«Экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «Фемгруппу Беларусь». Хронікі рэпрэсій 10 кастрычніка
Адпаведнае рашэнне было прынятае КДБ 7 кастрычніка. Паводле ведамства, дачыненне да «Фемгруппы Беларусь» маюць Вольга Шпарага, Юлія Міцкевіч, Алена Агарэлышава.

У Гомелі за «садзейнічанне экстрэмізму» засудзілі намесніка начальніка памежнай заставы з Хойнікаў
31-гадовы Артур Сыракваша — намеснік начальніка памежнай заставы «Хойнікі» — атрымаў тэрмін паводле частак 1 і 2 артыкула 361-4 КК («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»), піша Гомельская Вясна.
Такі ж артыкул ужываюць супраць тых, каго ўлады лічаць «інфарматарамі» праекта «Беларускі Гаюн», які адсочвае рух расійскіх войскаў.
Сыракваша служыў на мяжы, праз якую ў 2022 годзе ішла расійская тэхніка ва Украіну. Ён быў таксама сакратаром мясцовага БРСМ і ўдзельнічаў у выбарчых камісіях.
У базах «экстрэмістаў» цяпер пазначана: «адбывае пакаранне» — значыць, Артур ужо ў калоніі.
«Экстрэмісцкім» прызналі адно з інтэрв'ю Святланы Ціханоўскай
Гаворка пра ролік «Тихановская. Как разоблачили агентов Лукашенко в окружении Светланы, насилие за решеткой» на канале «Алеся Бацман». Яно выйшла выйшла ў ліпені і мае больш за 82 тысячы праглядаў. «Экстрэмісцкі» статус яму надаў суд Расонскага раёну 8 кастрычніка.
Таксама «экстрэмісцкі» спіс папоўнілі TikTok-старонка «beuvision», старонка ў Instagram «eugen_kat_usa», а таксама старонкі ў сацсетках праекту «ATESTA».
У Беларусі +18 новых палітвязняў
Гэта Вольга Чукарава, Ірына Кролікава, Павел Хітрык, Дзмітрый Доўгаль, Артур Ганіберзін, Алег Рудніцкі, Валерый Папкоў, Дзмітрый Шаблыка, Аліна Хмялеўская, Мікіта Грушэўскі, Дзіяна Міхайліна, Максім Федаровіч, Алена Тапаркова, Канстанцін Глотаў, Аляксандр Трацэнка, Ягор Цюшкевіч, Крысціна Сашынская, Сяргей Рымашэўскі.
Як адзначаюць праваабаронцы, усе яны змешчаны пад варту і асуджаны да пазбаўлення волі ў сувязі з узаемадзеяннем з «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 27 прозвішчаў — цяпер у ім 5875 чалавек
10 кастрычніка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліка грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Сярод іншых, у спіс дадалі ажно 19 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму», а таксама 5 чалавек, якіх асудзілі паводле «народнага» арт. 342 КК, але вызвалілі ад адказнасці «ў сувязі з выхадам тэрміну прыцягнення».
«Вясна» публікуе апошнюю версію спіса.