Топ-10 фільмаў пра французскую рамантыку і рэвалюцыю

На гэтым тыдні адзначаўся Дзень узяцьця Бастыліі. Францыю немагчыма ўявіць без значных палітычных зрухаў, якія, абавязкова, суправаджаюцца рамантычнымі гісторыямі. Не толькі пра рознага кшталту барацьбу, але і пра пачуцьці – мы склалі аўтарскі сьпіс з дзесяці лепшых фільмаў аб гэтым. Прыемнага прагляду!

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Кадр аднаго з фільмаў нашай падборкі

Акрамя гэтай аўтарскай падборкі, іншыя сьпісы фільмаў глядзіце тут.

Нумар 10. Каралева Марго (La reine Margot). 1994

la_reine_margot_2.jpg

Ізабэль Аджані была адзначаная ўзнагародай за лепшую жаночую ролю на Канскім кінафэсьце. Прынцэса Марго Валуа на пачатку фільма, сястра каталіцкага караля Францыі вымушаная пайсьці замуж за пратэстанта Генрыха Наварскага ў 1572 годзе.

Цікавы факт, які яшчэ больш заахвоціць да прагляду: брат Марго – Генрых Валуа – той самы, які быў вялікім князем літоўскім 1573-1575 гадах, а потым зьбег у Францыю, калі там пачалі вымалёўвацца прэтэнзіі на трон.

Фільм Патрыса Шэро пастаўлены па кнізе Аляксандра Дзюма, у якой аўтар апісваў гугеноцкія войны і вядома, самую значную падзею, якая прывяла да канца пратэстантызму ў Францыі – Гугеноцкую ноч. Калі гэтыя назвы і імёны знаёмыя і цікавяць вас яшчэ зь дзяцінства – «Каралева Марго» выдатна вам падыйдзе. Можам парэкамендаваць прагляд пад бутэлечку бургундзкага ці бардо.

Нумар 9. Прыгажуня дня (Belle de jour). 1967

belle_de_jour_3.jpg

Гісторыя, якая адбываецца на фоне шыкоўнага Парыжу, распавядае пра жыцьцё маладой хатняй гаспадыні, якую з вытанчана грае Катрын Дэнёў. Раніцай яна – паважаная буржуазная пані. А пасьля яна паглыбляецца ў таемнае жыцьцё прастытуцыі. Гэтыя два сьветы, здавалася б, супрацьлеглыя, пераплятаюцца ў жыцьці парыжанкі.

Луіс Буньюэль адчуваў ціск эпохі і падараваў гледачам правакатыўны твор. Чаканьні грамадзтва і ўласныя пачуцьці – у некаторых людзей гэтыя рэчы ўваходзяць у стан грамадзянскай вайны ў межах аднаго чалавека. Нехта павінны зьнікнуць.

Нумар 8. Дантон (Danton) 1982.

danton_3.webp

Гістарычная стужка Анджэя Вайды пра часы тэрору, што адбываліся ў Францыі пасьля рэвалюцыі і ўзяцьця той самай Бастыліі. Галоўную ролю выконвае Жэрар Дэпардзье. У той час ён яшчэ не зьбіраў ураджай кавуноў з Лукашэнкам і не атрымліваў кватэры ў Грозным ад Кадырава. Тады Жэрар быў французскім акторам нумар 1. Рэвалюцыя зьядае сваіх дзяцей. Анджэй Вайда на момант здымкаў фільма жыў у Парыжы. Як пазьней ён распавядаў, зрабіць фільм пра французскія перавароты яго натхніў прыклад яго ўласнай радзімы, дзе ўжо распачаўся супраціў «Салідарнасьці» камуністам.

Фільм пра канфлікт паміж дзвюма найбольш яскравымі асобамі таго перыяду, двума рэвалюцыйнымі лідэрамі Дантонам і Рабесп'ерам, якія спачатку былі на адным баку, але прыйшлі да фундамэнтальных рознагалосьсяў, якія магла вырашыць толькі гільяціна.

Нумар 7. Гэта час забойцаў (Voici le temps des assassins). 1956

voici_le_temps_des_assassins_1.jpg

Фільм-нуар ад рэжысэра Жульена Дзювіўе распавядае пра інтрыгі і падман, у цэнтры якіх герой Жана Габэна, паважаны рэстаратар, жыьццё якога перкруціла з но да галавы раптоўнае зьяўленьне маладой жанчыны, якая выдала сябе за дачку яго памерлай жонкі.

