Студэнта ЕГУ, які прыехаў на вакацыі ў Беларусь, выклікалі ў КДБ. Хронікі рэпрэсій 13 кастрычніка

 Хлопцу прапаноўвалі супрацоўніцтва. Задавалі пытанні ажно да размяшчэння кабінетаў. Студэнт ад супрацоўніцтва адмовіўся і змог з’ехаць з Беларусі, піша Hrodna.life. Нагадаем, у верасні стала вядома, што генпракурор Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй».

1_1097_1.png

Працягваюцца затрыманні і суды па «справе Гаюна»

«Вясна» мае інфармацыю пра як мінімум 88 пацверджаных фігурантаў «справы Гаюна», якіх змясцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш. Затрыманні адбываюцца да гэтага часу па ўсёй Беларусі, але большая частка — у Гомельскай вобласці.

З пачатку верасня ў «Спіс экстрэмістаў» дадалі 68 чалавек, асуджаных за «садзейнічанне экстрэмізму». Гэта больш чым траціна ад усіх людзей, якіх дадалі ў спіс за гэты час. Частка з гэтых людзей — фігуранты «справы Гаюна», пра якіх невядома праваабаронцам.

Таксама ў Беларусі амаль кожны дзень адбываюцца суды па гэтай справе. Фігурантам прызначаюць як «хімію з накіраваннем», так і калонію. Справы некаторых людзей перадаюць з Мінску ў рэгіянальныя суды.

Памёр пісьменнік Алесь Палынскі — яго жонка за кратамі па палітычнай справе

«У суботу я граў канцэрт, спяваў песні на ягоныя вершы, расказваў прыкалюхі розныя пра яго. У суботу ён памёр. Ён у Полацку, яго жонка ў турме. Яго нават няма каму пахаваць», — напісаў у твітары ягоны сын Ігар Палынскі.

Алесю было 58 гадоў, піша «Наша Ніва».

Яго жонка Ціна Палынская і яе дачка Маргарыта Рабіновіч былі затрыманыя ў траўні і змешчаны пад варту па крымінальнай справе. Іх прызналі палітзняволенымі.

У Гомельскай вобласці названая афіцыйная статыстыка рэпрэсій

Звыш 200 крымінальных спраў распачата ў Гомельскай вобласці з пачатку 2025 года за «экстрэмізм», паведаміла абласное тэлебачанне 10 кастрычніка ў справаздачы аб так званай «дыялогавай пляцоўцы» сілавікоў з моладдзю.

Канкрэтыку прапагандысты не паказалі, але відавочна, што большасць гэтых спраў на самай справе палітычна матываваныя, піша «Флагшток». Асноўная маса ўзбуджаных крымінальных спраў можа быць за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці «па справе Беларускага Гаюна» за перасылку інфармацыі гэтаму рэсурсу аб перамяшчэнні расійскай тэхнікі пры нападзе на Украіну з тэрыторыі Беларусі.

Па «справе Гаюна» ў Гомельскай вобласці затрымана, як мяркуецца, больш за 250 чалавек, паведамляе выданне. У спісе на затрыманне — у разы больш

Акрамя таго, больш за 500 жыхароў Гомельскай вобласці з пачатку года прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за «распаўсюд экстрэмізму», гэта значыць за падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі».

У афіцыйнай інфармацыі не ўдакладняецца, за які дакладны перыяд прыведзена статыстыка. Але калі гэта даныя за 9 месяцаў, то можна канстатаваць, што маштаб рэпрэсій крыху знізіўся. Столькі ж адміністрацыйна асуджаных было ў Гомельскай вобласці за пяць першых месяцаў 2024 года, а крымінальных спраў было тады каля 300.

Маладога блогера і захавальніка архіва Клічаўскага краязнаўчага музея асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»

Яўгену Старавойтаву 26 гадоў. Ён родам з Клічава. Пасля школы паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова, дзе вучыўся на археолага. Яўген — патрыёт сваёй малой радзімы. Ён доўгі час працуе ў Клічаўскім краязнаўчым музеі, захоўвае хронікі музея і арганізоўвае там мерапрыемствы.

А тры гады таму Старавойтаў стварыў праект «Магілёўскія хронікі». Гэта відэаблог пра цікавосткі і займальныя факты з гісторыі Магілёўскага края. Ён мае больш за 4000 падпісчыкаў у ютубе і больш за 7000 — у інстаграме. Праект намініраваўся на конкурс «Падарожнічаем па сінявокай».

Хлопец знік з сацсетак у канцы траўня — яго змясцілі ў СІЗА. Выйшаў ён на пачатку верасня, ужо пасля прысуду па ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Яўгену прысудзілі хатнюю хімію. Ён працягвае распавядаць пра свой родны край, піша «Наша Ніва».

Дойліда з Брэстчыны, які будаваў цэрквы ў некалькіх краінах, адправілі калонію па чатырох палітычных артыкулах

Алегу Кіневу 56 гадоў. Ён жыве ў аграрадку Першамайская (Блудзень) у Бярозаўскім раёне. Ён прадпрымальнік, займаецца дахавымі працамі. Ягоная спецыялізацыя — выраб купалаў для праваслаўных цэркваў. Спачатку ён працаваў з брыгадай як наёмны працаўнік, а праз некалькі гадоў адкрыў сваю справу.

Кінеў рэканструяваў купал Патрыяршага прадстаўніцтва РПЦ, ствараў купал для царквы вайсковай часці ў Слоніме, рабіў дубовы мост, прыстань і альтанку на выспачцы побач з сядзібай графа Гутэн-Чапскага ў Станькаве і часоўню ў заапарку. Агулам жа ягоныя працы раскіданыя па розных гарадах і вёсках Беларусі, піша «Наша Ніва».

Нядаўна яго асудзілі па чатырох артыкулах — «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 арт. 368 КК), «абраза прадстаўніка ўлады» (арт. 369 КК) і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім» (ч. 3 арт. 361‑1 КК).

Прысуд невядомы.

Спецыяліста па бяспецы, які працаваў у МТБ і Белсвісбанку, асудзілі па палітычным артыкуле

Сяргею Пяткевічу 34 гады. Ён мінчук. Па прафесіі — спецыяліст па бяспецы. Сяргей працаваў у банку МТБ, а пасля перайшоў у БСБ-Банк.

У яго ёсць жонка і непаўналетні сын. Сям'я ў іх моцная, разам яны ездзяць на адпачынак і ўвогуле праводзяць шмат часу супольна. Разам з сынам Сяргей вёў тыкток-канал vlad_is_puzzle, дзе разам збіралі пазлы, рабілі арыгамі і розныя вырабы, піша «Наша Ніва».

Апошні раз Сяргей быў анлайн у красавіку 2025 года. Прыкладна ў гэты час ён быў арыштаваны. Пяткевіча асудзілі па ч. 3 арт. 361 КК — «заклікі да санкцыяў ці іншых мераў, накіраваных на прычыненне шкоды Беларусі». Прысуд невядомы.