«Выражам усіх мярзотнікаў...» Чаму рэпрэсіі стануць яшчэ больш жорсткімі
Лукашэнка, відавочна, загадзя ведаў пра блізкую вайну — і менавіта ў той момант, калі пра гэта даведаўся, аднавіў палітычныя рэпрэсіі, якія да пачатку 2021-га спакваля прыціхлі, быў спадзеў на чарговае зьмякчэньне рэжыму. Пра гэта разважае аўтар Св*боды Віктар Багдзевіч.

Сёньня чым больш яўным і верагодным становіцца паўнавартасны ўдзел Беларусі ў ваеннай авантуры з усімі драматычнымі наступствамі, тым мацней ён націскае на пэдаль гвалту і беззаконьня.
Матывацыя ў яго адна: вайна — гэта дэстабілізацыя. Спыніш рэпрэсіі — аслабне страх — захістаецца рэжым аднаасобнай улады.
Новы курс — вяртаньне рэпрэсій
Згадайма вясну 2021-га. Вонкава ў Беларусі нібыта ўсё спакойна. Пратэсты ўжо некалькі месяцаў як задушаныя, завадатары ў турмах альбо ў эміграцыі. Сытуацыя, як у люстэрку, паўтарала тую, што была ў пасьлявыбарных 2006-м і 2010-м гадах. За некалькі месяцаў да таго, у навагоднюю ноч, Аляксандар Лукашэнка абвясьціў надыходзячы 2021-шы «Годам народнага адзінства». І здавалася, што ён сапраўды зьбіраецца «перагарнуць старонку», як да таго заклікаў і раней. На пачатку 2021-га ўсталёўвалася палітычнае зацішша і ўзьнікала ўстойлівае ўражаньне, што неўзабаве пачнецца звыклы для Лукашэнкі гандаль з Захадам, дзе ў якасьці тавару будуць прапанаваны палітвязьні, «шматвэктарнасьць» і традыцыйнае какетлівае заляцаньне.
Аднак пасярод вясны 2021-га беларускі карабель нечакана павярнуў зусім у іншы бок. Гэты паварот анансаваў міністар замежных спраў Уладзімер Макей 10 красавіка 2021 года:
«Любое далейшае ўзмацненьне санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць перастане існаваць.... Рэжым моцны, ён выстаіць. Таму трэба выбудоўваць зь ім адносіны, зыходзячы з гэтага факту. ... Гэта прывядзе адназначна, калі далей будзе нагнятацца сытуацыя, да таго, што ня будзе той грамадзянскай супольнасьці, пра якую так клапоцяцца нашы эўрапейскія партнэры».

Менавіта пасьля гэтага ўзнавіліся масавыя арышты, а таксама пачаліся пагромы рэдакцый незалежных СМІ і грамадзкіх арганізацый. Макей гэта тлумачыў заходнімі санкцыямі, аднак ужо тады такое тлумачэньне здавалася занадта простым (ці, прынамсі, няпоўным). Лукашэнка прызнаў, што аддаў загад на масавыя палітычныя рэпрэсіі і зьнішчэньне грамадзянскай супольнасьці, у сваім перадсьвяточным выступе 2 ліпеня 2021 года:
«...Я даручыў праваахоўным органам правесьці, груба кажучы, зачыстку па ўсёй краіне. Яны перайшлі рысу. Мы ім дараваць ня можам... Ужо, напэўна, няма аблудных, падманутых у краіне, якія б не пераканаліся, што ў сапраўднасьці адбывалася ўчора і адбываецца сёньня. Засталіся толькі ворагі, якія кажуць: не, гэта ня так, гэта іншае».
«Гэта не апазыцыя, гэта здраднікі...»
Яснасьці гэта не дабаўляла. Якую «рысу» хто перайшоў? Ужо больш як паўгода ніякай вулічнай актыўнасьці ў Беларусі не назіралася. Заціх і затаіўся «трэці сэктар». Надзвычай асьцярожна паводзілі сябе ацалелыя недзяржаўныя СМІ. І менавіта ў гэты момант на загад Лукашэнкі «сілавікі» ўздымаюць дубіну гвалту і пачынаюць малаціць ёй усіх без разбору. Хваля жорсткіх рэпрэсій не спадае ўсю другую палову 2021 года.
