Дзень народзінаў за кратамі: сваё 45-годдзе сёння адзначае Марына Золатава

Да 45-годдзя вядомай беларускай журналісткі блог «Людзі» сабраў цытаты з яе лістоў.

Марына Золатава

Марына Золатава


Ужо другі год запар за кратамі святкуе свой Дзень народзінаў галоўная рэдактарка партала «T*T.by» Марына Золатава. Яна была затрыманая 18 траўня 2021 года па крымінальнай справе, распачатай супраць «T*T.by» за «ўхіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч.2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса).
У кастрычніку 2022 г. КДБ уключыў Золатаву ў спіс асоб, «якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». З яго стала вядома, што цяпер палітзняволеную абвінавачваюць па арт. 130 КК («Распальванне сацыяльнай варожасці») і арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь»).
Да дня нараджэння галоўрэда «T*T.by» блог «Людзі» сабраў вытрымкі з лістоў і вестачак, якія апошнім часам прыходзілі ад Марыны.

Пра добрае і дрэннае


— Хутка паўтара года як я ў турме. Час праляцеў незаўважна, — піша Марына. — Цяпер ужо складана сказаць, якія эмоцыі я адчуваю з гэтай нагоды. Несправядлівасць, мабыць, гэта галоўнае. За гэтыя паўтара года ўнутры мяне былі вельмі розныя пачуцці — і негатыўныя, і пазітыўныя. З апошніх пазітыўных — навіна пра тое, што Алесь Бяляцкіатрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Навіны тут вельмі спазняюцца, але, што цікава, за некалькі хвілін да таго, як я ўсё даведалася, я з ім разам ішла па калідоры турмы. А ён, сціплы, нічога не сказаў. Проста ўяві, як гэта выглядае, чалавек, які атрымаў Нобелеўскую прэмію міру, сядзіць у некалькіх камерах ад цябе. Думаю, гэтая Нобелеўка Бяляцкага матывуе і натхняе ўсіх палітвязняў. У нас на Валадарцы дык дакладна.
Мой самы шчаслівы за гэтыя паўтара года момант, калі мяне вазілі ў СК, і я ўбачыла на Валадарцы сваіх родных. Здараюцца і іншыя радасныя сустрэчы. Дапусцім, калі бачу нашу Мілу (былога генеральнага дырэктара «ТУТБАЙ медыя» Людмілу Чэкіну.Заўв. рэд.) па дарозе на шпацыр. Шмат радасці прыносяць лісты. Цяпер з імі неяк зусім дрэнна, але я разумею, што людзі не забываюць.
А калі пра дрэннае... Гэта прысуды шматлікім «палітычным» і 24 лютага. Ужо некалькі месяцаў мы жывем у новай рэальнасці. У галаве пракручваецца шмат сцэнарыяў, а ў выніку здарыцца можа нешта зусім іншае. Я ўжо змірылася, што ўсё гэта можа зацягнуцца надоўга. Нават не тое што змірылася, а проста да гэтага гатовая.
У десяцімеснай — чацвёра, — успамінае Марына. — Паступова колькасць палітычных расце. Самы распаўсюджаны артыкул — 342-і. Усё гэта вельмі розныя людзі: мастакі, праграмісты, бізнес-аналітыкі, майстры па манікюры, рабочыя, настаўнікі, лекары. Сустракалася, напрыклад, з 18-гадовай дзяўчынкай, якой «у момант здзяйснення злачынства» было 16, і з 55-гадовай Ірынай Коваль, якая ў БНФ з 1988 года.
Здаецца, гэты паток не спыняецца, і «заязджаюць» цэлымі сем'ямі. Муж з жонкай, маці з дачкой, а то і больш. І ўсё з-за чаго? З-за фота з маршу. Божа-божа, але са жніўня 2020-га прайшло ўжо столькі часу. Гэта як бы новая нармальнасць, якую я не хачу прымаць.
Адразу, калі хтосьці новы заходзіць у камеру, ацэньваем, што за кантынгент. Стараемся паглядзець валасы, пытаемся пра хваробы. Часта сустракаюцца людзі з ВІЧ і гепатытам. Ёсць грамадзянкі, якіх трэба прымушаць праць рэчы і мыцца. Ды яшчэ і паказваць, як гэта рабіць. Раней такія рэчы шакавалі, але цяпер — прыкрая дробязь.

