«Пакуль не ўзялі Сумы, ніхто ў адпачынак не пойдзе»: блогеры пішуць пра злоўжыванні ў арміі РФ
Адпачынак можна атрымаць за хабар, ежа і лекі — таксама за свае грошы. Тым часам да паўночных карэйцаў стаўленне лепшае, чым да рускіх — блогеры пішуць пра злоўжыванні ў расійскім войску на сумскім кірунку. А Украіна паспяхова абараняецца і адваёўвае пазіцыі. Ідуць 1326-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Ілюстрацыйнае фота
Цягам мінулага дня ва Украіне зафіксавана 234 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў зводцы 11 кастрычніка.
На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 72 атакі арміі РФ ў раёнах Шахава, Уладзіміраўкі, Зацішша, Ніканораўкі, Радзінскага, Міралюбаўкі, Новаэканамічнага, Мірнаграду, Лісоўкі, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удачнага, Чырвонага Ліману, Філіі і іншых.
На Аляксандраўскім кірунку УСУ адбілі 28 штурмаў у раёнах Андрыеўкі-Кляўцова, Аляксандраграду, Студзеньскага, Вярбовага, Новагрыгораўкі, Малінаўкі, Палтаўкі і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку адбылося 26 баявых сутыкненняў у раёнах Ваўчанска, Ваўчанскіх Хутароў, Заходняга, Каменкі, Даўгенькага і іншых.
На Ліманскім кірунку расійцы атакавалі 24 разы каля Капанкі, Дробышава, Шандрыгалава, Карпаўкі, Рэдкадубу, Сярэдняга, Торскага і іншых.
На Канстанцінаўскім кірунку расійцы здзейсніў 22 атакі ў раёнах Плешчыеўкі, Прадцечына, Тарэцку, Клебан-Быка, Русіна Яра, Палтаўкі і іншых.
На Паўночна-Слабажанскім (Курскім) кірунку зафіксавана 13 баявых сутыкненняў.
На Купянскім кірунку адбіта 12 атак расіян у раёнах Стэпавай Навасёлаўкі, Пясчанага, Петрапаўлаўкі, Багуслаўкі.
* * *
Украінскія войскі працягваюць стрымоўваць расійскі наступ на ўсіх участках фронту, пры гэтым часам адваёўваючы раней захопленыя РФ тэрыторыі, паведамляе амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Геалакацыйныя кадры ад 10 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі нядаўна прасунуліся ў паўднёвым кірунку Загрызава (на паўночны ўсход ад Баравой) Луганскай вобласці.
У той жа час украінскія сілы захоўваюць пазіцыі або прасунуліся ў паўночна-ўсходнім Ямпалі (на паўднёвы ўсход ад Лімана) — раёне, у якім, па раней заяўленых расійскіх крыніцах, захоўвалася прысутнасць расійскіх войскаў. Гэтыя ж кадры паказваюць прасоўванне і расійскіх войскаў у паўночна-ўсходнім і цэнтральным Ямпалі. Такая сітуацыя характэрная для пазіцыйных баёў.
Геалакацыйныя кадры, апублікаваныя 10 кастрычніка, паказваюць, што ўкраінскія войскі адваявалі пазіцыі на захад ад Выімкі (на паўднёвы ўсход ад Сіверска).
Складаная сітуацыя ў тактычным раёне Канстанцінаўка-Дружкоўка. Геалакацыйныя кадры ад 9 і 10 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся на ўсход і ў межах паўднёвай часткі Уладзіміраўкі (на паўднёвы захад ад Дружкаўкі), і на ўсход ад Іванаполля (на паўднёвы ўсход ад Канстанцінаўкі). У той жа час тыя ж геалакацыйныя кадры паказваюць, як расійскія войскі наносяць удары па ўкраінскіх пазіцыях на ўсход ад Клебан-Быка (на поўдзень ад Канстанцінаўкі). Гэта сведчыць, што ўкраінскія сілы захоўваюць пазіцыі ці нядаўна прасунуліся ў раёнах, якія раней, па заяве расійскіх крыніц, знаходзіліся пад кантролем РФ.