Назва фільма, якая паказвае на тое, што надышоў час для злосьці, адлюстроўвае сутнасьць гісторыі, якая спрабуе паказаць чалавечую прыроду ў яе самым злым выглядзе. Адносіны дваіх чалавек, напружаныя і загадкавыя, становяцца полем для маніпуляцыі маладой жанчыны. Што кіруе ёю, і чаму яна спрабуе злавіць у сваю сетку мужчыну?

Парыж, паказаны ў стужцы – ўжо легендарны, такіх вуліцаў, падобных размоваў і звычайнай гарадзкой мітусьні ўжо не знойдзеш у сталіцы Францыі. Краіна часоў Жана Габэна засталася хіба ў стужках зь яго ўдзелам.

Нумар 6. Бітва за Алжыр (La battaglia di Algeri). 1966

la_battaglia_di_algeri_2.jpg

Фільм стаў сьведчаньнем духу супраціву і складанасьці каляніяльнай барацьбы. Рэжысэр Пантэкорва распавядае пра паўстаньне ў Алжыры супраць Францыі ў 1950-х гадах. Стужка ў пэўным сэнсе зьяўляецца дакумэнтам часу, няхай толькі і з аднаго боку – афрыканскага.

Фільм зьняты ў дакумэнтальным стылі з пераважна непрафэсійным акторскім складам. Складана выявіць розьніцу паміж выдумкай і рэальнасьцю. Вуліцы Алжыра ажываюць ад гукаў стрэлаў, плачу параненых і шэпту рэвалюцыянэраў. На момант здымкаў вядома яшчэ захаваліся як нямыя так і жывыя сьведкі змаганьня з мэтраполіяй. Яны трапілі ў карціну.

Разам з тым, хаця мы і бачым некаторую прыхільнасьць да паўстанцаў з боку стваральніка, рэжысэр якасна і па-майстэрску паказвае французаў, іх патрыятызм, зьмяшаны з роспаччу. З усіх фільмаў нашай падборкі верагодна складана зрабіць выбар на карысьць гэтай гісторыі, але калі наважыцеся – не пашкадуеце.

Нумар 5. Узьбярэжжа туманаў (Le quai des brumes). 1938

le_quai_des_brumes_1.jpg

Гэта кінематаграфічны шэдэўр, які зьяўляецца сьведчаньнем руху так званага паэтычнага рэалізму даваеннага французскага кіно. У гэтым напоўненым туманам фільме Жана Габэна ўвасабляе асуджанага жаўнера на імя Жан. Рэжысэр Марсэль Карнэ здолеў стварыць з тумана партовага горада Гаўр неад'емнага мэлянхалічнага героя, амаль раўназначнага з любым чалавекам у гісторыі.

Пад цяжарам ваеннага шыняля вочы героя амаль заўжды скіраваныя глыбока пад ногі ўсярэдзіну сябе. Доўгімі восеньскімі вечарамі гэтая стужка пакладзецца як мага ўтульней у вашае сэрца. Кранальныя сутыкненьні Жана Габэна з туманнай будучыняй прымусяць вас ухапіцца мацней за сёньняшнія даброты. Сьмела крочце разам з героем.

Дарэчы, гераіню Мішэль Сымон апранала сама Како Шанэль.

Нумар 4. За аблокамі (Al di là delle nuvole). 1995

al_di_la_delle_nuvole_2.jpg

Прыгожая стужка пастаўленыя легендарным Мікеланджэла Антаніёні ў супрацоўніцтве з Вімам Вэндэрсам, уяўляе сабой кінематаграфічны акт мастацтва, у якім сплеценыя заблытаныя гісторыі пра каханьне. Гэты фільм вярнуў Антаніёні да рэжысуры пасьля доўгага перапынку.

Шыкоўны акторскі склад, у тым ліку Джон Малкавіч, Сафі Марсо і Марчэла Мастраяні, стварае безьліч распаўсюджаных сытуацый між людзьмі, і суправаджае іх уласнымі рэфлексіямі.

Там, за аблокамі, лётае той сэнс, які намагаюцца знайсьці героі.