«Выражам усіх мярзотнікаў, якіх вы фінансавалі», «Гэта не апазыцыя, гэта здраднікі», — фразы з інтэрвію Лукашэнкі ВВС у лістападзе 2021 года. Адначасова з гэтым на ўсіх заходніх і паўночных межах Беларусі адбываецца ніколі тут ня бачаны раней міграцыйны крызіс, яўна справакаваны і каардынаваны ўладамі. Як цяпер ужо зразумела, гэта была пуцінская і лукашэнкаўская «артпадрыхтоўка», складовая частка гібрыднай атакі перад наступным ультыматумам NATO і Захаду і ўжо распачатай падрыхтоўкай узброенай агрэсіі.
У сьнежні 2021-га Лукашэнка, адказваючы на пытаньне пра тое, ці адбудзецца ў лютым рэфэрэндум, робіць адметную агаворку: «Калі не пачнецца вайна...». На той час ён, без сумневу, ужо быў паінфармаваны, чаго чакаць ад саюзьніка ў наступныя месяцы.

Найбольш верагодна, што ўжо летам (ці нават увесну) 2021 года ён у агульных рысах ужо ведаў пра пляны і намеры Пуціна. А аднаўленьне масавых палітычных рэпрэсій было ў пэўнай ступені рэакцыяй на ягоныя ўласныя страхі і трывогі. Ці давядзецца самому ўдзельнічаць у агрэсіі? А калі давядзецца — якую рэакцыю гэта можа выклікаць у грамадзтве? Ці не ўспыхнуць зноў масавыя пратэсты (а ўспыхнуць яўна могуць)? Як дамагчыся таго, каб насельніцтва пры неабходнасьці паслухмяна ўспрыняло загад аб мабілізацыі і пайшло на фронт?
І адказ тут для яго мог быць толькі адзін: каб быць пакорнымі, павінны дрыжэць ад страху. Адноўленыя Лукашэнкам на пераломе вясны і лета 2021 года маштабныя палітычныя рэпрэсіі — гэта быў пачатак ягонай асабістай падрыхтоўкі да вайны, якая пагражае дыктатарскаму рэжыму.
Прывід прайгранай вайны і страчанай улады
Тады, у 2021-м, здавалася, што ўсё гэта тлумачыцца толькі глыбокай псыхалягічнай траўмай 2020 года, а таксама ягонай неспатольнай прагай помсты ўсім, хто прымусіў яго калаціцца ад страху ў жнівеньскія дні 20-га году. Насамрэч яго, відаць, ужо тады па-сапраўднаму турбавалі блізкая непазьбежная вайна і зьвязаная зь ёй дэстабілізацыя. З гэтага пярэпалаху і вынікае тое, як зьнянацку на пераломе вясны і лета 2021-га ён перайшоў ад ужо амаль дасягнутага грамадзкага супакаеньня да новага разьдзьмухваньня вугольля ўзаемнай нянавісьці і нецярпімасьці.
Чаго ж так спалохаўся Лукашэнка, даведаўшыся, што расейская вайна супраць Украіны непазьбежная? Чаму па меры таго, як усё больш яўнымі і верагоднымі становяцца драматычныя абставіны і наступствы гэтай вайны для Беларусі, тым мацней ён націскае на пэдаль рэпрэсій і гвалту? Што яму мроіцца ў цьмяных размытых абрысах пасьляваеннага сьвету?
Войны звычайна прысьпешваюць і служаць каталізатарам многіх палітычных працэсаў. Для гісторыі гэта такія дрожджы, з дапамогай якіх усё, што ў мірныя пэрыяды займала дзесяцігодзьдзі, можа адбывацца за месяцы і тыдні.