Геалакацыйныя кадры ад 9 кастрычніка сведчаць, што войскі РФ нядаўна прасунуліся на паўднёвы ўсход ад Залатога Калодзежа (на паўночны ўсход ад Дабраполля).
Тыя ж кадры паказваюць, што ўкраінскія войскі нядаўна прасунуліся на паўднёвы захад ад Катляроўкі (на ўсход ад Навапаўлаўкі), а расійскія войскі нязначна прасунуліся на поўнач ад Аляксандраграда (на паўночны ўсход ад Вялікаміхайлаўкі) і ў цэнтральнай частцы Аляксееўкі (на паўднёвы захад ад Вялікаміхайлаўкі).
Геалакацыйныя кадры ад 10 кастрычніка паказваюць, што расійскія войскі прасунуліся да паўночных ускраін і ў межах паўднёва-ўсходняй часткі Палтаўкі (на паўночны ўсход ад Гуляйполя).
* * *
Расійскі ваенны блогер, які, як мяркуецца, звязаны з Паўночнай групоўкай войскаў Расіі, рэзка раскрытыкаваў сітуацыю ў арміі РФ у Сумскай вобласці, піша амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW).
Па словах блогера, паўночнакарэйскія войскі не дапамагаюць расійскай арміі ў баявых дзеяннях у Сумскай вобласці, а праводзяць аперацыі па размініраванні і барацьбе з беспілотнікамі ў Курскай вобласці. Блогер пацвердзіў, што падраздзяленні расійскай 810-й брыгады марской пяхоты (Чарнаморскі флот) выпадкова забілі паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у інцыдэнце з дружалюбным агнём у пачатку верасня, а паўночнакарэйскія войскі, якія дзяжураць на кантрольна-прапускных пунктах, часам блакуюць рух расійскай артылерыі і тэхнікі па дарогах з-за непаразумення.
Таксама блогер скардзіўся, што расійскія бальніцы, дзе лечаць параненых паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, дазваляюць салдатам карыстацца мабільнымі тэлефонамі, у адрозненне ад расійскіх вайскоўцаў, і кормяць паўночнакарэйскіх вайскоўцаў лепш, чым расійскіх.
Ён таксама заявіў, што расійскі 1-шы спецыялізаваны мотастралковы полк стварыў свой несанкцыянаваны шпіталь і адпраўляе туды толькі цяжка параненых вайскоўцаў, у той час як усе астатнія атрымліваюць дапамогу на месцы. Мілблогер сцвярджае, што расійскія ўлады часта прымушаюць параненых салдат выпісвацца да іх поўнага ачуняння, забіраюць антыбіётыкі ў параненых і часам дазваляюць шпіталізацыю вайскоўцаў толькі тады, калі раны пераходзяць у гангрэнозны тып. Салдатам часта даводзіцца купляць сабе лекі і ежу самастойна.
Новы камандзір расійскага 22-га мотастралковага палка забараніў артылерыстам палка браць адпачынак — пры тым, што многія вайскоўцы ваююць без адпачынку ўжо больш за год. Вайскоўцы атрымліваюць адпачынак на тыдзень, калі плацяць хабар у памеры 150 000 рублёў (1838 долараў ЗША).
Таксама ваенны блогер заявіў, што расійскія камандзіры сцвярджаюць, што яны будуць працягваць адмаўляць у адпачынку да таго часу, пакуль расійскія войскі не захопяць Сумы.
* * *

* * *
У ноч на 11 кастрычніка Расія атакавала Украіну 78-ма ўдарнымі БпЛА. Супрацьпаветранай абаронай збіта/падаўлена 54 БпЛА.
