Маленькая пераможная вайна

Кожны з нас шмат разоў чуў выраз «Маленькая пераможная вайна». Выраз гэты з’явіўся падчас руска-японскай вайны. У той час расійскае грамадства, добра апрацаванае сваёй прапагандай, было ўпэўненае ў хуткай перамозе над «адсталай» Японіяй. Пра тое, як прапаганда фарміруе вобраз ворага і што адбываецца, калі сам пачынаеш у гэта верыць, пагутарым зараз.

Прапагандысцкі плакат напярэдадні руска-японскай вайны. Крыніца: cont.ws

Прапагандысцкі плакат напярэдадні руска-японскай вайны. Крыніца: cont.ws

Вялікі чалавек на малыя справы

Пачатак ХХ стагоддзя Расія сустрэла ў глыбокім крызісе. Краіна захлыналася ў рэвалюцыйным і антырэвалюцыйным тэроры. Спроба стварыць легальныя рабочыя арганізацыі ў форме «зубатаўшчыны» правалілася. Імперыя моцна хісталася. У гэтай сітуацыі часцей і часцей сярод эліт тагачаснай Расіі набірала ідэя вырашыць унутраныя праблемы за кошт нейкай знешняй перамогі. Усё большым уплывам пачалі карыстацца прыхільнікі Аляксандра Міхайлавіча Безабразава, адстаўнога чыноўніка, які прапанаваў Мікалаю II пашырыць расійскі ўплыў на Далёкім Усходзе. У 1896 годзе Безабразаў накіраваў імператару запіску аб непазбежнасці вайны з Японіяй. Ён упэўніваў яго і ўрад у неабходнасці каланізацыі Маньчжурыі.

Пры імператарскім двары гэтая прапанова сустрэла гарачую ўхвалу. Расія пачала экспансію на Далёкім Усходзе. Царскія войскі занялі Ляадунскі паўвостраў, а ў 1900 годзе акупавалі Маньчжурыю. Японія пачала ў адказ узбройвацца, але ў Пецярбургу сур'ёзна гэтую пагрозу не ўспрымалі.

Бліжэй да 1903 года «безабразаўская кліка», як яе стануць называць пазней, сфармавалася канчаткова. Да яе належалі шматлікія важныя саноўнікі, але галоўным яе рухавіком можна лічыць міністра ўнутраных спраў Вячаслава Канстанцінавіча фон Плевэ. Міністр быў моцна напалоханы нарастаючай рэвалюцыйнай сітуацыяй у краіне, і ўпарта шукаў выйсце з гэтай сітуацыі. Нібыта менавіта яму належыць аўтарства знакамітай фразы, кінутае ў спрэчцы: «Каб стрымаць рэвалюцыю, нам патрэбная маленькая пераможная вайна».

Вячаслаў фон Плевэ. Крыніца: wikipedia.org

Вячаслаў фон Плевэ. Крыніца: wikipedia.org

Супраць выступілі міністр фінансаў Сяргей Віттэ, ваенны міністр Аляксей Курапаткін і міністр замежных спраў Уладзімір Ламсдорф. Але барацьбу за ўплыў на імператара яны прайгралі. Віттэ пазбавіўся сваёй пасады. Вядомая фраза, якую ён сказаў пра Плевэ ў 1903 годзе ў асабістай размове з Курапаткіным: «Вялікі чалавек на малыя справы; дурны чалавек на справы дзяржаўныя».


Сяргей Віттэ. Крыніца: wikipedia.org

Сяргей Віттэ. Крыніца: wikipedia.org

«Жаўтатварыя макакі»

Пра Японію ў тагачаснай Расіі не ведалі амаль нічога. Шырока вядомай была толькі што кніга нарысаў аўтара «Абломава» Івана Аляксандравіча Ганчарова, складзеная на аснове дарожных нататак, якія былі напісаныя падчас экспедыцыі на ваенным фрэгаце «Палада» ў 1852 — 1855 гадах. І на гэтым, бадай, усё. Гэтым скарысталіся дзеячы прапаганды, бо мала было ўпэўніць у неабходнасці вайны аднаго імператара, трэба было пераканаць яшчэ і расійскае грамадства.

