Топ-менеджара мабільнага аператара life:) асудзілі за «зліў даных» да 8 гадоў калоніі
У Мінскім гарадскім судзе 3 лістапада вынеслі жорсткі прысуд аднаму з топ-менеджараў мабільнага аператара life:) Арцёму Воўне — восем гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляюць праваабаронцы.
Яго асудзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 130 («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 179 («Незаконныя збіранне альбо распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці»), арт. 352 («Неправамернае завалоданне камп'ютарнай інфармацыяй»). Падрабязнасці справы невядомыя, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома толькі, што яшчэ з Воўны спагналі на карысць пацярпелым (меркавана, сілавікам і чыноўнікам) агулам 13 000 рублёў. Прысуд вынесла суддзя Валянціна Зянькевіч. Пад вартай у СІЗА-1 Арцём знаходзіцца з 8 лютага гэтага года.
Пра затрыманне Арцёма Воўны стала вядома з «пакаяльнага» відэа, апублікаванага на адным з праўладных тэлеграм-каналаў 8 лютага 2022 года. На ім чалавек прадставіўся начальнікам аддзела распрацоўкі маркетынгу — пазней стала вядома, што яго завуць Арцём Воўна. На відэа мужчына сказаў, што «восенню 2020 года зліваў даныя пра супрацоўнікаў праваахоўных органаў і суддзяў у телеграм-чаты, таксама прымаў удзел у акцыях пратэсту».
«Ён метадычна перачытваў экстрэмісцкія тэлеграм-каналы, якія размяшчаюць персанальныя даныя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і дзяржаўных служачых. Заўважыўшы, што ў многіх публікацыях ёсць прабелы па наяўных персанальных даных, вырашыў, што іх трэба запоўніць», — напісалі ў телеграм-канале.
У кампаніі life:) ніяк не пракаментавалі гэтую сітуацыю.
За кратамі Воўна знаходзіцца ўжо дзевяць месяцаў. Адзін з яго сукамернікаў у СІЗА вельмі добра адгукаецца пра Арцёма:
«Ён вельмі інтэлігентны, спакойны і разважлівы хлопец. Прыемны суразмоўца».
Судзіць Арцёма Воўну пачалі 27 кастрычніка ў Мінскім гарадскім судзе. Працэс адразу зрабілі закрытым, таму падрабязнасці справы невядомыя. Па справе адбылося шэсць пасяджэнняў.
Нагадаем, 24 кастрычніка 4 гады калоніі прысудзілі былому прэс-сакратару А1 Мікалаю Брэдзелеву. Мікалай быў затрыманы 10 снежня 2021 года. Першапачаткова пасля затрымання на праўладных каналах з'явілася «пакаяльнае відэа», на якіх ён казаў, што з ліпеня 2020-га нібыта перадаваў трэцім асобам інфармацыю, звязаную з яго прафесійнай дзейнасцю, але потым у кампаніі заявілі, што Брэдзелеў не меў доступу да даных кліентаў. Да суда абвінавачанне было зменена: Мікалая судзілі за «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці або дзейнасці, накіраванай на рэабілітацыю нацызму».
Таксама ў нібыта перадачы «Чорнай кнізе Беларусі» асабістых звестак сілавікоў і «высокапастаўленых асоб» абвінавачваецца супрацоўнік МТС Аляксей Кузьмін. Інфармацыя пра затрыманне начальніка аддзела прадбілінга і тарыфікацыі МТС з'явілася 26 кастрычніка.
Галоўным следчым упраўленнем яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 («Дапамаганне ў распальванні варожасці і варажнечы, учыненае групай асоб») Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Як піша ведамства, «выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, мужчына перадаваў адміністратарам дэструктыўных рэсурсаў асабістыя і білінгавыя даныя службовых асобаў Беларусі, якія ў далейшым публікаваліся ў тэлеграм-каналах».
Падтрымайце вязняў:
СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Воўна Арцём Леанідавіч, Кузьмін Аляксей Уладзіміравіч, Брэдзелеў Мікалай Алегавіч.