэктаваныя. У красавіцкім дакуменце МЭР закладвала рост расійскай эканомікі ў 2,5%.
Старшыня праўлення «Ашчадбанка» Герман Грэф у часе таго ж форуму заявіў, што паказчыкі другога квартала ўжо можна разглядаць як стагнацыю: «Ліпень і жнівень паказваюць дастаткова відавочныя сімптомы таго, што мы набліжаемся да нулявых адзнак ВУП», — сказаў ён.
Паводле ацэнак Грэфа, на канец года стаўка нацбанка Расіі будзе прыкладна на ўзроўні 14%, а сам Грэф лічыць, што стаўка, пры якой можна спадзявацца на ажыўленне эканомікі — 12% і ніжэй. Гэта значыць, што ўрад Расіі павінен будзе аслабіць расійскі рубель, а значыць — і зніжаць яго курс у дачыненні да долара. І зніжаць досыць сур'ёзна, паколькі цяпер стаўка — 18%.
А ў беларускага Нацбанка ў валютным кошыку расійскі рубель, нагадаем — гэта 60%.
Так што няма ніякіх асаблівых дасягненняў, а будзе яшчэ горш. І дзесьці ў кагосьці гэта ўжо пачынаецца. Улады Беларусі праз фінансавыя праблемы вырашылі ліквідаваць буйное прадпрыемства «Белфа» ў Жлобіне.
«Белфа» — гэта легендарны вытворца, які зрабіў магчымым называць Жлобін беларускай «сталіцай цацак». А таксама гэта прадпрыемства — самы буйны ў Еўропе вытворца штучнага і ваўнянага футра на трыкатажнай аснове.
Гэта банкруцтва і ліквідацыя дзіўныя не толькі тым, што прадпрыемства ліквідуюць з-за «фінансавых праблем». У нас сотні прадпрыемстваў працуюць са стратамі гадамі, не кажучы ўжо пра сельскую гаспадарку, якая з гэтымі стратамі працуе дзесяцігоддзі. Дзіўна тое, што прадпрыемства ліквідуецца ў разгар попыту на яго прадукцыю. Дакладней, вядома, «магчымага попыту».
Гэта раней у нас быў «дерьмантин», а сёння гэта модная «экаскура». Пасля таго, як экаактывісты сталі «фарбаваць» натуральныя футры, у Еўропе лепш мець вопратку, пры вырабе якой ні адна жывёла не пацярпела. На думку экспертаў, сусветны рынак штучнага футра расце па 20-30% на год, таму што цяпер ёсць мода на экалагічнасць і замену натуральнага футра.
І вось на гэтым бурліварослым рынку самае буйное ў Еўропе прадпрыемства па вырабе вельмі запатрабаванай прадукцыі — ліквідуецца.
Прычым, як пішуць калегі, людзі, якія самі шылі цацкі і вопратку з «экафутра» — цалкам сабе прыстойна зараблялі і на кватэры, і на машыны. А вось дзяржаўнае прадпрыемства, якое займаецца тым жа самым — «у пралёце».
У чым жа справа? Можа быць, трэба нешта мяняць у «беларускім эканамічным цудзе»?