Джон Ленан: Утопія сьвету, які жыве ў міры. У дзень памяці бітла
У халодны сьнежаньскі вечар 1980-га году Джон Ленан быў застрэлены на парозе свайго дома. Галоўны з лівэрпульскай чацьвёркі прысьвяціў (і аддаў) жыцьцё мроям пра мір ва ўсім сьвеце і магчымасьць жыць у сяброўскіх адносінах з любым суседам. Яго жорстка абарвалі на паўноце гэтага выказваньня.
Дзяцінства
Дзяцінства Джона Ленана, які нарадзіўся ў 1940 годзе ў час Другой сусьветнай вайны, было акрэсьленае няўстойлівасьцю і душэўным болем. Ягоны бацька Альфрэд, гандлёвы марак, часта быў удалечыні ад дома, а ягоная маці Джулія была не ў стане клапаціцца пра яго і перадала маленькага Джона сваёй сястры, Мімі.
Гэтае раньняе пачуцьцё пакінутасьці пазьней падштурхнула Ленана да пошуку любові і міру як у асабістым жыцьці, так і праз музыку.
Гурт «The Beatles» першапачаткова граў у цьмяных клюбах Гамбургу і Лівэрпулю, але неўзабаве ператварыўся ў культурны фэнамен. Ленан разам з Полам Макартні, Джорджам Харысанам і Рынга Старам захапілі сэрцы мільёнаў. Спачатку іхныя песьні былі простымі, прыгожымі мэлёдыямі пра каханьне і адносіны. Аднак з ростам іхняй вядомасьці рос і мастацкі кругагляд бітлоў.
Ленан, у прыватнасьці, пачаў выкарыстоўваць сваю музыку як сродак для адлюстраваньня ўсё большай занепакоенасьці сьветам. Альбом «Rubber Soul» 1965 году адзначыў значны паварот на іхным музычным шляху. Ён дэманстраваў больш складаныя тэмы і эксперыментальныя гукі.
Гімны міру
Дзьве песьні ілюстравалі цікавасьць Ленана да сусьветнага міру і актывізму: «All You Need is Love» і «Revolution». Песьня «All You Need is Love» прагучала ў 1967 годзе і была спрошчаным, але глыбокім пасланьнем. У разгар халоднай вайны і сацыяльных узрушэньняў Ленан казаў, што каханьне — гэта адказ на сусьветныя праблемы. Гэтая тэма стане цэнтральнай у яго пазьнейшых працах.
«Revolution», наадварот, была больш складанай. Выпушчаныая ў 1968 годзе, яна прадэманстравала скептыцызм Ленана адносна гвалтоўных пратэстаў. Ленан прыхільна ставіўся да імкненьня культуры да зьменаў, але сумняваўся ў эфектыўнасьці гвалтоўных сродкаў.
Дайце міру шанец
У 1969 годзе, на піку вайны ў В'етнаме і хваляваньняў па ўсім сьвеце, Джон Ленан і яго каханая Ёка Она распачалі ўнікальную форму пратэсту: яны ляжалі ў ложках. Гэты радыкальны падыход выкарыстаньня вядомасьці з палітычнай мэтай увасабляў веру Ленана ў негвалтоўны пратэст.
Першы такога кшталту пратэст адбыўся ў Амстэрдаме ў сакавіку 1969 году, падчас мядовага месяцу пары. Замест традыцыйнага сьвята яны запрасілі сусьветную прэсу ў свой нумар гатэлю. Тут яны тыдзень ляжалі ў ложку, апранутыя ў піжамы, і абмяркоўвалі мір з журналістамі. Гэта было старанна арганізаванае мерапрыемства, каб выкарыстаць глябальную цікавасьць да іхняга шлюбу для садзейнічаньня міру.
Другі пратэст у ложку адбыўся праз два месяцы ў гатэлі ў Манрэалі. Гэтая падзея стала яшчэ больш значнай, бо менавіта тут была запісаная песьня «Give Peace a Chance». Гэта быў гучны і радыкальны пэрформанс.
Песьня атрымалася простая з паўтаральным прыпевам, якую лёгка мог засьпяваць і запомніць кожны. Тэксты песьняў Ленана, хоць і выглядалі спрошчанымі, неслі глыбокі пасыл — заклік даць шанец міру ў сьвеце, раз'яднаным вайной і канфліктамі. Яе сьпявалі на акцыях пратэсту, паўтараючы заклік Ленана да міру ва ўсім сьвеце.
