«На тое ж даў Бог людзям свята!». Пасхальныя зацемкі з мінулага

Вялікдзень — самая вялікая хрысціянская ўрачыстасць. Дзень, калі Хрыстос сваёю крывёю адкупіў увесь свет, называюць «святам святаў». Для вернікаў Пасха становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця, гэты дзень народам традыцыйна адзначаўся асаблівым чынам ва ўсе часы.

00_vokladka_7.jpg


Вялікдзень у Парыжы: свята ў сям’і Міцкевічаў

Адама Міцкевіча, як і тысячы іншых патрыётаў Рэчы Паспалітай, лёс кінуў на выгнанне з роднага краю. Традыцыі сваёй радзімы выгнанцы ўзялі з сабой, у тым ліку — святочныя традыцыі Пасхі.

Пасхальны вобраз Адама Міцкевіча, паштоўка ХХ ст

Пасхальны вобраз Адама Міцкевіча, паштоўка ХХ ст

У Парыжы сям’я Міцкевічаў — пан Адам, пані Цаліна, дачка Марыя і сын Уладзіслаў — жыла вельмі сціпла, але сваіх землякоў і французскіх сяброў годна прымалі і ў будні, і ў святы. Дачка паэта, Марыя Гарэцкая, ва ўспамінах, якія напісала для малодшага брата, занатавала, як адзначалі сямейны Вялікдзень.
У Вялікую Пятніцу ўвечары Адам Міцкевіч збіраў сям’ю ў сябе і, прачытаўшы Евангелле, спяваў з жонкай і дзецьмі «Песні жальбы». Пасля браў свянцонае, дзяліўся з дзецьмі і гасцям яйкам. Марыя згадвае: «Пры гэтым абменьваліся пажаданнямі, змест якіх, заўжды аднолькава глыбока ўрэзаўся ў нашы сэрцы».    

Велікодны стол у маёнтку

Велікодны стол у маёнтку

Потым ішлі за святочны стол. На велікодным стале 27 сакавіка 1846 г. падавалася свянцонае і традыцыйнае — скруткі літоўскіх каўбас, вэнджаных у ядлаўцовым дыме, прысланыя з радзімы, цвікла — вараны сталовы бурак з хрэнам і прыправамі. Але галоўнай стравай быў мазурак — традыцыйны торт з пясочнага цеста. Іх на стале Міцкевічаў было з дзясятак. Пакрытыя глазурай і падсмажаныя ў цукры, яны ўтваралі рознакаляровы дыван на белым абрусе. Мазуркі мелі розны смак — віленскі, цалкам зроблены з фінікаў і арэхаў, паліты памадкай, радзівілаўскі — толькі сухафрукты і арэхі паміж каржамі, шчодра палітыя ромавай глазурай... Французскія сябры былі ў захапленні! І пераймалі рэцэпты.

Мазурак

Мазурак

Апошнімі гадамі, на вялікае задавальненне Міцкевіча, на Вялікдзень прыходзіла адна габрэйка-зямлячка. Яна прыносіла на свята мацу. Дачка Міцкевіча згадвае, што для бацькі гэта было не толькі смачна, але і прыемна згадаць радзіму. Яна часта чула, як ён казаў, што няма ў свеце печыва смачнейшага за навагрудскія яўрэйскія абаранкі...

«Тут не ведаюць ані нашых фарбаваных яек, ані свянцонага...»

Пакуль Міцкевіч здзіўляў нашымі прысмакамі французскую публіку, за тысячы кіламетраў ад дому другі выгнанец і сябар-філамат Ігнат Дамейка адзначаў свята ў Чылі. Сваімі ўражаннямі ад свята ў 1847 годзе ён дзяліўся ў лісце са сваякамі. І канечне ж адзначаў: што падобнае да нашага свята, а што не.

