Фантазіі аб поспехах: сучасны трэнд або «нафталін»?
Мы шмат казалі і разважалі пра тое, што беларускія ўлады жывуць у сваіх марах і канструююць сваю, паралельную рэальнасць, якая мала супадае з рэчаіснасцю. Аднак у апошні час я ўсё ж задумваюся, а ці не занадта добра мы пра іх думаем? Мы думаем, што яны прыхільнікі магічнага мыслення, усялякіх «трансфармацый рэальнасці» і іншых мультысусветаў. А можа ж, яны проста затрымаліся ў мінулым?

Ілюстрацыйнае фота з Вконтакте
Растлумачыць планы і словы дзеячаў і інстытутаў лукашэнкаўскага рэжыму можна двума шляхамі. Першы — гэта сапраўды «загаворы», магічнае мысленне і гэтак далей. А другі — гэта звыклая ім брэжнеўшчына ды з'езды ЦК КПСС. І калі першае дзесьці нават у сучасных канспіралагічных трэндах — як канцэпцыя «плоскай зямлі», — то другое адкрыта папахвае нафталінам.
На тыдні Лукашэнка раіўся з кіраўніцтвам МЗС і дыпламатычных прадстаўніцтваў. І там ён раптам выявіў нейкі «праславуты раскол унутры Еўрасаюза». Паводле яго, гэты раскол павінен быць выкарыстаны дыпламатамі для змены палітыкі ЕС у дачыненні да беларускіх уладаў.
«Нам важна, каб гэты праславуты раскол унутры Еўрасаюза перакінуўся і на нашу тэму — на антыбеларускую палітыку ЕС. З якімі краінамі можна пра гэта казаць у першую чаргу, МЗС мне дакладваў. Канкрэтныя меры павінны быць ужо ў працы. У цэлым нашым дыпламатам на Захадзе ні ў якім разе нельга адседжвацца», — сказаў ён.
Лукашэнка даручыў зрабіць усё, каб на Захадзе загучалі «разумныя галасы». У прыватнасці, яны павінны данесці «праўду пра Беларусь» да экспертных і аналітычных цэнтраў, сродкаў масавай інфармацыі. «У наступнай хвалі палітыкаў павінны быць тыя, каго вы ведаеце і хто ведае Беларусь. Беларусь сапраўдную», — заявіў Лукашэнка.
Верагодна, пад «расколам у Еўрасаюзе» Лукашэнка мае на ўвазе Венгрыю і Славакію, якія па многіх пытаннях бягучага парадку дня маюць сваю пазіцыю, адрозную ад іншых краін ЕС. Вось толькі яны займаюць гэтую «адрозную ад іншых пазіцыю» не проста так. А для таго, каб у іх краіны паступалі танныя расійскія энерганосьбіты — або каб ЕС кампенсавала адмову ад іх. Варта было Славакіі дамовіцца з ЕС аб гарантыях у сувязі з коштамі на газ — і Браціслава імгненна разблакавала 18-ы пакет санкцый Еўропы супраць Расіі.
Гэта Лукашэнка называе «расколам унутры Еўрасаюза»? Трошкі слабавата для расколу, не?
Тым больш, што Лукашэнка, уласна, не можа прапанаваць Венгрыі і Славакіі нічога, акрамя сяброўскіх абдымкаў і пацалункаў. Грошай у Лукашэнкі няма, а калі б і былі — то яны пад санкцыямі. Нафты няма, газу няма, нічога карыснага для гэтых краін ЕС у яго няма. Дык з чаго б «раскольнікам » «запрагацца» за ягоны рэжым?
Яшчэ адна фантазія Лукашэнкі звязаная з Дональдам Трампам. «Апошнія сустрэчы з амерыканцамі паказалі, што яны гатовыя слухаць. Без усялякага паддобрывання з нашага боку. Вяртанне Трампа адкрыла акно магчымасцяў для паляпшэння стасункаў», —кажа кіраўнік РБ.
Верагодна, Лукашэнка нагадвае пра сваю доўгую сустрэчу са спецпрадстаўніком Трампа па Расіі і Украіне Кітам Келагам. Але па-першае, для гэтай сустрэчы Лукашэнку давялося вызваліць Сяргея Ціханоўскага, а па-другое, узяць на сябе некаторыя абавязанні, каб угаварыць Пуціна на спыненне агню ва Украіне. Апошняе Лукашэнка не выканаў — аж да таго, што Пуцін фактычна праігнараваў Лукашэнку падчас свайго прылёту ў Мінск у канцы чэрвеня.
