Пяць прычын, чаму не варта напрошвацца на перамовы з Лукашэнкам аб вызваленні палітвязняў

Каторы тыдзень у беларускай інфапрасторы гучыць тужлівы наратыў: трэба дамаўляцца з рэжымам аб вызваленні палітычных вязняў. Некалькі думак наконт таго, чаму гэтая ідэя дурная, марная і неразумная.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo.jpg

Вызваліць можна толькі частку — астатнія хай гніюць?

Адэпты перамоваў з Лукашэнкам выказваюць наступныя аргументы на сваю карысць. Першае: рэвалюцыя 2020 года прайграла, варта гэта прызнаць і прыпыніць барацьбу, самы час паклапаціцца пра людзей у палоне. Другое: ціснуць на рэжым санкцыямі — контрпрадуктыўна, ад гэтага пакутуюць звычайныя беларусы ўнутры краіны, а не сілавікі, значыць, санкцыі лепей зняць у адказ на вызваленне палітвязняў. Трэцяе: паспяховыя кейсы ў выкананні Захаду ёсць — успомніце Наталлю Хершэ альбо Віталя Шклярава, то можна пашырыць гэтыя шэрагі, было б жаданне.

На ўсе гэтыя довады, не здаючыся ў дэталі, можна адказаць адным контраргументам. Як ні пашырай колькасць кандыдатаў на вызваленне, якія доўгія спісы не складай у сваім уяўленні, усіх «палітычных» Лукашэнка з турмы не выпусціць. Ён абавязкова пакіне за кратамі тых, каго лічыць сваімі ўласнымі ворагамі, альбо каго баіцца як палітычнага канкурэнта. То-бок у любым выпадку ў няволі застануцца самыя вядомыя палітвязні кшталту Віктара Бабарыкі ці Мікалая Статкевіча. Як і рэйкавыя партызаны з іншымі «тэрарыстамі» — іх выхаду на волю не зразумеюць сілавікі.

То атрымліваецца сітуацыя з надта непрыемным водарам. Вызваляем частку вязняў, здымаем санкцыі, перагортваем старонку і жывём далей. А іншая частка?.. Атрымліваецца, хай сядзіць свае 10-20 гадоў, а Мікалай Аўтуховіч дык і ўсе 25. Пра гэтую іншую частку прыхільнікі перамоваў неяк зусім не выказваюцца. А хацелася б ведаць, што яны думаюць на гэты этычны конт. І ці гатовыя шчасліва жыць пасля адмены санкцый, ведаючы, што шмат людзей амаль пажыццёва застануцца ў няволі.

Зараз самы няўдалы час для перамоваў

Больш неспрыяльнага, чым цяпер, часу для перамоваў немагчыма нават уявіць. Апаненты ўлады, прыхільнікі перамен, тыя, хто пратэставаў у 2020-м, зараз перабываюць у фрустрацыі і разгубленасці. Здаецца, што змрок згусціўся так, што яго можна памацаць альбо рэзаць нажом. Рэпрэсіі працягваюцца, ідзе вайна, нябачна, што Лукашэнку нешта муляе. У такой сітуацыі ініцыяваць перамовы — гэта супраць любой слушнай тактыкі ды стратэгіі. Гэта і не пра перамовы насамрэч — гэта пра тое, што трэба вымольваць у людажэра літасці да ахвяр. І значыць, плён з такога дыялогу апрыёры будзе мінімальны.

Ад якасці перамоўнай пазіцыі залежыць поспех у любым гандлі. Узгадайце, як у першыя дні вайны паводзілі сябе ў кантэксце перамоваў украінскія ўлады — адпраўлялі дэлегацыю наўпрост у кантраляваную Крамлём Беларусь, цудоўна разумеючы, што камандуе гэтым парадам найперш Пуцін. А цяпер? Цяпер, калі УСУ натаўклі агрэсару па вушах, атрымалі зброю на Захадзе і адкінулі расійцаў з поўначы і паўночнага ўсходу, каленкор зусім іншы. Сёння Кіеў кажа прама: вось выведзеце войскі з нашай тэрыторыі (з Крыма ўключна) тады і паразмаўляем. Найперш, пра рэпарацыі і пакарання за ваенныя злачынствы.

На самай справе, мы не ведаем, як пачувае сябе рэжым на пачатку 2023 года. Чамусьці лічыцца, што санкцыі не працуюць. Пры гэтым улады і статыстыку хаваюць, і ВУП падае, і інфляцыя, і дэфіцытны бюджэт… І ў абдымках Крамля, напэўна, не вельмі камфортна. І ваенная параза над Крамлём навісае ўсё больш выразна. Дык, можа, пачакаць хаця б пару месяцаў, пакуль абстаноўка на фронце стане яшчэ больш складанай для Пуціна і Лукашэнкі?

