У 2022 годзе праваабаронцы прызналі палітвязнямі 889 чалавек (інфаграфіка)
Рэпрэсіўная машына таталітарнага рэжыму ў Беларусі не змяншае сваіх абаротаў. І ў 2022 годзе працягваліся затрыманні, катаванні і ўзбуджэнне крымінальных спраў па палітычных матывах супраць беларусаў. Адпаведна павялічылася і колькасць палітзняволеных. «В*сна» прыводзіць лічбы па палітвязнях за 2022 год.
На канец 2022 года ў Беларусі налічвалася 1446 палітвязняў.
Цягам мінулага году праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі
зняволенымі 889 чалавек.
Большасць палітвязняў — мужчыны, іх 1284 чалавек. 162
жанчыны-палітвязынкі знаходзілася за кратамі на канец года.
Па даных праваабаронцаў, найбольшая колькасць палітзняволеных адбывала пакаранне: у калоніях — 532 чалавекі, на «хіміі» — 258 чалавек, у выхаваўчай калоніі — 6 чалавек. Яшчэ 38 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання і перавялі з калоніі ў турму.
На канец 2022 года 460 чалавек знаходзіліся ў СІЗА. Самы доўгі тэрмін пад следствам без суда ў СІЗА-1 утрымліваецца Эдуард Бабарыка: на 31 снежня ён правёў у зняволенні 927 дзён (2 гады, 6 месяцаў і 14 дзён).
Яшчэ 2 чалавекі знаходзяцца пад «хатнім арыштам».
Некалькі палітвязняў адбывалі адміністрацыйны арышт у ІЧУ. Месцазнаходжанне па
меншай меры 145 палітвязняў дакладна не вядома праваабаронцам «В*сны».
З агульнай колькасці палітзняволеных 70 чалавек пазбаўленыя волі на 10 і больш гадоў. Так, 27 чалавек былі асуджаныя на тэрміны зняволення ў 10-12 гадоў, 17 чалавек — атрымалі 13-15 гадоў калоніі, яшчэ 15 чалавекам былі прызначаныя тэрміны ў 16-19 гадоў, 10 чалавек асудзілі на 20-23 гады зняволення. Самы суровы — максімальны тэрмін у 25 гадоў — атрымаў Мікалай Аўтуховіч.
На канец 2022 года сярод палітзняволеных налічвалася не менш за 15 сямейных пар, якія былі асуджаныя на тэрміны зняволення ці знаходзіліся пад следствам у СІЗА.
У мінулым годзе за кратамі заставаліся:
- 108 дзеячаў культуры
- 32 прадстаўнікі медыя
- 6 адвакатаў
- 6 праваабаронцаў «В*сны»
У 2022 годзе кіраўнік Гомельскай філіі «В*сны» Леанід Судаленка пачаў адбываць прызначаны тэрмін пазбаўлення волі ў тры гады ў папраўчай калоніі №3. У верасні да 15 гадоў зняволення была асуджаная каардынатарка валанцёрскай службы «В*сны» Марфа Рабкова, а валанцёр Андрэй Чапюк атрымаў 6 гадоў калоніі.
Пад вартай у СІЗА-1 заставаліся старшыня «В*сны» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і юрыст Уладзімір Лабковіч. 5 студзеня 2023 года праваабронцаў пачалі судзіць, ім пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі.
Сярод палітзняволеных не менш за 25 пенсіянераў і пенсіянерак. Самая старэйшая — 74-гадовая Наталля Таран была асуджаная да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па дыфамацыйных артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Таксама ў невыносных умовах зняволення знаходзяцца 74
чалавекі з інваліднасцю ці цяжкімі захворваннямі.
Цягам 2022 года па «справе Зельцэра» за кратамі
ўтрымлівалася не менш за 120 чалавек. Значная частка з іх была асуджаная да
пазбаўлення волі на тэрміны ад палутара гадоў да шасці з паловай гадоў.
КДБ унёс у так званы спіс «тэрарыстаў» па меншай меры 148 палітвязняў.
З моманту першых прысудаў па палітычна матываваных
крымільнальных справах на волю выйшлі, цалкам адбыўшы тэрмін, — не менш за 253
палітзняволеных.