«Стан яе не вельмі добры». Марыя Калеснікава дагэтуль застаецца ў санчастцы гомельскай калоніі
Пра тое, што палітычную зняволеную да гэтага часу не перавялі ў атрад, паведамілі праваабаронцы са спасылкай на іншых вязняў.
«На гэты час
Калеснікава ляжыць у лякарні, стан яе не вельмі добры, зусім худая», — распавялі праваабаронцам абазнаныя
крыніцы.
Нагадаем, 28 лістапада Марыі Калеснікавай вынеслі чарговае пакаранне — яшчэ 10 сутак ШІЗА. Пасля абеду ў гэты дзень у Марыі Калеснікавай самаадчуванне значна пагоршылася, пачаўся крызіс: да праблем з ціскам, млоснасці і перыядычных стратаў прытомнасі дадаўся жахлівы боль у страўніку, Марыя літаральна падала. Яе перавялі ў медыцынскі стацыянар, а ўвечары брыгада хуткай дапамогі экстрана даставіла Марыю ў бальніцу.
5 снежня бацьку Марыі Аляксандру Калеснікаву дазволілі сустрэцца з дачкой на 10 хвілін. Дзякуючы гэтай кароткай сустрэчы стаў вядомы дакладны дыягназ Марыі і пра тое, што яе ўжо перавялі са шпіталя ў медыцынскі стацыянар у калоніі. Яна таксама распавяла пра аперацыю і падзякавала лекарам за тое, што ўратавалі ёй жыццё.
Пазней стала вядома пра катавальныя ўмовы ў ШІЗА, што папярэднічала шпіталізацыі палітзняволенай. У штрафным ізалятары было вельмі холадна, Марыя практычна не спала. Каб сагрэцца, яна ўвесь час хадзіла, зрабіла рэкордныя 15 тысяч крокаў па маленькай камеры ў адзін з дзён.
На працягу некалькіх дзён перад шпіталізацыяй Марыя ў ШІЗА губляла прытомнасць, у яе быў падвышаны ціск і млоснасць. Яна страціла прытомнасць у душы — і падрапала пры падзенні ногі.
Лекар з калоніі апраўдваўся: у ШІЗА кожную раніцу праводзіцца агляд, дзе зняволеная можа расказаць, што яе непакоіць. І нібыта з боку Марыі не было ні скаргаў, ні зваротаў. Аднак высветліліся, што пры гэтым у ШІЗА ёй давалі таблеткі ад ціску — а іх без скаргаў на стан здароўя не далі б.