Ціханоўская: «Усе супрацоўнікі TUT.BY — гонар беларускай журналістыкі»

Святлана Ціханоўская пракаментавала пачатак судовага працэсу над былымі кіраўніцамі партала TUT.BY Марынай Золатавай і Людмілай Чэкінай.

_cihi_supraciu___lipen_2021___belarus___pahne_czabor__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__7__logo.jpg

«Марына Золатава, Людміла Чэкіна і ўсе супрацоўнікі TUT.by — гонар беларускай журналістыкі. Яны зрабілі для Беларусі больш, чым усе прысутныя ў зале суда прапагандысты, пракуроры, ахоўнікі і іншыя прыслужнікі. У любой нармальнай дзяржаве яны атрымлівалі б прэміі за прафесіяналізм, а не сядзелі б за кратамі. Але Беларусь сёння — гэта не нармальная дзяржава.

Незалежныя і сумленныя журналісты патрэбныя кожнай дзяржаве, каб прыцягваць увагу да праблем і вырашаць іх. Узамен рэжым наймае прапагандыстаў для стварэння нібыта прыгожай карцінкі ў дзяржаве. А тых, хто адважыўся гаварыць праўду — рэпрэсуюць, катуюць, запалохваюць.


Менавіта за гэта цяпер "судзяць" Марыну Золатаву і Людмілу Чэкіну. За нязгоду прыслугоўваць інтарэсам рэжыму ў абыход прынцыпам прафесійнай журналістыкі, за выдатную працу, за праўду і сумленне.

Праўда ўсё роўна пераможа. Але, як мы ўжо ведаем, праўда павінна ўмець сябе абараняць — асабліва ў часы, калі супрацьстаіць дыктатуры і вайне. Таму я вельмі хачу падтрымаць супрацоўнікаў TUT.by, іх калег, сваякоў і каханых. Я ведаю, што гледзячы на сённяшнія фота Марыны і Мілы, ніхто не паверыць, што яны злачынцы. Гэтыя цудоўныя, смелыя, гордыя жанчыны — асобы беларускай журналістыкі. І ўсім нам, беларусам, вельмі пашанцавала з імі. І пакуль яны не на свабодзе, гэта наш з вамі абавязак — дапамагчы перамагчы праўдзе».


Нагадаем, сёння пачаўся судовы працэс па «справе TUT.BY». Справа разглядаецца ў Мінскім гарадскім судзе ў закрытым рэжыме. Працэс вядзе Валянціна Зінкевіч.

Былую гендырэктарку партала Людмілу Чэкіну абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.2 арт.243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры»), ч 4 арт.16, ч.3 арт.130 («Арганізацыя наўмысных дзеянняў, накіраваных на распальванне варожасці») і ч.4 арт.16, ч.3 арт.361 («Кіраванне заклікамі да дзеянняў, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь і ў чыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнэт»). Максімальны тэрмін пазбаўлення волі па гэтых артыкулах — 12 гадоў.

Былую галоўную рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву таксама абвінавачваюць па гэтых артыкулах — за выключэннем ч.4 арт. 16.

Па справе праходзяць таксама журналістка Алена Талкачова, рэдактарка Вольга Лойка і юрыстка Кацярына Ткачэнка. Лойка і Талкачова абвінавачваюцца ў «дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў», «распальванні сацыяльнай варожасці», «распаўсюдзе матэрыялаў з заклікамі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь». Ткачэнка абвінавацілі ў «дапамозе ва ўхіленні ад выплаты падаткаў» і ў «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак».

Як паведамлялі праваабаронцы, Ткачэнка, Талкачова і Лойка знаходзяцца за мяжой. Паводле заяў прапагандыстаў, яны абвешчаныя ў вышук.