Супрацоўніцтва мужа і жонкі, Ленана і Она, спалучала мастацтва, музыку і актывізм. Мастачка-авангардыстка Ёка Она аказала глыбокі ўплыў на творчасьць Ленана пасьля «Бітлз». Разам яны выкарыстоўвалі сваё мастацтва, каб спрыяць міру і кідаць выклік грамадзкім нормам.
«Imagine»
«Imagine» ўзьнікла ў пэрыяд сусьветнага змаганьня за розумы і тэрыторыі. У гэтым кантэксце Джон Ленан, натхнёны канцэптуальным мастацтвам Ёка Она і сваім уласным жаданьнем гарманічнага сьвету, напісаў сваю, бадай, самую знакамітую ў сольнай кар’еры песьню «Imagine», якая прапаноўвала альтэрнатыўнае бачаньне сьвету, бязь межаў, рэлігіяў і матэрыяльных каштоўнасьцяў, дзе панавалі адзінства і мір. Утапічная і дзіцячая мара хлопчыка стала дзівосна папулярнай.
Японка Ёка Она, а таксама спробы будысцкага прасьвятленьня, зробленыя яшчэ падчас бітлоўскай кар’еры Джорджам Харысанам, не прайшлі без наступстваў для псыхікі Джона Ленана. Ягоныя ўяўленьні пра навакольнае выглядаюць для адных «прарочай дарагой», а для іншых — «псыхатропнымі галюцынацыямі».
Пачатковы радок «Уявіце, што раю няма» выглядае як атэістычная праклямацыя, але таксама як заклік засяродзіцца на сучаснасьці, на стварэньні раю на Зямлі, Ленан заклікае не шукаць суцяшэньня ў жыцьці пасьля сьмерці.
Далей лірычны герой Джона выказвае наступныя ідэі: уяві сьвет без краінаў і рэлігіі — сьвет, дзе людзі жывуць у міры, не абцяжараныя расколамі, якія часта выклікаюць гэтыя канструкцыі. Адсутнасьць маёмасьці ва ўтопіі Джона Ленана — гэта самая сапраўдная крытыка матэрыялізму.
Нельга не адзначыць, што шэдэўр Ленана і сёньня гучыць актуальна ў тых ці іншых суполках людзей.
Ленан і ягонае пасланьне
Яго першыя гады з «The Beatles» былі адзначаныя шалёнай вядомасьцю, якая прынесла свае ўласныя праблемы, у тым ліку складаныя адносіны і барацьбу з наркаманіяй. Ягоны першы шлюб з Сінціяй Паўэл скончыўся на фоне славы гурта.
Барацьба Ленана з роляй бацькі свайго першага сына, Джуліяна, рэзка кантраставала зь ягонымі публічнымі пасланьнямі любові і адзінства. Ягонае публічнае прызнаньне таго, што ён быў эмацыйна аддаленым і часам жорсткім з Джуліянам, рэзка кантраставала з утапічнымі ідэаламі, пра якія ён сьпяваў.
Разам з тым такія песьні, як «Mother» і «God» з альбома «Plastic Ono Band» раскрылі яго эмацыйную барацьбу і дэманстравалі ўразьлівы бок Джона Ленана.
У сярэдзіне 1970-х гадоў Ленан адышоў ад музычнай індустрыі. Пэрыяд, які цягнуўся каля 18 месяцаў і характарызаваўся моцным п'янствам, прывёў да пяцігадовага перапынку ў музыцы. У гэты час ён засяродзіўся на сваім сямейным жыцьці, асабліва на сваім другім сыне Шоне.
Паўторнае зьяўленне Ленана ў канцы 1970-х паказала зьмены ў ім. Ягоны альбом «Double Fantasy», выпушчаны ў 1980 годзе, быў вынікам супрацы зь Ёка Она і сьвятам ягонага каханьня да яе і любові да іхнага сына Шона. Альбом адлюстроўваў больш сталага, задаволенага Ленана, які знайшоў баланс паміж асабістым жыцьцём і выступамі за мір.
Забойства
Трагічнае забойства Джона Ленана 8 сьнежня 1980 году стала момантам, які ўскалыхнуў сьвет. Заўчасная сьмерць Ленана каля ягонай кватэры ў Нью-Ёрку выклікала шок. Чалавек, які ўяўляў мір і навучыў уяўляць мір іншых, быў забіты.
Чалавек можа ўяўляць тое, што пажадае. Іншы чалавек можа ўявіць супрацьлеглае.
Які ён, ідэальны сьвет для вас? Проста ўявіце.