 Ігнат Дамейка

 Ігнат Дамейка

Дамейка пісаў, што ў Вялікі чацвер, як толькі зазвоняць на Gloria, ва ўсім горадзе наступае поўны спакой і ціша; нельга нікому ехаць па вуліцы, і ніякага транспарту не пускаюць у горад. Ціша стаіць ажно да вечара, а як толькі пачынае шарэць, амаль увесь люд, да 6000 жыхароў, выходзіць на вуліцы і ідзе наведваць магілы, таксама, як і ў нас.
Асабліва закранула Дамейку традыцыя Вялікай пятніцы: «Тут такія самыя абрады, як і ў нас. Уявіце сабе такія ж спевы, такія ж алтары і арнаменты; касцёлы такой жа формы і такую ж самую мову, што і ў нас (бо іспанцы амаль таксама вымаўляюць на лаціне, як і мы), і зразумееце, чаму так часта я іду да касцёла, і ў касцёле аддаю сябе ва ўладу мілым чароўным ілюзіям, як бы знаходжуся ў Чэнстахове ці ў Жыровічах».
У апошні дзень, у суботу, усе цырымоніі заканчваюцца святою Імшою, на якой упершыню звоняць званы на Gloria; і тут жа тысячы вазоў і коней з усіх бакоў урываюцца ў горад; наступае галас і мітусня, як на нашых кірмашах; страляюць з гарматаў і звоняць ва ўсе званы. Вечарам у гэты дзень няма ў касцёле набажэнства. Тут не ведаюць ані нашых рэзурэкцый (святочнай працэсіі), ані фарбаваных яек, ані свянцонага...

 Традыцыйнае свянцонае

 Традыцыйнае свянцонае

Успаміны пра Вялікдзень на лесніковай пасадзе

Паэма Якуба Коласа «Новая зямля» вядомая ўсім. За ёй справядліва замацавалася назва «энцыклапедыя жыцця канца XIX – пачатку XX стагоддзяў». Паэма пісалася за кратамі. Сам Колас прыгадваў, што ў час знаходжання ў астрозе перад яго вачыма паўставалі малюнкі маленства з жаданнем іх запісаць. Сярод усяго знайшлося месца і для Вялікадня.

Якуб Колас у астрозе

Якуб Колас у астрозе

У сваёй лёгкай і дасціпнай манеры Колас пераносіць нас у сваё дзяцінства, малюе вобразы свята, якія былі ў народзе спрадвеку. Што казаць, і сёння дзе-нідзе Вялікдзень па вёсках адзначаюць менавіта так.  
У Вялікую суботу хата і двор старанна прыбіраюцца да свята… А пад вечар, памыўшыся і пагаліўшыся, бацька, дзядзька і старэйшыя дзеці едуць у царкву на ўсяночную, каб асвяціць яйкі і абавязкова схадзіць на споведзь. Па дарозе заязджаюць да сваякоў у вёску, у царкве святар правіць службу…

Вялікдзень. Ілюстрацыя да паэмы Новая зямля (Васіль Шаранговіч)

Вялікдзень. Ілюстрацыя да паэмы Новая зямля (Васіль Шаранговіч)

А ў гэты час дома чакае ўжо «абрусам белым стол накрыты». Пачынаецца сямейная святочная ўрачыстасць. Пасля малітвы і свянцонага велікоднага яйка сямейка «цешыцца ядою». І тут лепш за ўсё даць слова самому Коласу:
І пайшла чарка з рук у рукі,Пілі ўсе гладка, без прынукі;Малым папрабаваць далі,Каб весялейшыя былі.А на стале тым — рай ды годзе,Што рэдка трапіцца ў народзе,Ляжала шынка, як кадушка,Румяна-белая пампушка,Чырвона зверху, сакаўная,Як бы агонь у ёй палае,А ніз бялюткі, паркалёвы;Кілбасы-скруткі, як падковы,        Між сцёган, сала і грудзінакКрасуе ўсмажаны падсвінак,Чысцюткі, свежы і румяны,Як бы паніч той надзіманы.Муштарда, хрэн — адно дзяржыся,У рот паложыш — сцеражыся!А пірагі, як сонца, ззялі,        І ў роце бабкі раставалі.Са смакам елі і багата —На тое ж даў Бог людзям свята.

