Модныя трэнды часоў Вялікага Княства Літоўскага, якія актуальныя і сёння
Ва ўсе часы было тое, што называлася модным. Адзенне, выгляд, музыка, светапогляд… Штосьці пануе над густам кароткі час і знікае, а штосьці і затрымліваецца. А гэта ўжо класіка! Што было ў модзе ў часы Вялікага Княства Літоўскага і што з таго не сорамна прадэманстраваць зараз? Ці шмат модных фішак свядома ці не выкарыстоўваецца ў наш час?
![00_vokladka_21.jpg 00_vokladka_21.jpg](/img/v1/images/00_vokladka_21.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У Вялікім Княстве Літоўскім панавала гэтак званая сармацкая культура. Яе носьбіты — шляхціцы і шляхцянкі. Росквіт сармацкай культуры прыйшоўся на XVII стагоддзе. Гэта культура стала асновай шляхецкага светапогляду і ладу жыцця. Ідэальны вобраз сармацкай культуры — шляхціц-хрысціянін, які ў мірны час займаецца гаспадаркай, а ў час вайны выступае як ваяр. Такі лад жыцця ў Рэчы Паспалітай стаў узорным, да яго імкнулася і мяшчанства, штосьці пераймалі сяляне. Ад шляхты сарматызм патрабаваў пэўнага ладу жыцця, і гэта смела можна назваць модай.
Шмат што з той культуры і моды можна пераняць і ў наш час, гэта будзе выдатна, бо тым самым мы пабудуем масток пераемнасці з даўнімі, не самымі благімі часамі. Канечне, наўрад ці хто зараз можа дазволіць сабе мець сапраўдную шляхецкую сядзібу, хадзіць у кунтушы, падпаясаным залатым тканым пасам з шабляю на баку… Але тое-сёе, нават не свядома, пануе ў модзе і сёння.
Падголеныя скроні, пышныя вусы
![Сармацкая прычоска Сармацкая прычоска](/img/v1/images/01_sarmackaja_pryczoska.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сармацкая прычоска
Вялікі адбітак сармацкая культура пакінула ў вопратцы і знешнім выглядзе шляхты. Кунтушы, жупаны, дарагія пасы, зброя, скураныя боты, канфедэраткі… Гэтая вопратка была ў кожнага годнага шляхціца і ў ХІХ стагоддзі былі нават сімвалам страчанай дзяржавы і культурнага супраціву. Але яна так і засталася ў тым далёкім мінулым, сёння мала хто па вуліцах гарадоў шпацыруе пры шаблі ці ў канфедэратцы. А вось модныя шляхецкія прычоскі пабачыць можна. Што праўда, толькі мужчынскія.
![Сучасная прычоска з ноткамі стылю XVII стагоддзя Сучасная прычоска з ноткамі стылю XVII стагоддзя](/img/v1/images/04_suczasnaja_pryczoska_z_notkami_stylju_xvii_stahoddzja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сучасная прычоска з ноткамі стылю XVII стагоддзя
У першай палове XVII стагоддзя яшчэ панавала велізарная разнастайнасць прычосак, якія насіла шляхта Рэчы Паспалітай. Іх аб’ядноўвала адно — абавязковыя вусы. Толькі моладзь, у якой яшчэ не выраслі вусы, хадзіла без іх. Усё астатняе было зменлівым. Валасы падголеныя і не падголеныя, кароткія і доўгія, прычасаныя і непрычасаныя. Бароды рознай даўжыні і формы. І ўсё гэта ў розных камбінацыях.
![Стыль шляхты (Стэфан Чарнецкі) Стыль шляхты (Стэфан Чарнецкі)](/img/v1/images/02_styl_szljahty__stefan_czarnecki_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Стыль шляхты (Стэфан Чарнецкі)
Усё змянілася ў другой палове таго ж XVII стагоддзя, а асабліва ў эпоху караля Яна ІІІ Сабескага. У мужчынскай модзе адназначна дамінаваў адзін тып прычоскі — валасы, раўнамерна прыбраныя па ўсёй акружнасці галавы з максімальна падголенымі скронямі. Барада была не ў пашане, але пышныя вусы заставаліся абавязковымі. Калі зірнуць на творы сучасных барбераў, то можна пабачыць каноны XVII стагоддзя. Гэта модна і стыльна ў нашчадкаў сарматаў.
