Жанчыну трымаюць за кратамі за сацдаследаванне. Хронікі рэпрэсій 14 кастрычніка
У снежні 2023 года ў Беларусі затрымалі дырэктарку і сузаснавальніцу даследчай кампаніі Mia Research Ірыну Буйневіч. Увесь гэты час яе трымаюць пад вартай, але праваабаронцам пра гэта стала вядома толькі цяпер.

Жанчыну, верагодна, абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры).
Ірына — дырэктарка і сузаснавальніца даследчай кампаніі Mia Research Мае дзве вышэйшыя адукацыі: першая спецыяльнасць — сацыялогія, а другая — бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт, распавядае «Вясна».
Буйневіч затрымалі ў снежні 2023 года. Прыкладна ў той жа час быў затрыманы і Яўген Краснянскі, якога нядаўна асудзілі да сямі з паловай гадоў зняволення за сацыялагічнае даследаванне пра кавід у Беларусі.
Раней Следчы камітэт паведамляў пра затрыманне разам з Краснянскім яшчэ дзвюх мінчанак 37 і 43 гадоў. Верагодна, гаворка ішла ў тым ліку пра Ірыну. Паводле ведамства, жанчыны нібыта праводзілі сацыялагічнае даследаванне пра наяўнасць пераваг сярод грамадзян у развіцці краіны з дапамогай інтэграцыі з краінамі Еўрапейскага саюза. Каб прыйсці да пажаданага выніку, жанчыны нібыта апытвалі прадстаўнікоў фокус-групы, якія маюць «загадзя негатыўнае стаўленне да наяўнай у дзяржаве палітычнай сістэмы і канстытуцыйнага ладу». Паводле ведамства, супраць фігурантаў справы былі выстаўленыя абвінавачванні паводле ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве) і арт. 243-3 КК (ухіленне ад выплаты страхавых унёскаў, што прывяло да нанясення шкоды ў асабліва буйным памеры).
Па інфармацыі праваабаронцаў, у жніўні гэтага года жанчына яшчэ знаходзілася ў СІЗА-1 і па яе справе прайшло шмат судовых пасяджэнняў. Невядома, ці ўжо агучылі прысуд. Таксама «Вясне» вядома, што крымінальная справа была ўзбуджаная за сацыялагічнае даследаванне, якое праводзіла кампанія, у якой Ірына працавала да заснавання Mia Research. Вядома, што сведкай па справе праходзіла калега Ірыны. Жанчына ў зняволенні трымаецца добра, вывучае кітайскую мову.
Па стане на жнівень 2025 года, Ірына знаходзілася ў СІЗА-1 і над ёй ужо некалькі месяцаў адбываўся суд. Але невядома, ці ўжо быў вынесены прысуд.
Палітзняволеную Алену Лазарчык пасля ШІЗА змясцілі ў ПКТ
Актывістка «Еўрапейскай Беларусі» Алена Лазарчык, якая адбывае тэрмін у жаночай калоніі № 24 у Зарэччы, патрапіла ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу, куды на працяглы тэрмін змяшчаюць асуджаных, якія нібыта парушаюць парадак і не выпраўляюцца пасля пакарання ў штрафным ізалятары.
Перад гэтым Алена знаходзілася ў ШІЗА, але колькі і за якую «правіннасць», невядома.
Апошнімі звесткамі пра жанчыну з Радыё Свабода падзялілася крыніца, дасведчаная ў яе справах.
«Яна цяпер у ПКТ і колькі гэта працягнецца, невядома. Схуднела, складана са здароўем. Сустрэч з адвакатам не прадбачыцца».
Маладога ветэрынара з вёскі пад Слуцкам асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Эдуарду Мігуну 23 гады. Ён родам з Салігорска. Пасля школы хлопец паступіў у Віцебскую дзяржаўную акадэмію ветэрынарнай медыцыны.
Пасля гэтага Эдуард размеркаваўся ветэрынарам у Слуцкі раён, у калгас побач з невялікай вёскай Крывая Града, і неўзабаве ажаніўся.
Разам з жонкай яны ў мінулым годзе атрымалі падзякі і льняныя коўдры ад старшыні Слуцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі аграрыяў як маладыя спецыялісты. Як маладой сям'і ім у дадатак далі па наборы падушак.
Эдуарда асудзілі ў 2025 годзе па абвінавачанні ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Сутнасць абвінавачання невядомая. Меркавана, Эдуард атрымаў «хатнюю хімію», піша «Наша Ніва».
Асуджанай па «справе студэнтаў» Асе Булыбенка патрэбна дапамога
Былая палітзняволеная 24-гадовая Ася Булыбенка напісала ў тэлеграм-канале руху рэпрэсаваных беларусак «Ружовыя хусткі», што яна трапіла ў бяду.
«У 18 гадоў я ўдзельнічала ў пратэстах у Беларусі ў 2020 годзе. За гэта мяне затрымлівалі чатыры разы, адзін з якіх скончыўся зняволеннем на 2 гады. Пасля вызвалення я зноў правяла 30 сутак пад арыштам — у жудасных умовах.
Пасля гэтага я з'ехала ў Літву, дзе сутыкнулася з цяжкім ПТСР. Я перажыла спробу самагубства, трапіла ў бальніцу, пачала лячэнне — псіхіятра, псіхолага, медыкаменты.
Паўгода таму я пераехала ў Польшчу і вырашыла, што змагу справіцца сама. Я спыніла тэрапію і лячэнне, што, на жаль, прывяло да пагаршэння стану.
Цяпер я знаходжуся ў псіхіятрычным шпіталі ў Літве з дыягназамі дэпрэсія, анарэксія і ПТСР. З-за даўгоў па страхоўцы я не магу атрымліваць лячэнне бясплатна, а аплаціць яго самой — проста няма чым».
Глядзіце таксама

Ася просіць дапамогі, каб пакрыць даўгі па страхоўцы і аплаціць лячэнне, без якога яна не зможа выкараскацца. «Мне трэба аднавіцца і стабілізавацца. Любая падтрымка — нават самая невялікая — мае для мяне вялікае значэнне».
Дапамагчы Асе Булыбенка:
Anastasiya Bulybenka
BE95967723047258
ці
ANASTASIYA BULYBENKA LT057300010188929291
******
Ася Булыбенка – фігурантка «справы студэнтаў». Па гэтай справе праходзілі 12 чалавек — 10 студэнтаў, выпускніца Алана Гебрэмарыям і выкладчыца Вольга Філатчанкава.
Усіх вінавацілі паводле ч. 2 арт. 17 КК («Злачынства, здзейсненае групай асоб па папярэдняй змове»), а таксама паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, ці актыўны ўдзел у іх»).
У выніку ўсе атрымалі рэальныя тэрміны пазбаўлення волі. Ксенія Сырамалот, Ягор Канецкі, Ілля Трахтэнберг, Таццяна Екельчык, Кася Будзько, Яна Арабейка, Вікторыя Гранкоўская, Анастасія Булыбенка, Марыя Каленік, Алана Гебрэмарыям, Вольга Філатчанкава асуджаныя на 2 гады і 6 месяцаў пазбаўлення волі, Глеб Фіцнер — адзіны, хто прызнаў віну, — на 2 гады пазбаўлення волі.