У ноч на 11 кастрычніка войскі РФ атакавалі ўдарнымі беспілотнікамі Адэсу і Адэскую вобласць. У Адэсе трапілі ў аб'ект энергетычнай інфраструктуры і будынак гасцінічна-рэстараннага комплексу. Тры чалавекі пацярпелі.
У Адэскай вобласці без электразабеспячэння застаюцца 44 населеныя пункты.
Войскі РФ нанеслі масіраваны ўдар дронамі па горадзе Чугуеў Харкаўскай вобласці. Пацярпеў адзін чалавек, было адключана электразабеспячэнне ў частцы Чугуева.
* * *
Украіна засяродзіла супрацьпаветраную абарону на 203 ключавых аб'ектах інфраструктуры — перш за ўсё энергетыкі, газатранспартнай сістэмы і водазабеспячэння, паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў час гутаркі з журналістамі.
Паводле яго слоў, дэталяў не раскрываюць з меркаванняў бяспекі: «Аб'ектаў значна больш, але гаворка ідзе пра ключавыя — тое, што тычыцца энергетыкі, газавай сістэмы, водазабеспячэння і г.д.»
Кіраўнік Украіны прызнаў, што абарона такой інфраструктуры — сур'ёзны выклік. У той жа час ён падкрэсліў, што Украіна дзейнічае правільна і разлічвае на падтрымку партнёраў.
* * *
Лідары Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі дасягнулі згоды па выкарыстанні замарожаных расійскіх актываў для падтрымкі ўкраінскай арміі, піша Reuters.
Паводле інфармацыі агенцтва, гэта пагадненне было дасягнута падчас тэлефоннай размовы, у ходзе якой абмяркоўвалася актыўнае прасоўванне механізму выкарыстання расійскіх актываў, заблакаваных у еўрапейскіх фінансавых структурах. Паводле апублікаванай заявы ўрада Германіі, гэтыя меры накіраваны на ўзмацненне ціску на Расію і стымуляванне яе да мірных перамоў.
Раней прэзідэнт Украіны правёў перамовы з кіраўніцай Еўрапейскага цэнтральнага банка (ЕЦБ) Крысцін Лагард. Бакі абмеркавалі, як справядліва выкарыстаць замарожаныя расійскія актывы дзеля абароны ад расійскай вайны і аднаўлення жыцця ва Украіне.
На мінулым тыдні лідары краін ЕС не змаглі дасягнуць згоды па прапанове Еўракамісіі даць Украіне «рэпарацыйны крэдыт» у памеры 140 млрд еўра, забяспечаны замарожанымі расійскімі актывамі.
* * *
Украіна бачыць ад ЗША і вітае пазітыўныя сігналы пра наданне ракет Tomahawk. Адносна нюансаў выкарыстання гэтых ракет — цяпер усё ўзгадняецца камандамі ад дзвюх краін, паведаміў спікер МЗС Украіны Георгій Ціхі на брыфінгу.
Ціхі нагадаў, што Украіна і раней, у часы 46-га прэзідэнта ЗША Джозэфа Байдэна давала запыты на ракеты Tomahawk. Але тады Белы дом раз за разам адмаўляў Кіеву. «Цяпер такога адказу "не" няма. Затое ёсць вельмі падрабязная і актыўная дыскусія наконт магчымасці надання гэтых ракет», — сказаў ён.
Ціхі дадаў, што цяпер ёсць пытанні з боку СМІ па тэхнічных падрабязнасцях выкарыстання Tomahawk. Паводле яго слоў, усе тэхнічныя нюансы цяпер вырашаюцца дзвюма камандамі — ад Украіны і ад ЗША.
«Цяпер украінская і амерыканская каманды працуюць над тым, каб узгадніць усе гэтыя дэталі, прагаворваюць усе гэтыя нюансы, у якіх формах, у якіх камплектацыях ракеты могуць быць нададзены Украіне», — запэўніў спікер МЗС.