«Справа TUT.BY» і бездапаможнасць улады

Суд па чарговай «справе TUT.BY», які распачаўся 9 студзеня, як і нядаўні суд па «справе БелаПАН» — гэта квінтэсенцыя і своеасаблівае рэзюмэ ціску на беларускую незалежную прэсу ва ўсе гады, пачынаючы са з’яўлення ў краіне незалежнай прэсы як такой. Ці нават — свабоды слова ў Беларусі як з’явы.

Марына Золатава ў час суда па «справе БелТА»

Марына Золатава ў час суда па «справе БелТА»

Добра не было ніколі

Дзяржава заўсёды імкнулася абмежаваць непадцэнзурную ёй інфармацыю, і пачыналася гэта нават да Лукашэнкі — ён з’яўляецца ўсяго толькі «прадаўжальнікам» гэтай традыцыі. У Беларусі няма, бадай, ніводнага незалежнага выдання, якое б у свой час і ў сваёй справе не прайшло праз пераслед і праз суд. Да першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994-м на незалежныя СМІ спрабаваў ціснуць урад Кебіча. Збольшага пераслед незалежнай прэсы ажыццяўляўся рукамі асобных чыноўнікаў, якія выстаўлялі шалёныя, «забараняльныя» па сумах іскі па «абароне гонару і годнасці». Пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі гэта практыка працягвалася, але былі і «выбітныя» выпадкі — напрыклад, калі цэнтральныя беларускія газеты выйшлі з «белымі плямамі» на месцы антыкарупцыйнага даклада дэпутата Сяргея Антончыка.

На пачатку і ў сярэдзіне 2000-х у дадатак да судовых іскаў пачаўся ціск адміністрацыйны. Некаторыя выданні былі выкінуты з беларускіх друкарняў, з’явілася негалосная забарона дзяржаўным прадпрыемствам падаваць рэкламу незалежным СМІ. Але рэпрэсаваныя выданні (напрыклад, газеты «Імя» і «Народная воля») пераехалі друкавацца ў Вільню ды Смаленск, і некаторыя потым нават не хацелі адтуль вяртацца: якасць і цана друку там былі настолькі прывабныя, што перавешвалі выдаткі на дастаўку газет у Беларусь.

Дзяржаўныя друкарні, якія палітычна выкінулі недзяржаўныя выданні са сваіх цэхаў, зазналі страты. Дзяржпрадпрыемствы, што не давалі рэкламы ў недзяржаўныя СМІ, гублялі кліентаў, бо нармальныя кліенты не чыталі «Савецкую Беларуссію». Прыватны бізнес квітнеў праз рэкламу ў папулярных СМІ.

У 2010-х прыдумалі новую фішку — выкіданне незалежных СМІ з сістэм распаўсюджання. У адказ тыя стварылі свае сеткі распаўсюджвальнікаў і працягвалі існаваць. Шалёныя грошы гублялі хіба «Белпошта» і «Белсаюздрук».

Пры гэтым якасць інфармацыі менавіта незалежных СМІ вымушана прызнавалі на самым высокім узроўні. У час адной з «адліг» на прэс-канферэнцыі да Лукашэнкі запрашалі і прадстаўнікоў недзяржаўных медыя, і аднойчы, калі слова далі кіраўніку недзяржаўнага агенцтва БелаПАН Алесю Ліпаю, Лукашэнка прамовіў: «Не самае дрэннае агенцтва».

Пачуўшы гэта праз наўпроставую трансляцыю, журналісты БелаПАН на дзясятак хвілін спынілі працу. У краіне на той час існавала толькі тры інфармагенцтвы: БелаПАН, дзяржаўнае БелТА і расійскі Інтэрфакс. Усе абмяркоўвалі, каго з двух астатніх Лукашэнка лічыць «самым дрэнным».

І не першы безвыніковы суд

Зрэшты, нават прызнанне высокага прафесіяналізму і дзелавых якасцей не перашкаджала рэжыму ўвесь час спрабаваць знішчыць самыя паспяховыя медыйныя праекты. Згадаем хаця б толькі «справу БелТА» 2018-2019 гадоў, калі БелаПАН і TUT.BY абвінавацілі ў тым, што яны карысталіся чужымі паролямі да платнага сэрвісу БелТА.

Тады мы даведаліся, што паролі ў БелТА не змяняліся дзесяцігоддзямі, не існавала ніякай забароны на перадачу іх трэцім асобам, а колькасць платных кліентаў у «галоўнага інфармацыйнага агенцтва краіны» — 36 падпісчыкаў. Не 36 тысяч, нават не 360 — 36 падпісчыкаў! Гэта ўсё, што трэба ведаць пра папулярнасць БелТА ў чытачоў.

