Як бы хто ні стараўся, свабоду слова не забіць. Сёння я — TUT.BY!

Больш за ўсё на свеце мне хацелася б абняць цябе, Марына. Як ты абняла мяне ў мой першы дзень у СІЗА. Абняць, усміхнуцца і сказаць, што ўсё будзе добра. 

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__11__logo_1.jpg


Раніца 9 студзеня пачнецца для Марыны Золатавай і Людмілы Чэкінай не так, як звычайна. Ім раней за ўсіх прынясуць сняданак, а потым павядуць валадарскімі калідорамі ў адстойнік. Прыкладна праз гадзіну выклічуць па спісе, дадуць з сабой бутэрброд, выведуць на вуліцу, зашчоўкнуць кайданкі і пасадзяць у «стакан» аўтазака.

Іх прывязуць задоўга да пачатку пасяджэння. Будуць распранаць, скажуць прысесці некалькі разоў, каб правесці дагляд. Зноў пасадзяць у стакан — гэтым разам у будынку суда. Там яны будуць чакаць пачатку судовага пасяджэння. Тое, што ўлады называюць судом, будзе закрытым. Значыць, родныя, магчыма, змогуць убачыць Марыну і Людмілу толькі здалёк. Але гэтыя мужныя жанчыны, якія 600 дзён правялі за кратамі, абавязкова адчуюць нашу падтрымку, якой будзе прасякнуты кожны сантыметр будынка Мінгарсуда.

600 дзён у СІЗА без суду. Без магчымасці абняць родных і калег. 600 дзён у цесных, прапахлых цыгарэтным дымам камерах. Фактычна без сонечнага святла і свежага паветра. З уключаным днём і ўначы святлом. 600 дзён неба праз краты. Амаль без лістоў. Але пры гэтым з велізарнай падтрымкай усіх людзей па абодва бакі кратаў. І з неверагоднай верай у праўду, справядлівасць, лепшае заўтра і людзей.

Падтрымка блізкіх, вера ў людзей, у тое, што ў сваім жыцці ты ўсё рабіла правільна і па-іншаму быць не магло, даюць магчымасць там не зламацца, не ўпасці ў дэпрэсію, выстаяць і стаць яшчэ мацней.

«Побытавыя складанасці — з разраду "з гэтым можна жыць", — пісала Марына Золатава калегам. — Значна складаней даецца расстанне з сям'ёй. Але ў мяне цудоўныя родныя. Дзеці побач з мужам, так што за іх я спакойная. Я прапусціла ўжо два дні нараджэння сына і два дачкі. Прапусціла Надзін выпускны і паступленне ў Акадэмію мастацтваў. Гэта, вядома, сумна, але я ведаю, што за гэты час яны, гэта значыць мы, з'ядналіся мацней, а яны сталі дарослымі і самастойнымі. Сын вырас на 10 сантыметраў, а я гэта прапусціла. Я заўсёды кажу: каб кампенсаваць гэты скрадзены ў нас час, мы проста абавязаны жыць далей».

Свой дзень я звычайна пачынала з таго, што адкрывала TUT.BY, як і некалькі мільёнаў беларусаў. Мы заходзілі на партал, каб прачытаць праўдзівыя навіны пра тое, што адбываецца ў краіне, ад прафесіяналаў журналістыкі. Раніцай 18 мая 2021 года мы даведаліся, што ў рэдакцыі і рэдактараў ператрус, а неўзабаве — і пра тое, што журналісты, рэдактары, менеджары за кратамі.

Толькі за тое, што рабілі сваю працу сумленна. Праўда, сумленне, гонар і прафесіяналізм цяпер не патрэбныя. Патрэбныя хамства, жахлівая хлусня, адкрытыя абразы. Менавіта гэта ўмеюць рабіць азаронкі-гладкія-красоўскія ды такія ж. Толькі гэта яны і ўмеюць рабіць. І, верагодна, з пенай і пырскамі сліны будуць паліваць брудам найлепшага рэдактара Беларусі — Марыну Золатаву. Будуць старацца падлавіць самы гідкі кадр, каб потым дадаць атрутны з’едлівы подпіс пад фота на старонках прапагандысцкіх рэсурсаў.

Але як бы яны ні стараліся, Марына і Міла будуць усміхацца. Таму што ведаюць, як мы чакаем гэтых кадраў. Будуць махаць нам рукой. Нягледзячы на кайданкі, у якіх іх будуць трымаць цэлы дзень. Нягледзячы на ўвесь абсурд і недарэчнасць таго, што адбываецца. Нягледзячы на выдуманыя абвінавачанні. Будуць усміхацца і махаць нам рукой. А ўвечары іх зноў адправяць у «стакан», зноў у аўтазак, у адстойнік, у камеру... каб на наступны дзень зноў раней за ўсіх прынесці сняданак і даць бутэрброд у суд.

Што б там ні прагучала з вуснаў тых, каго цяпер называюць суддзямі і пракурорамі, мы ж ведаем — Марыну і Мілу катуюць за праўду. За пазіцыю. За сумленнасць і веру ў дабро. Бо так і не зламаліся. За тое, што, нягледзячы на пакутлівыя тыдні так званага суда, яны кожны дзень будуць усміхацца. І махаць нам рукой.

А мы кожнай клетачкай сваёй будзем дасылаць ім дабро, падтрымку і, вядома ж, нашы ўсмешкі. Мы будзем верыць, што свой лепшы ў жыцці рэпартаж Марына Золатава напіша з залы суда, дзе ў клетцы, закутымі ў кайданкі, будуць сядзець усе тыя, хто думае, што можа жыць і кіраваць вечна. Хто сёння кідае за краты лепшых людзей Беларусі, хто здзекуецца, абражае і парушае ўсе мажлівыя законы і нормы маралі.

Гэты лепшы ў сваім жыцці рэпартаж мы будзем пісаць разам. Каця Андрэева будзе весці стрым. Дзяніс Івашын абавязкова правядзе дэталёвае расследаванне, каб ніхто не сышоў ад адказнасці. І ўсе тыя журналісты, якія сёння сустракаюць кожны свой дзень па той бок кратаў, абавязкова зоймуць месцы ў першым шэрагу, каб бачыць вочы тых, хто вырашыў, што будзе кіраваць вечна. Ці будуць яны ўсміхацца і махаць хоць камусьці рукой? Наўрад ці.

Але пакуль той дзень яшчэ не надышоў, Марына і Міла раніцай 9 студзеня раней за ўсіх з'ядуць свой сняданак, каб потым усміхацца нам у клетцы залы Мінгарсуда, нягледзячы ні на што. І нават ахоўнікі СІЗА будуць шчыра жадаць ім поспеху.

Больш за ўсё на свеце мне хацелася б абняць цябе, Марына. Як ты абняла мяне ў мой першы дзень у СІЗА. Абняць, усміхнуцца і сказаць, што ўсё будзе добра. Я так і зраблю ў сваіх думках. А ты абавязкова гэта адчуеш. Сёння мы ўсе — TUT.BY. І, як бы хто ні стараўся, свабоду слова не забіць.

Крыніца