Цяпер амерыканцы ведаюць, што Лукашэнка не мае ніякага ўплыву на Пуціна. А значыць, і сустракацца з ім практычна бескарысна.
«Практычна», — таму што калі Кіт Келог сустрэнецца з Лукашэнкам яшчэ раз, і вынікам гэтай сустрэчы стане вызваленне Марыі Калеснікавай або Уладзіміра і Эдуарда Бабарыкаў, асабіста я буду толькі «за» такое «акно магчымасцяў».
Глядзіце таксама

У нябёсах лунае не толькі Лукашэнка. Міністэрства эканомікі апублікавала некаторыя вынікі штомесячнага кан'юнктурнага апытання кіраўнікоў прадпрыемстваў, праведзенага ў ліпені. Паводле яго вынікаў, больш за траціну рэспандэнтаў паведамілі пра станоўчую дынаміку выпуску, 70% канстатавалі павелічэнне альбо захаванне попыту на сваю прадукцыю. Каэфіцыент загрузкі вытворчых магутнасцяў у сярэднім па прамысловасці склаў 69%, сярэдні перыяд забяспечанасці прадпрыемстваў замовамі — 3 месяцы. 88% рэспандэнтаў адзначылі захаванне альбо рост колькасці работнікаў, 90% рэспандэнтаў прагназуюць павелічэнне альбо захаванне попыту на выпускаемую прадукцыю, 85% — рост аб'ёмаў вытворчасці. Ну проста прыгажосць у нас, а не прамысловасць, праўда?
Аднак пры гэтым толькі траціна рэспандэнтаў — 36% удзельнікаў апытання — разлічваюць на рост прыбытку.
Гэта значыць, 64% апытаных сцвярджаюць, што ў іх усё добра, але «за бясплатна». Бо я не ўяўляю, як можа быць «рост аб'ёмаў вытворчасці» (85%), спалучаны з «павелічэннем альбо захаваннем попыту на выпускаемую прадукцыю» (90%) без росту прыбытку. За кошт чаго тады павялічваюцца тыя ж аб'ёмы вытворчасці?
Верагодна, за кошт таго ж, чаго і заўсёды — беззваротных крэдытаў і дзяржаўных субсідый. А гэтыя крэдыты і субсідыі павінна пакрыць дзяржава, і пры гэтым нават не нашая дзяржава. Міністр фінансаў Юрый Сілеверстаў у чарговы раз паведаміў, што Беларусь зноў абмяркоўвае магчымасць прыцягнення «дадатковага фінансавання» ад Расіі. Пры гэтым грошы патрэбныя не на канкрэтныя эканамічныя праекты, а «на праяданне» — для беларускага бюджэту, які сёлета звярстаны з дэфіцытам 4,5 млрд беларускіх рублёў, або 1,6% ВУП.
Але гэта яшчэ не ўсё. Беларусь, аказваецца, хацела б прыцягнуць крэдыты для падтрымкі нафтаперапрацоўчай галіны. Той галіны, якая заўсёды была першай па прыцягненні грошай у Беларусь. Але цяпер яе павінна падтрымаць Расія.
Фінансаванне дэфіцыту беларускага бюджэту фактычна і азначае тое, што Масква павінна даць грошы Беларусі, напрыклад, на заробкі тым самым работнікам, якія вырабляюць прадукцыю «без прыбытку». Чаму Масква павінна гэта рабіць — незразумела. Але робіць час ад часу.
У выніку мы можам канстатаваць, што сапраўды гэтак жа, як цяпер, было і ў часы СССР. Калі з высокіх трыбун дэкларавалася, што «ўжо цяперашняе пакаленне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме», а ў рэальнасці не было пральнага парашку і туалетнай паперы, а каб набыць мэблевы гарнітур, трэба было стаяць у чарзе тры-пяць гадоў.
І як на з'ездзе КПСС нашы чыноўнікі кажуць пра тое, як усё ў нас добра, але ў гэты ж час ведаюць, што ўсе іх заявы не маюць ніякага дачынення да рэальнасці. Галоўнае —адсправаздачыцца, што ўсё добра. Бо смага — нішто, а імідж — усё, праўда?