Зрэшты, менавіта тады я пачуў версію, што сапраўднай мэтай гэтай справы было эканамічнае задушэнне буйнейшых недзяржаўныя СМІ, такіх як TUT.BY і БелаПАН (белапанаўцы таксама праходзілі па гэтай справе, але абвінавачванне ў дачыненні да іх да суда не дайшло). А на іх месцы павінен быў паўстаць нейкі прадзяржаўны аналаг TUT.BY. Менавіта тады пад гэтае «расчышчанае поле» ўзбуйнялася «Мінская праўда», якая з абласной газеты ператварылася ў «інфармацыйнае агенцтва».

Дарэчы, рэгістрацыйнае пасведчанне «сеткавага выдавецтва mlyn.by» (гэта і ёсць «Мінская праўда») за нумарам 7 было выдадзена Міністэрствам інфармацыі 31 студзеня 2019 года — якраз у дні, калі праходзіў працэс па «справе БелТА».

Заснавальніку TUT.BY Юрыю Зісеру неаднаразова рабіліся прапановы «перадаць» рэсурс «пад апеку» калядзяржаўным структурам, былі спробы рэйдарскіх захопаў… Тым не менш TUT.BY працягваў існаваць. Як і іншыя незалежныя СМІ.

Марына Золатава ў час суда па «справе БелТА»

Марына Золатава ў час суда па «справе БелТА»

Судзяць не TUT.BY

Канешне, сённяшні пераслед — гэта максімум таго, што можа зрабіць улада. Але нельга сказаць, што гэта «працэс TUT.BY». TUT.BY, Марына Золатава і журналісты, што сядзяць на лаве падсудных побач з ёй — гэта проста сімвал беларускай незалежнай журналістыкі. У іх асобе рэжым помсціць усёй журналісцкай супольнасці — за іх ролю ў асвятленні пратэстаў 2020-га, за праўдзівую інфармацыю пра бязмежжа сілавікоў, катаванні на Акрэсціна, пра забойствы пратэстоўцаў, палітычныя працэсы... І за тое, што паказвалі баязлівасць сілавікоў, якія ў час шматлікіх мітынгаў часам уцякалі ад народных шэсцяў — уцякалі, нават узброеныя да зубоў.

Менавіта гэта, напэўна, выклікала ва ўлад «траўму 2020-га». Тое пачуццё баязлівасці і бездапаможнасці, якое яны адчулі. І на іх шчасце, тады пратэст быў выключна мірны і маральны. Што і дало ім магчымасць задушыць грамадства надзвычай жорсткімі захадамі.

Гэта цяпер, на фоне вайны ва Украіне, мы разважаем пра іншыя спосабы супраціву. Тады ж грамадства зусім не было падрыхтаванае да гвалтоўных дзеянняў. Тады ўсе разлічвалі, што ўлада ачомаецца.

Мы разлічвалі, што на тым баку ёсць нешта чалавечае. Падаецца, мы памыляліся.

Пра маштабнейшую «зачыстку» медыйнага поля сведчыць статыстыка Мінінфармацыі. Згодна з іх афіцыйнымі падлікамі, на 1 снежня 2022-га ў аб’яднаным рэестры кантрольнага ведамства значылася 1178 друкаваных выданняў. Пры гэтым чыноўнікі намагаліся асабліва падкрэсліць, што закіды апанентаў пра «ціск на свабоду слова» ў Беларусі не маюць ніякіх падстаў: маўляў, ад гэтай лічбы толькі 414 выданняў з дзяржаўнай доляй уласнасці, тады як 764 — недзяржаўныя.

Апошняе абнаўленне на сайце Мінінфарма ад 31 снежня вымушае сумнявацца ў «недыскрымінацыі»: агулам у краіне засталіся 963 друкаваныя СМІ, з іх 403 дзяржаўныя і 560 — ад прыватных выдаўцоў. То-бок недзяржаўны сектар за адзін год страціў 204 (!) выданні.

Высновы з гэтага самыя сумныя, і найперш — для дзяржавы. Вынік менавіта такі, пра які заўсёды папярэджвалі незалежныя эксперты. Пра войска кажуць«не хочаце карміць сваю армію — будзеце карміць чужую» — тое ж тычыцца інфармацыйнай прасторы. У 2019-м, падчас той самай «справы БелТА» Золатава казала, што, калі знішчыць TUT.BY, на яго месца прыйдуць не беларускія СМІ, хай нават і дзяржаўныя, а расійскія.