![Класічны сармацкі стыль. Класічны сармацкі стыль.](/img/v1/images/03_klasiczny_sarmacki_styl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Класічны сармацкі стыль.
Мілітарны стыль мужчын, дэкор сукенак жанчын
Хоць і без шаблі на баку, але мілітарны стыль у наш час таксама ў пашане. Для шляхты гэта была не толькі вопратка з элементамі «турэцкага стылю», але і зброя ў інтэр’еры.
![Шляхта і мілітарны дэкор інтэр'еру. Шляхта і мілітарны дэкор інтэр'еру.](/img/v1/images/05_szljahta_i_militarny_dekor_inter_eru.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шляхта і мілітарны дэкор інтэр'еру.
У наш жа час стыль «мілітары» добра заўважаны ў гаме вопраткі. Яго сэнс — выкарыстанне элементаў ваеннага рыштунку: ваенных чаравікаў, камуфляванага адзення колеру хакі, ваенных галаўных убораў (напрыклад, берэтаў), жэтонаў, бірулек у форме куль і гэтак далей. Дарэчы, стыль гэты падарылі свету Крысціян Дыёр і Луі Вітон. Стыль зарадзіўся ў 1960-я, як новы спосаб пратэсту супраць ваеннай палітыкі. Яго ідэя — ператварыць ваенную вопратку ў грамадзянскую, пазбавіць яе традыцыйнага прызначэння. За дзесяцігоддзі стыль не толькі не страціў сваёй папулярнасці, а наадварот, дасягнуў піку.
![Мілітарны стыль Мілітарны стыль](/img/v1/images/06_militarny_styl.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Мілітарны стыль
Гэта мода мужчынская, а што ж наконт шляхцянак? Тут, канешне, усё складаней. Паўтарыць строй XVII стагоддзя досыць складана. Дый выглядаць пані ў такім гарнітуры будзе як мінімум дзівосна ў натоўпе гарадскіх модніц.
![Шляхцянкі ў зімовым строі (кадр з фільма Пан Володыеўскі) Шляхцянкі ў зімовым строі (кадр з фільма Пан Володыеўскі)](/img/v1/images/07_szljahcjanki_u_zimovym_stroi__kadr_z_filma_pan_volodyeuski_.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шляхцянкі ў зімовым строі (кадр з фільма Пан Володыеўскі)
Сукенка шляхцянак складалася, як правіла, з вузкага зачыненага станіка, які завяршаўся мысам, з разнастайным аздабленнем на грудзях, конусападобнай гладкай спадніцы і кароткай накідкі. Мяшчанкі апраналіся ў прылеглы жакецік, спадніцу з мяккімі фалдамі, фартух, на плячах часта «ўнакідку» вісеў больш аб’ёмны жакет з дэкаратыўнымі рукавамі. Складана? Яшчэ як!
Але ёсць нешта, што радніць модніц з Вялікага Княства Літоўскага і з нашага часу. Жанчыны тых часоў любілі апрануцца прыгожа і нават фарсіста. Знаёма? А то ж! Яны выкарыстоўвалі разнастайныя, часта вельмі дарагія тканіны — шоўк, аксаміт, атлас. Ад іх і зараз не адмаўляюцца, былі б сродкі! Вялікую папулярнасць мелі матэрыі з залацістай, «люстравай» паверхняй. Дэкарыравалі сукенкі шэрагамі нашытых каляровых узорных кантаў, залатымі і срэбнымі карункамі, плеценым шнуром. А гэта ўжо не адняць і з сучаснага стылю.
Рабіць ахвяраванні
У Вялікім Княстве Літоўскім было модна рабіць ахвяраванні. Самыя розныя: ад фундацыі шпіталя ці школы, да ахвяры на ўзвядзенне і ўтрыманне касцёла з кляштарам. Гэта было не толькі паказное «добрае сэрца», але і інструмент захавання родавай памяці. Ахвярадаўцаў памяталі доўгія гады, сваімі фундацыямі шляхціцы і шляхцянкі захоўвалі ў прасторы памяць па сабе і па сваім родзе.