Слабейшай, чым сёння, перамоўная пазіцыя па палітвязнях ужо дакладна не стане. Узмацніць жа яе могуць розныя чыннікі, і вайна толькі адзін з іх. І тады ўжо афіцыйны Мінск будзе пасылаць сігналы ад гатоўнасці да дыялогу. Дый можа ўжо пасылае, хто ведае.

Лукашэнка ўсё роўна не выканае сваю частку дамовы

Тут наогул усё празрыста для любога, хто ў беларускім парадку дня шмат гадоў. Любы ведае, што дамаўляцца з Лукашэнкам — гэта як узгадняць правілы гульні з картачным шулерам. Шулер іх усё роўна не выканае і парушыць.

Вы можаце дакладна сказаць, ці прызнаў Лукашэнка Крым? То ён яго прызнае «дэ-юрэ і дэ-факта», то адкручвае сітуацыю і кажа, маўляў, калі прыеду туды, то, значыць, прызнаю. То ён гаворыць, што ваюе плячо да пляча з Расіяй, то выстаўляецца галоўным у свеце міратворцам. Пра што тут можна дамовіцца?
Спытайцеся ў Масквы, як яна дамаўлялася аб падпісанні славутых «саюзных праграм». Здаецца, дамовілася — і што там у выніку падпісана?

Лукашэнка як той гаспадар свайго слова з анекдота — хачу даю, хачу назад забіраю. То і ў пытанні палітвязняў, калі што, пра выкананне гарантый казаць не прыйдзецца. Бо калі сем тузоў у рукаве, якія могуць быць гарантыі?

Чаму не спыталі саміх вязняў, ці хочуць яны станавіцца таварам?

Больш за ўсё вызвалення палітвязняў прагнуць самі палітвязні — і гэта факт, які не аспрэчыш. Але ці любой цаной яны таго жадаюць? Вось тут адказ невідавочны.

Андрэй Шарэнда, муж палітычнай зняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк, днямі эмацыйна адрэагаваў на прапановы гандлю з Лукашэнкам. Кажучы пра сваю жонку, якая трывае катаванні ў вязніцы, ён падкрэсліў: «Яна трымаецца, яна нават там за кратамі працягвае барацьбу і цалкам не прызнае гэты дыктатарскі рэжым за легітымны. Паліна заўсёды заклікала да ўзмацнення санкцый і за тое, каб рэжым Лукашэнкі быў поўным ізгоем у свеце».

sharendopana_2_08062021.jpeg

Андрэй Шарэнда адзначыў, што той жа пазіцыі прытрымліваюцца і многія іншыя палітвязні, у тым ліку Мікалай Статкевіч.

«Для нас перамовы з тэрарыстам і гандаль палітвязнямі непрымальны! Гэта крок у мінулае, гэта граблі, на якія ўжо неаднаразова наступалі. Гэта здрада ўсім ахвярам рэжыму і ўсім тым, хто працягвае барацьбу!» — напісаў муж палітзняволенай у сацсетках.

Зразумела, што ў кожнага сваё меркаванне і свае падыходы да сітуацыя, якая склалася. Але ці не атрымаецца так, што, вызваляючы шляхам дыялогу з рэжымам адных палітвязняў, перамоўшчыкі здрадзяць іншым? Пытанне вельмі складанае — пашукайце адказ самі.

У выпадку перамоваў палітвязні пры Лукашэнку будуць заўсёды

1e66a941_6187_4655_9311_6b2f35e2b0f4_w1200_r1.webp



Праціўнікі перамоваў з Лукашэнкам кажуць: што дасць вызваленне палітвязняў, калі агульная сітуацыя ў Беларусі наўрад ці зменіцца? І гэта слушнае пытанне. Бо рэпрэсіі працягваюцца і будуць працягвацца — сілавікі адчулі смак і спыняцца не збіраюцца. Адных «палітычных» вызваляць, але ж набяруць новых. Сотні тысяч беларусаў, якія пакінулі краіну, так і застануцца ў замежжы. Іх па-ранейшаму застрашваюць, некаторых пазбавяць нерухомасці і нават грамадзянства.

То што дасць вызваленне праз дамоўленасці з рэжымам? Прынамсі тое, што вязні канчаткова пераўтворацца ў тавар, якім можна паспяхова гандляваць. Пераўтворацца ў тым ліку ў вачах Захаду, які пагодзіцца гуляць па правілах беларускай дыктатуры. Гэта значыць, што палітычныя зняволеныя ў лукашэнкаўскіх турмах будуць заўсёды. Бо добры ж тавар, каштоўны. У гаспадарцы заўсёды прыдасца. Нейкая колькасць заўсёды мусіць быць пад рукой.

Іншымі словамі, вызваленне невялікай колькасці палітычных зняволеных інстытуалізуе, фактычна легітымізуе іх як з’яву. Дык ці варта свабода для адных такіх пачварных наступстваў для іншых?