Расейская і савецкая гісторыя ХХ стагодзьдзя дае багата падстаў для роздуму сучасным дыктатарам пра іхную асабістую будучыню. Напрыклад, няўдалая для расейцаў руска-японская вайна пачатку мінулага стагодзьдзя скончылася для самадзяржаўнага рэжыму рэвалюцыяй.

Царскія ўлады на першым часе жорстка рэагавалі на грамадзкія пратэсты («крывавая нядзеля» ля Зімняга палаца ў Піцеры, «курлоўскі расстрэл» на прывакзальнай плошчы ў Менску«, масавыя арышты і ссылкі). Але ў далейшым, нібыта жахнуўшыся ад наступстваў учыненага і рэзкай нэгатыўнай рэакцыі грамадзтва, рэжым ішоў на саступкі, зьмякчаўся, лібэралізаваўся... А што, калі б не зьмякчыўся і ціснуў да канца, пагалоўна выяўляючы і рэпрэсуючы ўсіх, хто 9 студзеня 1905-га з харугвамі ішоў да Зімняга палаца шукаць у цара справядлівасьці? (Лукашэнка ў жніўні-верасьні 2020-га нібыта таксама спыніўся, схамянуўся і адумаўся... Але што было потым?).
А люты 1917-га? Вось не змаладушнічаў бы Мікалай ІІ, аддаў бы загад «упакаваць» і «завінціць» усіх, хто выйшаў на пратэсты супраць вайны ў Петраградзе: арыштаваў бы генэралаў, якія прыйшлі да яго ў імпэратарскі вагон патрабаваць адрачэньня ад пасаду; распачаў бы ў краіне масавыя рэпрэсіі... Ці адбылася б тады Лютаўская рэвалюцыя і ці абрынуўся б царскі рэжым? І ці быў бы магчымы Кастрычнік 1917-га, калі ўлада валялася пад нагамі на брукаванцы Петраграда, а захапіць яе здолелі некалькі дзясяткаў нецьвярозых матросаў, загітаваных ленінскімі камісарамі?
У часы, калі Лукашэнка вучыўся ў Магілёўскім пэдінстытуце, сусьветная гісторыя дакастрычніцкага пэрыяду ў савецкіх ВНУ выкладалася абы-як, праз пень-калоду. Чаго ня скажаш пра гісторыю КПСС. Вось яна вывучалася скрупулёзна, да драбніц: навучальны расклад любога факультэту быў перапоўнены гэтымі лекцыямі і сэмінарамі...
І пра ленінскую стратэгію ды тактыку, і пра «дыктатуру пралетарыяту», і пра стаўленьне да «паўстаньня як да мастацтва», і пра «захоп мастоў, тэлеграфа і тэлефона»... Уклалі ў галовы грунтоўна. Прынамсі тое, дзякуючы чаму бальшавікі ўтрымаліся пры ўладзе ў першыя гады пасьля рэвалюцыі, ня маючы ніякай вонкавай падтрымкі і не карыстаючыся колькі-небудзь значнай папулярнасьцю ў грамадзтве. А ўтрымаліся — бо зубамі і кіпцюрамі ўбіліся ў гэту ўладу і не лічыліся ні зь якімі ахвярамі, абы нікому яе не аддаць.
«Чырвоны тэрор» — вось што ўратавала бальшавіцкі рэжым ад пагібелі. Тое, што для мяккага, нерашучага і непасьлядоўнага Мікалая ІІ было непрымальным, для жорсткага, бязьлітаснага і непахіснага Леніна стала нормай. Стваральнік і першы кіраўнік ВЧК Фэлікс Дзяржынскі, адзін з кіраўнікоў і ідэолягаў гэтай палітыкі, вызначаў паняцьце «чырвонага тэрору» як «застрашваньне, арышты і зьнішчэньне ворагаў рэвалюцыі паводле прынцыпу іхнай клясавай прыналежнасьці».