Уваскрэсне Беларусь: святочныя вершы Купалы

07_janka_kupala.jpg

Янка Купала

Калі Колас у астрозе цешыўся і ратаваўся ад тугі дзіцячымі ўспамінамі, Янка Купала пра Вялікдзень пісаў вершы, насычаныя глыбокім сэнсам нацыянальнага адраджэння, прарочым сэнсам.
Два вершы — «Вялікдзень» і «Хрыстос васкрос!..» напісаны з інтэрвалам у два гады ў 1909-м і 1911-м адпаведна. Складаны і беспрасветны час панавання імперыі, калі кожнае каліўца кволага нацыянальнага жыцця яе народаў жорстка падаўлялася. Спадзеў на адраджэнне Купала смела атаясамлівае з уваскрэсеннем Хрыста — перамогай над смерцю і вечным жыццём.  

Вялікдзень

Два святы на свеце — ад нівы да нівы:Хрыстос уваскрос! Наступае вясна!Глянь смела, глянь вольна, шчасліў, нешчаслівы.І далей к жыццю з паніжэння і сна!
Гэй, гэй, на спатканне вялікіх двух святаўСпяшыце супольна, хто ў путах не згніў!Хай льюцца-зыльюцца ад хаты да хатыУ адно ўсе грамады, ўсе людзі ўсіх ніў!*Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівы.Забыў не адзін з нас нядаўныя дні,А ўспомні-прыпомні, шчасліў, нешчаслівы,Аб тых, што ў світанні на век адышлі,—
Усе костачкі тыя на гонях папарных,—Жывых, што ў бяспуцці акуццем звіняць...Прыпомні, дай слова не шчэзнуці марна,Пачатую справу шырыць, расшыраць!*Вялікдзень! Вялікдзень! — ад нівы да нівыЗаводзіць бацькоў сваіх песеньку сын.Зірні ж, азірніся, шчасліў, нешчаслівы.І заўтра на поле да сох як адзін!
Дагэтуль мы плачам, дагэтуль мы стогнем,Адвечных не можам пазбыціся слёз...Наперад па шчасце! Хай злое ўсё дрогне,Вясна ўжо на свеце,— Хрыстос уваскрос!
У сваіх святочных вершах, як і ў іншых, Янка Купала так ці інакш выкарыстоўвае хрысціянскую сімволіку, якая суадносіцца з канкрэтнымі праблемамі грамадскага жыцця, нацыянальнага і палітычнага вызвалення Беларусі.

Хрыстос васкрос!..

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасць,Усё глядзіць смялей, святлей;Вялікі мучальнік, здаецца,Абняў ўсіх ласкаю сваей.
Хрыстос васкрос!.. НеугамоннаПлыве па нівах, пушчах клік,Плыве адна святая думкаЗ канца ў канец, як свет вялік.
Хрыстос васкрос! — пяе сялянінЗ сваёй убогаю раднёй,Забыўшы песні аб прадвесні,Забыўшы ўсё усёй душой.
Хрыстос васкрос! — пяе сіротка,Слуга, таптаная людзьмі;Пяе ў чужыне падарожны,Забыты бліжнімі сваймі.
Хрыстос васкрос! — пяюць і тыя,Хрыста згубіўшыя сыны,Што ўціхамоўку куюць путыДля нашай беднай стараны.
Хрыстос васкрос!.. К табе, о Божа,І я ў дзень гэты просьбу шлю:Хай Беларусь, мая старонка,Ўваскрэсне к вольнаму жыццю!
Мінула больш за сотню год, а радкі для нас усё яшчэ актуальныя.