Гэта, падаецца, і здарылася, але здарылася нават яшчэ горшае, чым меркавалі эксперты. Расійскія і прарасійскія наратывы прыйшлі нават не на месца знішчаных беларускіх незалежных СМІ — яны ўкараніліся і ў беларускія дзяржаўныя медыя. Варта толькі паглядзець, як дзяржСМІ асвятляюць вайну ва Украіне: у іх проста няма сваёй інфармацыі, беларускага асэнсавання падзей, усё, што яны пішуць пра вайну — гэта збольшага перадрукоўкі расійскай прапаганды.

Улады страцілі не толькі ваенны суверэнітэт і часткова — кантроль над тэрыторыяй краіны. Улада страціла і інфармацыйны суверэнітэт, што нашмат горш.

Ужо цяпер незалежныя сацыёлагі канстатуюць, што ў беларускім грамадстве расце падтрымка Расіі — нягледзячы на тое, што ў грамадстве заўсёды было непрыняцце вайны. Нічым іншым, апроч як дзеяннем у беларускай прасторы расійскай прапаганды, гэты працэс патлумачыць нельга.

І калі Расія раптам распачне інфармацыйную кампанію па далучэнні Беларусі — хто будзе гэтаму супрацьстаяць? БелТА з яе 36 падпісчыкамі?

Пра бессэнсоўнасць працэсу

Так, сённяшні працэс над Марынай Золатавай і іншымі асобамі з TUT.BY — сапраўды максімум таго, што дасягнула ўлада па зачыстцы незалежных СМІ. Гэта максімум — але не фінал.

Фінал быў бы тады, калі незалежная і недзяржаўная журналістыка знікла б увогуле. А такога не адбудзецца проста ніколі. Гэтага не было і ў часы СССР, бо нават тады існаваў «самвыдат» і «варожыя галасы»: «Ёсць абычай на Русі ноччу слухаць Бі-Бі-Сі», памятаеце?

І тым больш гэтага не адбудзецца цяпер, калі свет прасякнуты глабальнымі інфармацыйнымі патокамі, калі інфармацыю схаваць вельмі цяжка, калі кожны сам сабе журналіст у сваіх сацыяльных сетках.

Загартаваныя ў Беларусі дзесяцігоддзямі працы ў неспрыяльных і ўціскальных умовах, нашы журналісты не губляюцца нідзе, працягваюць ствараць новыя і паспяховыя праекты, якія застаюцца запатрабаванымі. З гэтым улада зрабіць нічога не можа, апроч як начапіць на іх цэтлік «экстрэмістаў». «Радыё Унэт», «М*ланка Медыя», тое ж «Люст*рка», «Позірк», «Звычайны ранак» і «Звычайны вечар» — гэта толькі з наноў створанага ці адроджанага за межамі. А ёсць і тыя, хто працягвае сваю дзейнасць пад звыклымі брэндамі: «Наша Н*ва», «Е*рарадыё», «Б*лсат», «Тр*буна» і гэтак далей, далей, далей.

Так, іх цяпер пішуць праз «зорачкі», на іх небяспечная падпіска. Але іх можна чытаць і без падпіскі. Так, яны заблакіраваны ў краіне — але можна карыстацца VPN. Так, гэта дастаўляе пэўныя нязручнасці самім рэдакцыям, бо немагчыма палічыць свайго чытача, немажліва дакладна сказаць, якая ў цябе аўдыторыя. Але тое, што гэты чытач і гэтая аўдыторыя ёсць, і яна нікуды не знікла — тое дакладна.

Ад прысуду Золатавай і Леўшынай, Чэкінай і Наважылаву не зменіцца роўным чынам нічога, бо іх калегі ведаюць найлепшы сродак падтрымаць зняволеных. І гэты сродак — працягваць іх справу, каб ім ТАМ не было сорамна за тое, што мы робім ТУТ.


Ад таго, што сёння пасадзяць Золатаву, незалежная журналістыка не знікне. Ад прысуду Чэкінай якасць дзяржаўнай журналістыкі (дакладней сказаць — прапаганды) не палепшыцца ані на каліва. Таксама як прысуд супрацоўнікам БелаПАН не паўплываў на тое, што людзі працягваюць чытаць непадцэнзурную інфармацыю.

Улада прайграе інфармацыйную вайну па ўсіх франтах. Зрэшты, як і ва ўсім свеце, уціск СМІ ніколі не прыводзіў да жаданых вынікаў. А ў нашым выпадку ўлада прайграла ўжо цяпер. Бо незразумела нават, якія вынікі гэтага працэсу сённяшні рэжым лічыў бы «жаданымі».