Пра канфлікты

— Ці сварылася я кімсьці? Не памятаю такога наогул. Ну як у звычайным жыцці ўзнікаюць спрэчкі, калі ісці паліць (я, дарэчы, не палю і адстойваю правы тых, хто не паляць), калі глядзець тэлевізар, — апісвае сітуацыю Марына. — Сярод «палітычных» канфлікты, як правіла, не ўзнікаюць, а іншых тут ужо амаль няма. Скандаляць у асноўным «дзвесцепяткі» (арт. 205 КК «Крадзёж».Заўв. рэд.) і рома. Робіш заўвагу ў спакойным фоне, на крык яны рэагуюць так, што яшчэ больш крычаць пачынаюць. А калі спакойна і добразычліва, дзівяцца і астываюць. Важна прапанаваць нейкую альтэрнатыву ці гатовае рашэнне. Калі чалавек проста гарлапаніць, галоўнае, на гэта не весціся. Калі ён разумее, што ніхто не рэагуе, астывае.
Здаецца, «палітычныя» зламалі сістэму. Нават прадольныя (дзяжурныя па калідоры. — Заўв. рэд.) цяпер вітаюцца, усміхаюцца, кажуць: «Калі ласка», «Праходзьце, калі ласка», «Рукі за спіну, калі ласка». Не ведаю, як яны з хлопцамі маюць зносіны, але з дзяўчатамі так. І гэта ўсё на маіх вачах мяняецца. Раней яны былі больш грубымі і строгімі. Але раней сюды хто заязджаў? Арт. 174 («Ухіленне ад аліментаў»), арт. 205 («Крадзёж»), арт.147 Крымінальнага кодэкса («Прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання») — асноўныя кліенты. А цяпер хто? Прыгожыя маладыя дзяўчаты, у крайнім выпадку — інтэлігентныя жанчыны ва ўзросце.

Пра расстанне з сям'ёй


— Бытавыя складанасці — гэта з разраду «з гэтым можна жыць». Значна больш складана даецца расстанне з сям'ёй. Але ў мяне цудоўныя родныя. Дзеці побач з мужам, так што за іх я спакойная. Я прапусціла ўжо два дні нараджэння сына і два — дачкі. Прапусціла Надзін выпускны і паступленне ў Акадэмію мастацтваў. Гэта, вядома, сумна, але я ведаю, што за гэты час яны, гэта значыць мы, з'ядналіся мацней, а яны сталі дарослымі і самастойнымі. Сын вырас на 10 сантыметраў, а я гэта прапусціла. Я заўсёды кажу, каб кампенсаваць гэты скрадзены ў нас час, мы проста абавязаны жыць далей.

Пра кнігі


— Кнігі — вельмі важная частка турэмнага жыцця. Пасля сотай я ўжо перастала лічыць, колькі ўсяго прачытала, — кажа Марына. — Але важная нават не колькасць, а якасць. Апошнім часам было шмат «цяжкай артылерыі»: «Архіпелаг ГУЛАГ», «Блакадная кніга». Чытаю, таму што важна ведаць гэта ўсё сёння. У Салжаніцына, безумоўна, самае маштабнае даследаванне сталінскіх рэпрэсій. Я раней чытала шмат кніг на гэтую тэму, але «Архіпелаг ГУЛАГ» цалкам раней не чытала. І што? Ведаеш, калі мне дзяўчаткі цяпер расказваюць пра Акрэсціна, гэта мала чым адрозніваецца ад Салжаніцына. Напрыклад, у камеры на аднаго было восем чалавек. «Шконку» на ноч нават не адшпільвалі, ляжалі на падлозе, каб месца зэканоміць. А яшчэ па 10, 15 і больш сутак яны жывуць там без перадач, зменнай бялізны, без прагулак, без душу (у нас ён раз на тыдзень).

Пра спорт


— Калі здараецца, што я прапускаю шпацыр, то адчуваю сябе няважна, — прызнаецца Марына. — Раніцай раблю невялікую зарадку-размінку ў камеры. На прагулцы яшчэ комплекс практыкаванняў, уключаючы тое, што памятаю са стэп-аэробікі. А потым прабежка — бегаю на месцы роўна гадзіну (калі ў камеру не кажуць ісці раней). Гэтая гадзіна прабежкі — своеасаблівая медытацыя. Руху тут страшна не хапае. Некаторыя «забіваюць» на яго і па месяцы не выходзяць на шпацыр.
Іншая важная рэч — гартаванне. Гэта дапамагае трымаць цела ў тонусе і ... пазбавіцца ад лішняга прання.

Пра слёзы


— Тут я не плачу ад гора ці злосці. А вось ад радасці ці замілавання — лёгка магу. Цяпер калі мяне і прабівае на слёзы, то менавіта ад чагосьці кранальнага. Ад нейкіх стромкіх чалавечых учынкаў.
P. S. Сёння Марына не зможа абняць сваіх родных. І хоць наўрад ці ёсць у свеце тое, што гэта заменіць, кожны з нас можа падарыць ёй крыху цяпла і падтрымкі. Усё, што для гэтага трэба, — адправіць ліст ці пасылку.
Адрас для адпраўкі: 220050, вул. Валадарскага, 2, Мінск, Беларусь, Золатавай Марыне Васільеўне.
Рэдакцыя «Новага Часу» віншуе Марыну ў Днём народзінаў і жадае як мага хутчэй апынуцца на волі і абняць сваіх любімых. Няхай тое, чаго так чакаюць тысячы беларусаў па абодва бакі кратаў, нарэшце здзейсніцца!