![Кнігі з бібліятэкі Радзівілаў Кнігі з бібліятэкі Радзівілаў](/img/v1/images/08_knihi_z_biblijateki_radzivilau.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кнігі з бібліятэкі Радзівілаў
Наўрад ці хто сёння сваім коштам пацягне будаўніцтва барочнага касцёла ў цэнтры горада ці мястэчка… Але быць данатарам добрых спраў можа кожны. І гэта шануецца! Напрыклад, вельмі годная практыка рабіць ахвяраванні на выданне новых кніг. Гэта не новая справа, яна была пашыраная ва ўсе часы. Імя фундатараў друкавалася ў кнізе, асабліва шчодрым прысвячаліся ўступы і вітальныя словы пахвалы. Мікола Гусоўскі напісаў прысвячэнне Боне Сфорца, якая дапамагла выдаць «Песню пра зубра», а Вінцэнт Каратынскі змясціў поўны спіс данатараў пасмяротнага выдання 10-томнага збору паэзіі Уладзіслава Сыракомлі.
![Бібліятэка-кабінет у маёнтку. Бібліятэка-кабінет у маёнтку.](/img/v1/images/09_biblijateka_kabinet_u_majontku.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Бібліятэка-кабінет у маёнтку.
Дарэчы, пра кнігі. Збіраць уласныя бібліятэкі і чытаць — таксама модная справа яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Не толькі паграбамі з бочкамі такайскага віна ганарылася шляхта, годны кнігазбор — таксама прадмет гонару гаспадароў сядзібы. А ці вялікая бібліятэка ў нашых сучаснікаў?
Гасціннасць на ўсе часы
«Госць у дом — Бог у дом». Прымаць гасцей — гэта годна, спрадвечна, і па-за трэндамі. Гэта вечнае. Да таго ж, нашчадкі старасвецкай традыцыі Рэчы Паспалітай — народы вельмі гасцінныя і таварыскія, чым славяцца ва ўсім свеце.
Даўней хадзілі ў госці часта і прымалі адзін аднаго надзвычай ветліва. Шляхта і багатае мяшчанства былі вядомы сваёй гасціннасцю, не без фанабэрыі, але з цеплынёй і сардэчнасцю.
![Тыповая сядзіба Тыповая сядзіба](/img/v1/images/10_typovaja_sjadziba.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Тыповая сядзіба
Шляхціц шанаваў і любіў смачны і багаты стол, моцныя напоі. Што праўда, злоўжываючы і тым, і іншым. Любы госць, званы ці выпадковы, быў радасцю для гаспадара. Сяброўства сярод шляхты завязвалася лёгка і хутка, пасля некалькіх келіхаў віна. Затым, як правіла, ладзілася пышнае застолле.
Глядзіце таксама
![Як адзначалі Вялікдзень гістарычныя асобы: Міцкевіч, Дамейка, Колас, Купала, Караткевіч, Брыль «На тое ж даў Бог людзям свята!». Пасхальныя зацемкі з мінулага](/img/v1/images/00_vokladka_7.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Абед складаўся з чатырох страў, з якіх дзве былі мяснымі і дзве з гародніны; тварагу і сыра да абеду або на вячэру — колькі захочуць. Па нядзелях і ў святы была яшчэ пятая страва, мясная — гусь, каплун, цяляціна або свініна. На вячэру — тры стравы: мясную і каша на мясным адвары. На падвячорак — хлеб з маслам, альбо падсмажыць каўбасу, або бігас прыгатаваць. Піва да абеду, на вячэру, паміж абедам і вячэрай — колькі выльецца. Калі ў радавой шляхецкай хаце з’яўляўся госць, яго сустракалі з вялікай ветлівасцю, неслі з скляпоў і кладовак усё, што было ў запасах.
