Асобная думка. 2020 год — адно з лепшых, што здаралася са мной за ўсё жыццё

Вось і надышоў гэты дзень у чарговы раз. Штогод шмат хто спрабуе падвесці нейкія вынікі невядома чаго, з’яўляюцца нафталінныя «а калі б...» ці «а я казаў, што...» І мяне гэтае ўсё вельмі напружвае і дратуе, бо скончылася толькі адно — масавыя акцыі пратэсту, якія неўзабаве пераўтварыліся ў мясцовыя святы непаслухмянасці. Нічога больш не скончылася, і нават самі ўлады з гэтым прама і ўскосна перыядычна згаджаюцца.

Архіўнае фота. Марш мудрасці ў Мінску

Архіўнае фота. Марш мудрасці ў Мінску

Кожны раз пры сустрэчы са знаёмымі і сябрамі, якіх тут засталося зусім няшмат, на пытанне «Як сам?» адказваю коратка: «Пакуль на свабодзе, як бачыш». І гэта ўжо не жарт. «Так, гэта ўжо нямала!» — згаджаюцца яны. Потым пара-тройка фраз, «убачымся» і разыходзімся. Абмяркоўваць навіны на вуліцы ў нас ужо не прынята, нават і напаўголаса. У гэтым проста няма сэнсу. Абсмоктваць кепскія навіны бракуе нерваў, а добрых — на жаль, ужо амаль не існуе. Чымсьці асабістым грузіць чалавека таксама не хочацца, бо ў кожнага хапае свайго з прычэпам. Толькі калі хтосьці звяртаецца па дапамогу, то тут стараешся зрабіць усё, што можаш, бо разумееш — калі звярнуўся, то значыць сам чалавек ужо зусім не дае рады. «Якая дапамога трэба?» — менавіта гэта гучыць, калі нехта вырашае распавесці пра свае праблемы. 

Вось гэта прамое следства і галоўны вынік падзей 2020 году. Людзі сталі больш уважліва ставіцца адзін да аднаго, пільна абіраць сяброў ды знаёмых і сачыць за сваім атачэннем. Гарызантальныя сувязі па прыкмеце «свой-чужы» не толькі нікуды не зніклі, але і павольна мацнеюць. Безумоўна, гэта адчуваюць і ўлады, якія ўсе гэтыя гады бязлітасна знішчалі і працягваюць знішчаць нават мікраіншадумства, бяруць пад самы пільны кантроль ці ўвогуле рашуча спыняюць бачныя спробы яднання грамадзян у любым пытанні. Узаемадапамога і салідарнасць сталі цяжкім крымінальным злачынствам. Ці мог хтосьці напачатку 2020 году такое прадказаць? 

Зразумела, што гэта пытанне рытарычнае. І гэта яшчэ адзін сур’ёзны вынік 2020 году — улады вырашылі, што яны могуць тлумачыць свае ж законы як ім захочацца, а то і ўвогуле стварыць становішча «не да законаў». Прыкладаў шмат і яшчэ раз прыводзіць няма сэнсу. Канешне, гэта не магло застацца без наступстваў, і самымі відавочнымі з іх сталі канчатковы разрыў зваротнай сувязі паміж уладамі і грамадствам, татальная беспакаранасць і пераўтварэнне сілавых структур у карныя, падвышэнне і ўтрыманне на піку градуса нянавісці да іншадумцаў і абагаўленне вышэйшага чынавенства. 

Глядзіце таксама

Іншых вынікаў падаўлення масавых і адзіночных акцый пакуль няма. Рэпрэсіі працягваюцца, людзей саджаюць і гвалтоўна выціскаюць з краіны, татальны кантроль на межах... Гэта ўсё сведчыць толькі аб адным — нічога яшчэ не скончана, як бы ні падавалася. Я свядома не кажу пра нейкія вынікі дзейнасці апазіцыйных структур за мяжой, бо не лічу сябе экспертам у гэтым пытанні. Вынікамі могуць лічыцца толькі вызваленне палітвязняў і змена ўлады. Колькасць сустрэч на разных узроўнях, мемарандумаў, заяў і рознага кшталту «панэляў аб новай Беларусі» — гэта не вынікі, а пералік падзей.

Не так даўно я сустрэў свайго былога калегу, які з насмешкай спытаў: «Ну і навошта табе ўсё гэтае было трэба?», маючы на ўвазе мой удзел у тых падзеях і наступствы (звальненне і неаднаразовыя «суткі»). Я нешта яму адказаў, мы разышліся, але я ўпэўнены, што кожны з нас хаця б аднойчы чуў тое ж самае пытанне. У кожнага свае матывы, але ж я дакладна ведаю, што рабіў тое, што рабіў, каб быць шчырым са сваім унутраным «я» і не саромецца самога сябе ды сваіх учынкаў ці бяздзеяння. 2020 год — адно з самага лепшага, што здаралася са мной за ўсё жыццё.