Замяніце «клясавую прыналежнасьць» на «ляяльнасьць да дыктатарскага рэжыму» — і вы атрымаеце формулу цяперашняй палітыкі Лукашэнкі. Ад паразы і краху яго можа выратаваць толькі жорсткасьць, лютасьць, нечалавечнасьць. І вайна, якая ў любы момант можа пастукацца ў хаты беларусаў, у ягоным выкананьні будзе падобнай на тую, якую вёў Сталін (а зусім не Мікалай ІІ). Распаўсюджаныя сёньня сэнтэнцыі кшталту
могуць выклікаць хіба што іранічную ўсьмешку. А ваенны трыбунал за дэзэртырства ці ўхіленьне ад войска навошта? А «загараджальныя атрады», якія страляюць на паражэньне, калі не выконваеш загаду? А расстрэлы на месцы і СМЕРШ? Што, у кагосьці ёсьць сумневы, што Лукашэнка ўсё гэта выкарыстае? Вы што, чулі хоць пра адзін антываенны мітынг у сталінскім СССР?
Калі спыняцца рэпрэсіі? Не раней, чым скончыцца вайна
Ніякіх спадзяваньняў на блізкую адлігу ў сёньняшняй Беларусі няма. Аддадзены Лукашэнкам у сярэдзіне 2021 года загад не зьніжаць градусу рэпрэсій і страху ў грамадзтве працягвае дзейнічаць.
Якія пачварныя, гіпэрбалізаваныя, абсурдныя формы гэта набыло! Пачаліся арышты тых, хто раней ужо адбыў пакараньні «за пратэсты» ў 2020-м. Выстаўляюцца паўторныя, больш цяжкія абвінавачаньні, і, адпаведна, арыштаваных чакаюць значна больш працяглыя турэмныя тэрміны.
Гэта дакладны паўтор практык сталінскіх палітычных рэпрэсій у 30-40-я гады. Майстры «кіпучай чэкісцкай работы», каб не абцяжарваць сябе пошукамі новых «ворагаў народа», запускалі ў паўторны абарот старыя сьпісы рэпрэсаваных, якія толькі што вярнуліся з ГУЛАГу. Ніводзін былы палітычны вязень, нават адсядзеўшы ад званка да званка, ня мог адчуваць сябе ў бясьпецы.
У сёньняшняй Беларусі адбываецца дакладна гэта ж. З папраўкай на сучасныя тэхналягічныя рэаліі. Дзейнасьць цяперашніх «сьледчых» з ГУБАЗІКу значна аблегчана і спрошчана тым, што ў архівах сацсетак заўсёды можна знайсьці імёны тых неспрактыкаваных альбо неасьцярожных людзей, хто дагэтуль ня сьцёр з кампутарнай памяці крытычныя ў адносінах да рэжыму камэнтары альбо проста «лайкі» пад чужымі камэнтарамі ці фотамі.
Паводле старой, шматкроць апрабаванай сталінскай схемы рэжым пачынае жэрці сваіх, калі заканчваюцца «чужыя», — усе тыя, хто насамрэч быў супраць яго. Але ў нашым выпадку да «сваіх» чарга можа і не дайсьці: у кампутарных базах сотні тысяч «чужых» — тых, хто выходзіў на мірныя пратэсты ў 2020-м, хто пакідаў камэнтары ў сацсетках, чые імёны згадалі падчас допытаў і катаваньняў арыштаваныя. Раней у карнікаў з ГУБАЗІКу да іх проста не дайшлі рукі. А цяпер чарга паступова даходзіць. Спрут рэпрэсій, праглынуўшы сапраўдных апанэнтаў рэжыму, паступова аблытвае і душыць нават тых, хто патэнцыйна мог быць ці ў пэрспэктыве мог стаць такім апанэнтам. А то і зусім ні ў чым не вінаватых і ні да чога не датычных.
Размах палітычных рэпрэсій у Беларусі ў найбліжэйшы час, на жаль, не аслабне. Лукашэнку палохае прывід вайны і спадарожных ёй небясьпек: вымушанага ўдзелу ў расейскай агрэсіі, зьяўленьня чалавечых ахвяраў, галечы і народных пратэстаў. Спыніш рэпрэсіі — захістаецца трон. І чым горш у Пуціна і Лукашэнкі справы на фронце, тым мацней яны будуць «закручваць гайкі».