Як гэта не дзіўна, але тэзісы, якія прапагандысты выкарыстоўвалі ў пачатку ХХ стагоддзя, мала ў чым адрозніваюцца ад сённяшніх. У першаю чаргу яны, канечне, пачалі давіць на адвечную болевую кропку русскага народу — яго адчуванне сваёй вялікадзяржаўнасці і богаабранасці. «Гэтыя нахабнікі япошкі, макакі жоўтамордыя, і раптам палезлі на такую махіну, як неабсяжная дзяржава Расійская з яе больш за стомільённым насельніцтвам. У мяне і ў многіх зарадзілася нават тады падабенства да жалю да гэтых “неасцярожных вар'ятаў”», — пісаў мастацтвазнаўца Аляксандр Бенуа.

Расійскі агітацыйны плакат. Крыніца: rusneb.ru

Расійскі агітацыйны плакат. Крыніца: rusneb.ru

Да прапаганды вайны падключыліся шматлікія журналісты розных выданняў. Пісалі, што настрой расійскіх салдат — вышэй няма куды, армія наступае па ўсіх франтах. Японцы ж, наадварот, толькі адступаюць ды масава здаюцца ў палон. Расійскага мешчаніна пераконвалі ў самых, падавалася б, дзіўных рэчах. Напрыклад у тым, што японцы абсалютна ўсе хворыя на сонную хваробу, а таму ваяваць супраць іх справа няцяжкая. І народ з гатоўнасцю верыў.

Абсалютная большасць людзей была ўпэўненая ў тым, супраць іх ваююць адсталыя дзікуны, а таму перамога будзе хуткай і лёгкай.

Расійскі агітацыйны плакат. Крыніца: zapolni-probel.ru

Расійскі агітацыйны плакат. Крыніца: zapolni-probel.ru

Пазней Сяргей Віттэ прызнаваў, што ў выніку такіх «шапказакідальніцкіх» настрояў, выкліканых шмат у чым менавіта сваёй жа прапагандай, вышэйшае кіраўніцтва арміі і дзяржавы, а за імі шараговыя салдаты і звычайныя абывацелі моцна недаацанілі сапраўдную сілу Японіі.

Балючая рэальнасць

На самой справе Японская імперыя была далёка не такой адсталай краінай, якой яе ўяўлялі ў Расіі, дый многа дзе яшчэ ў Еўропе. Пасля так званай «Рэстаўрацыі Мэйдзі», якую правёў імператар Муцухіта ў сярэдзіне-канцы ХІХ стагоддзя, Японія адмовілася ад свайго ізаляцыйнага мінулага і імкліва рухалася па еўрапейскім шляху. Як і шмат хто іншы ў той час, краіна абрала для сябе шлях знешняй экспансіі. Была поўнасцю пераўзброена армія, пабудаваны вялікі і моцны флот. Аб усім гэтым расійская выведка неаднаразова дакладвала Мікалаю ІІ, але імператар, напэўна, сам паверыў у сваю ж прапаганду, і не зрабіў ніякіх крокаў.

Першыя ж сутыкненні паказалі непадрыхтаванасць рускай арміі да сапраўднай вайны. Японцы, наадварот, аказаліся дысцыплінаванымі, адважнымі, і даволі жорсткімі салдатамі. Атака японскімі мінаносцамі караблёў Ціхаакіянскай эскадры на знешнім рэйдзе Порт-Артура, расійскай крэпасці на тэрыторыі Кітая, 8 лютага 1904 года з'явілася фактычным пачаткам шырокамаштабных баявых дзеянняў. Японскі флот змог адразу патапіць некалькі караблёў праціўніка. Войскі былі разгубленыя. У тым жа месяцы ў Порт-Артур прыбыў праслаўлены віцэ-адмірал Сцяпан Восіпавіч Макараў. Ён заявіў пра сябе яшчэ падчас вайны з туркамі. Аўтарытэт Макарава на флоце быў вельмі высокі, і ўсе спадзяваліся, што ён прыдумае, як адолець японцаў. Настрой маракоў адразу ўзняўся. Але ненадоўга. 31 сакавіка 1904 года знакаміты адмірал загінуў разам з усёй камандай браняносца «Петрапаўлаўск». У гэты час на сушы японская армія амаль без перашкод высадзіліся на Квантунскім паўвостраве, адразаючы Порт-Артур ад чыгункі і такім чынам поўнасцю блакуючы яго з усіх бакоў. Аблога пачалася летам 1904 года і да снежня гарнізон вымушаны быў скласці зброю.