Нумар 3. Адрынутыя (Les misérables). 2000

les_miserables_4.webp

Гэтая тэле-вэрсія, пастаўленая Жазэ Даянам зь вялікім засяроджаньнем на эмацыйнасьці, адрозьніваецца імкненьнем паглыбіцца ў заблытаныя пласты гісторыі Віктора Гюго. Стваральнікі прапаноўваюць гледачам дэталёвы разгляд вечных тэмаў французскага клясыка. Магутны вобраз Жана Вальжана ў выкананьні Жэрара Дэпардзье і яго жыцьцёвага ворага інспэктара Жабэра ў манумэнтальным выкананьні Джона Малкавіча – робяць гэтую адаптацыю рамана найлепшай з усіх магчымых.

Узаемадзеяньне паміж Вальжанам і Жавэрам, зьяўляецца эмацыйным ядром стужкі. Інспэктар, якога грае Малкавіч - гэта постаць непахіснай, амаль трагічнай адданасьці закону, якая стварае захапляльную мэтамарфозу ў характары Жана Вальжана.

Рэжысэр няўхільна адлюстроўвае жорсткую рэчаіснасьць Францыі ХІХ стагодзьдзя, ад убоства прадстаўнікоў парыжскай бядноты да багацьця яго буржуа. У той час як шматлікія экранізацыі звужаюцца і спрашчаюцца, вэрсія Жазэ Даяна патрабуе ўсяго неабходнага часу, каб дасьледаваць мноства персанажаў і падсюжэтаў.

Нумар 2. Вялікая ілюзія (La grande illusion). 1937

la_grande_illusion_3.jpg

Гэтая карціна — вяршыня творчасьці вялікага Жана Рэнуара. У галоўнай ролі зьняўся малады Жан Габэн. Напярэдадні Другой сусьветнай разьні рэжысэр зьвяртаецца да падзеяў, што адбываліся ў Першую сусьветную, калі два францускія пілоты трапілі ў нямецкі лягер для ваеннапалонных. Там яны сустракаюць брытанскіх афіцэраў, і пачынаюць рыхтаваць плян уцёкаў.

Гэта вялікае антываеннае кіно. Сама назва робіць спасылку на кнігу пачатку ХХ ст «Вялікая Ілюзія», у якой аўтар кажа, што вайна бескарысная праз агульныя эканамічныя зацікаўленасьці ўсіх эўрапейскіх краінаў. Жан Рэнуар паказвае нам прыклад чалавечнасьці ў змрочных умовах.

Рэжысэр выкарыстоўвае лягер для ваеннапалонных як мініятуру ўсяго сьвету. Абсалютна розныя людзі знаходзяцца пад адным дахам, што ахоўваецца нямецкай арміяй.

Рэнуар дае ясны адказ, што калі мы прагнем лепшага сьвету для сябе і ўсяго чалавецтва, патрэбныя не пачуцьці, але намаганьні і ўчынкі. Гэтая стужка выклікала захапленьне ў Франкліна Рузвэльта і была забароненая для паказу Гітлерам і Мусаліні.

Нумар 1. Пакуты Жаны Д’Арк (La passion de Jeanne d'Arc). 1928

la_passion_de_jeanne_d_arc_3.jpg

Лепшым фільмам з нашага сьпісу зьяўляецца, верагодна, ужо скрайне малавядомы шэдэўр Карла Тэадора Дрэйера. Адразу трэба пазначыць: стужка чорна-белая ды яшчэ і нямая. На нашую думку, «Пакуты Жаны Д’Арк» — гэта адзін з найлепшых фільмаў за ўсю гісторыю кінематографу. А роля Жаны Д’Арк у выкананьні Марыі Фальканэцьці — эталён акторскага майстэрства. Здымкі не прайшлі без наступстваў для акторкі — яна аддала насамрэч усё сваё жыцьцё ў гэтую ролю. Больш Марыя Фальканэцьці не здымалася, і больш за тое, пазьней ёй прыйшлося праходзіць лекаваньне з прычыны душэўнага разладу.

У фільме не ўбачым гераічнай Жаны, якая ўзначаліла змаганьне супраць ангельскай акупацыі Францыі. Мы трапляем адразу ў 1431 год, калі Жана Д’Арк знаходзіцца на судовым працэсе ў якасьці абвінавачанай. Увесь фільм мы глядзім на твары, на твары, на твары. Дэкарацыі зьяўляюцца чымсьці цалкам другасным (хаця на іх стварэньне пайшоў амаль увесь бюджэт стужкі).

Прыемнага прагляду!