![Шляхецкае застолле Шляхецкае застолле](/img/v1/images/11_szljaheckae_zastolle.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Шляхецкае застолле
Калі з модай на пышнае застолле зараз усё складана, сямейныя святы цяпер усё часцей праходзяць у фармаце фуршэту (цікава, як бы пачуваўся там шляхціц з XVII стагоддзя?), то вось адна цікавая завядзёнка тых часоў усё ж мае месца і ў наш час: рабіць падарункі гасцям. Так, менавіта гасцям! У былыя часы для таго, каб яго атрымаць, госцю дастаткова было пахваліць любую рэч, нават каня. Сёння гэты звычай адраджаецца, і на сучасных вечарынах гаспадары дому робяць для гасцей прыемнасці.
![12_furszet.jpg 12_furszet.jpg](/img/v1/images/12_furszet.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Піць каву
У Вялікім Княстве Літоўскім каву шанавалі. Традыцыя піць каву ў айчынную культуру харчавання ўвайшла на мяжы XVII–XVIII стагоддзя. З часам кава пашыралася сярод станаў і ёй насалоджваліся і ў палацах, і ў плябаніях, і ў засценках… А каву любяць і зараз!
![За кавай За кавай](/img/v1/images/13_za_kavaj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
За кавай
Пры гэтым культура і мода піць каву — гэта не кружка распушчальнай кавы, залітая зранку ў пусты страўнік у прыкуску з якой канапкай, не! Кава як традыцыя — гэта цырымонія. У чым яе сутнасць? У атмасферы. У гасцёўні за столікам, трэба ўзяць парцалянавыя філіжанкі са сподкам, туды наліць годнай, зваранай кавы, дабавіць па жаданні вяршкі з гарнушка і… насалоджвацца. Проста аддацца моманту, быць у ім. Альбо падзяліць гэты момант з блізкім чалавекам за добрай бяседай.
Глядзіце таксама
![На каву да плябана: як ужывалі напой у колах каталіцкага духавенства На каву да плябана: як ужывалі напой у колах каталіцкага духавенства](/img/v1/images/04_haradzane_za_kavaj.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Што яшчэ да ўжывання кавы, дык гэта — годныя кавярні. Традыцыя і мода піць каву на публіцы пакрысе адраджаецца ў гарадах колішняга Вялікага Княства. Кавярня з якасным духмяным напоем розных гатункаў перастае быць рэдкасцю, яна становіцца дадзенасцю. А гэта важна! Без перабольшання будзе сказаць: кава стала сапраўдным нацыянальным напоем, сімвалам, культурным кодам і маркерам цывілізацыі.
Рабіць ідэальны партрэт
Сармацкі партрэт! Візуалізацыя сармацкай культуры. Партрэтны жанр быў часткай пануючай моды. Чалавек на сармацкіх партрэтах паказваўся па вызначанай схеме — у парадным аддзенні, у атачэнні прадметаў, што адлюстроўвалі не толькі мадэль, яе ўнутраны свет, характар, але і перадавалі прыналежнасць да тое ці іншае саслоўнае групы насельніцтва, дазвалялі даведацца пра становішча асобы ў грамадстве. Гэта быў ідэальны вобраз!
![Сармацкі партрэт Сармацкі партрэт](/img/v1/images/14_sarmacki_partret.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сармацкі партрэт
Стоп! Але што тут сучаснага? Няўжо і цяпер гасцёўні кватэр у панэльных дамах упрыгожваюць партрэты гаспадароў у поўным аблачэнні? Канечне ж не, але прага да стварэння ўласнага менавіта ідэальнага вобразу нікуды не знікла. І сацыяльныя сеткі нам у дапамогу! Фільтры, рэтуш, інструменты карэкціроўкі… Хто ж публікуе ў стужцы інстаграма ці фэйсбуку кепскія свае фотаздымкі? Пытанне рытарычнае… Усе імкнуцца паказаць сябе ў лепшым святле. Проста раней гэтага дасягалі жывапісам, цяпер — фотаздымкамі і іх рэтушам.
***
Стыльныя прычоскі, духмяная кава, партрэты і застоллі… Гэта ўсё добра, гэта ўсё было і гэта ў модзе зараз. Так адраджаецца культура. Але як наконт галоўнага? Прадстаўнікі шляхты, носьбіты культуры, адрозніваліся гонарам і пачуццём уласнай годнасцю. Быць годным было модна. А ці вернецца тая мода?