Вайна працягнулася нядоўга. Спачатку, у лютым 1905 года ў бітве пры Мукдэне японская армія перамагла войскі Расійскай імперыі на сушы, пры гэтым больш за 20 тысяч рускіх салдат і афіцэраў трапілі ў палон. А 27-28 траўня таго ж года каля вострава Цусіма расійская 2-я эскадра Ціхаакіянскага флоту пад камандаваннем віцэ-адмірала Зіновія Пятровіча Раждзественскага пацярпела поўнае паражэнне ад Імператарскага флоту Японіі пад камандаваннем адмірала Хэйхаціра Тога.

Віцэ-адмірал Зіновій Пятровіч Раждзественскі. Крыніца: wikipedia.org

Віцэ-адмірал Зіновій Пятровіч Раждзественскі. Крыніца: wikipedia.org

Тут страты расійскага флоту былі зусім ганебнымі — 21 патоплены карабель супраць 3 у японцаў.

Хэйхаціра Тога. Камандуючы Аб'яднаным флотам Японскай імперыі. Крыніца: wikipedia.org

Хэйхаціра Тога. Камандуючы Аб'яднаным флотам Японскай імперыі. Крыніца: wikipedia.org

7 ліпеня японцы высадзіліся на Сахаліне. 15-тысячнаму дэсанту супрацьстаяла некалькі тысячаў катаржан, якія абсалютна не былі матываваныя паміраць за цара. Супрацьстаянне цягнулася менш за месяц.

У выніку Расія была вымушана падпісаць з Японіяй мірную дамову ў Портсмуце (ЗША), якая зацвердзіла паразу агромністай Імперыі ад маленькай Японіі.

Рускі бунт

Вайна — справа не танная. Для эканомікі Расійскай імперыі яна стала моцным выпрабаваннем. Эканамічнае становішча насельніцтва значна пагоршылася. 9 студзеня 1905 года рабочыя Пецярбурга на чале са святаром Георгіям Гапонам арганізавалі шэсце да Зімняга палацу. Рабочыя ўсяго толькі жадалі ўручыць цару калектыўную петыцыю аб сваіх патрэбах. Бяззбройныя людзі былі расстраляныя. Разгорнутая супраць уласнага народа вайна ўзрушыла краіну, ліберальную інтэлігенцыю, шырокія масы. І на гэтую глебу наклалася паражэнне Расіі ў Руска-японскай вайне, Портсмуцкі мір, падпісаны Сяргеем Юльевічам Віттэ, моцна падарвалі прэстыж самадзяржаўя. Па краіне пранеслася хваля страйкаў. Баставалі ўсе: рабочыя, студэнты. Беспарадкі ахапілі армію і флот. Пачаліся ўзброеныя сутыкненні паўстанцаў з паліцыяй.

Пераломным момантам, які вымусіў гасудара пайсці на шырокія саступкі, стала Кастрычніцкая забастоўка 1905 года. 17 кастрычніка быў прыняты Маніфест аб удасканаленні дзяржаўнага парадку ці, як ён увайшоў у гісторыю, Кастрычніцкі маніфест, які абвяшчаў увядзенне грамадзянскіх свабод і выбары ў Дзяржаўную думу.

Такім чынам можна зрабіць высновы, што, часам, жаданне кіруючых колаў вырашыць унутраныя праблемы за кошт «маленькай пераможнай вайны» можа прывесці зусім не да тых вынікаў, якія чакаліся спачатку. Адарванасць ад рэальнасці кіруючых колаў Расійскай імперыі ў 1903-1905 гадах прывяла да таго, што яны самі пачалі верыць у сваю ж прапаганду, што вылілася ў цяжкую вайсковую паразу ад значна больш слабога, як здавалася тады, праціўніка.

Часам кажуць, што гісторыя вучыць толькі таму, што яна нічому не вучыць. Гледзячы на тое, што цяпер адбываецца ў суседняй краіне, то, можа, яно і так. Мінула больш за сто год, а ў Расіі і сёння дзве бяды — дурні і дарогі.