Андрэй Саннікаў: Дараваць мы ўмеем, але апраўданне злачынцаў — гэта не прабачэнне, а саўдзел

Былы кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года напісаў у Фэйсбуку цікавае разважанне пра тое, да чаго прыводзіць «гандаль палітвязнямі» і кароткая памяць нават у межах дзесяці гадоў.

Андрэй Саннікаў у час суду над ім за «Плошчу-2010»

Андрэй Саннікаў у час суду над ім за «Плошчу-2010»


З цяжкасцю паверыў сваім вачам, убачыўшы заблукалы на маю старонку допіс лукашэнкаўскай прапагандысткі Інгі Хрушчовай. Аказваецца, яна асела дзесьці ў Германіі і нават стала дзяячкай у асяроддзі пратэснай беларускай дыяспары. Нядаўна вось арганізавала музычнае мерапрыемства з тымі, хто з'ехаў з Беларусі творчымі людзьмі і яшчэ плануе калядныя канцэрты з беларускімі музыкамі.

Больш за ўсё мяне здзівіла (мякка кажучы) колькасць прыстойных накшталт людзей і кшталту антырэжымна настроеных, там згаданых, якія замілавальна-радасна адзначыліся пад гэтым допісам: музыкаў, журналістаў (як бы незалежных) і іншых.

Як на маё суб'ектыўнае разуменне, то такім адыёзным асобам шлях у «Еўропы» наогул павінен быць замоўлены. Яна ж тварыла гэты рэжым, узнімаючы калгас як мадэль лепшага, чым у «бруднай Еўропе», жыцця.

Хрушчова была вельмі шматвектарная ў сваёй прапагандзе: і лукашэнкаўскую лыжню апявала, і яго ж «выбары», уваходзіла ў пул гаспадара і нават узначальвала аддзел палітычных аглядальнікаў Агенцтва тэлевізійных навін, гэта значыць галоўны прапагандысцкі рупар дыктатара.

І працавала яна як прапагандыст і як кіраўнік прапагандыстаў у той самы перыяд, калі Лукашэнка знішчаў Канстытуцыю, фальсіфікаваў выбары, а самае галоўнае — яна выдатна сябе адчувала і толькі прасоўвалася па рэжымнай службовай лесвіцы пасля забойства апанентаў Лукашэнкі.

aux_1671600791_320792441_570829928156596_2112661100266944669_n__1_.jpg


Я яе запомніў як вельмі цынічную асобу, якая аддана служыла гаспадару і з асаблівай асалодай пэцкала брудам апазіцыю і проста нелаяльных да Лукашэнкі грамадзян, падобных тым, хто сёння лічыцца ў яе ў «сябрах».

У гэтай гісторыі палохае тэндэнцыя прабачэння халуёў рэжыму, якія заслугоўваюць прынамсі судовага разбору, напрыклад, за ўдзел у фальсіфікацыі выбараў.

Здавалася б, чорт з ёй з Хрушчовай. Ну, перафарбавалася, не яна адна. Але яна то ў Бабарыкі падвізалася ў прэс-службе, і там гэта лічылі ў парадку рэчаў, то вось у Германіі з лёгкасцю ўлілася ў шэрагі тых, каго раней гнабіла. А тое, што яе ўспрымаюць і падтрымліваюць удзельнікі пратэстаў, насцярожвае больш за ўсё.

Вельмі доўга заўсёднікі аграгламурных устаноў Мінска, той жа Зыбіцкай лічылі, што пры Лукашэнку жыць цалкам можна. Падумаеш, некалькі чалавек пасадзілі, дробязі. Гэта не з нашай вуліцы. І забілі жа ўсяго з дзясятак, не Паўночная Карэя, маўляў.

У 2020 годзе адбылося тое, што павінна было адбыцца: народ паўстаў і ўвабраў у сябе Зыбіцкую. І ўсе сталі адзіныя. І гэта было выдатна.

А цяпер зноў сталі з'яўляцца прыкметы настальгіі па аграгламуры, па існых выспачках гульні ў Еўропу пры дыктатуры, па «лібералізацыі». Зразумець гэта можна. Неўладкаванасць у эміграцыі, туга па звыклым жыцці прымушае воляй-няволяй думаць, што ўсё можа нейкім чынам устаканіцца, а, можа, і памяняцца.

І гэта страшна.

Таму што не ўстаканіцца.

І будзе ўсё горш і горш.

Пасля кожнага ўдару рэжыму па пратэстах, па людзях, цэлым сем'ям, дзецям, і ўдару не фігуральнага, а цалкам сабе фізічнага і калечага, пачыналіся танцы з «лібералізацыяй», якія давалі Лукашэнку неабходную перадышку. Успыхвалі новыя пратэсты, якія Лукашэнка душыў з яшчэ большай жорсткасцю, і так не адзін раз, пакуль ён не дайшоў да 20 года і не перайшоў усе чырвоныя лініі, а затым яшчэ і ўцягнуў Беларусь у вайну з Украінай.

Пасля кожнай «лібералізацыі», якая пачынаецца з дапушчэння часткай грамадства яе магчымасці, ахвяр станавілася невымерна больш, чым пасля папярэдняй.

Дараваць мы ўмеем, але апраўданне злачынцаў — гэта не прабачэнне, а саўдзел.

Дараваць будзем пасля вайны і пасля Лукашэнкі.

А цяпер успрымаць будаўнікоў рэжыму як змагароў з ім жа — гэта нават не абсурд, гэта спроба знішчыць пратэсны дух і дапамагчы карнікам панаваць.

Яны асуджаныя і павінны ведаць, што гісторыя іх злачынстваў будзе ісці за імі, нават калі ім удасца схавацца за мяжой.

Шлях адкуплення ім таксама вядомы, і знаходзіцца ён у Беларусі, і складаецца ён у тым, каб дапамагчы ад гэтага рэжыму пазбавіцца.

І будзе тады ім прабачэнне.