Валачобнік Янка Брыль

08_janka_bryl__1930_ja.jpg

Янка Брыль
Валачобніцтва — старажытны звычай, які меў месца падчас святкавання Вялікадня. У пачатку свята валачобнікі абыходзілі двары, спявалі гаспадарам валачобныя песні, велічалі гаспадара, зычылі яму і ўсёй сям’і шчасця, плёну на ніве, прыплоду ў статку. Затым валачобнікі гаварылі імправізаваныя віншаванні. Пасля гэтага гаспадары дзякавалі ім і давалі падарункі — так званае «валачобнае»: яйкі, сыр, каўбасы, а хто і грошы. Больш за ўсіх валачобніцтва любілі дзеці.

Валачобнікі

Валачобнікі

Аб тым, як адзначалася Пасха і як хадзілі ў валачобніцтва добра згадвае класік беларускай літаратуры Янка Брыль: «Усяночная перад суботай была самым яркім святам, больш нават, як сам Вялікдзень. У нас царква за чатыры кіламетры ад мястэчка Турэц, у царкву ішлі з паходнямі».
А вярталіся ўжо назаўтра, калі ўзыходзіла сонца. Было такое павер’е, што сонца іграе ад радасці на Вялікдзень. І ўсё прыглядаліся — а калі чаго хочаш, гэта і бачыш. Здавалася, што сонца сапраўды іграе.
У валачобнікі хадзілі па вечарах. Прыгожа спявалі мужчыны, яны падыходзілі пад вокны і харошымі галасамі спявалі гэтыя народныя велікодныя песні з прыпевам «Віно ж наша зеляное» і «Вялік святы нам дзень настаў».

 Валачобнкі (рэканструкцыя абраду на Падляшшы, гурт Podlaska Konopielka)

 Валачобнкі (рэканструкцыя абраду на Падляшшы, гурт Podlaska Konopielka)

Брыль згадвае, што «мы, падлеткі-пацаны, спяшаліся раней за ўсіх пайсці, нам таксама яйкі давалі. Мы таксама нешта спявалі нібыта... А потым самае грунтоўнае пачыналася пад канец. Ішлі мужчыны, іх салідна абдорвалі. Давалі кумпяка, сала, каўбасу, грошы давалі. Некаторыя, можа, і гарэлку давалі. І тады мужчыны збіраліся і наладжвалі выпіўку».
Цяпер падобных абрадаў амаль не сустрэць.

Святочнае меню Уладзіміра Караткевіча

11_uladzimir_karatkevicz.jpg

Уладзімір Караткевіч
За савецкім атэістычным часам адзначаць Вялікдзень было нават і небяспечна, аднак свята было, захоўваліся яго традыцыі. Згадвалі пра яго і ў колах нацыянальнай інтэлігенцыі, віншавалі адзін аднаго.

Напрыклад, Уладзімір Караткевіч пісаў Рыгору Барадуліну: «Дарагі Рыгор! Дасылаю табе меню, якое хацеў забраць. Будзь шчаслівы». І далучанае святочнае меню:






МЕНЮ НА ВЯЛІКДЗЕНЬ 18 КРАСАВІКА 1982 г.

Фарбаванкі.Студзіна з хрэнам.Студзіна без хрэна.Хрэн без студзіны.Целенціна, шпігаваная часныком, для важнасці — па-польску.Огeркі хіньске (або в’етнамскія, хто іх ведае).Бульба вараная а lа Караткевіч.Бутэрброды з сырам гарачым.Крывое мяса (па-простаму каўбаса).Сала а lа свіння.Кансервы «Скумбрыя п’янага пасолу».Грыбы-баравікі, над грыбамі палкаўнікі.Масліны а lа Арыстафан Папасатырас.Зялёны гарошак па-заечаму (фірменнае Валі Барадулінай).Лімон а lа Кісламардзевіч.Сыр хатні з радзімы Янкі Купалы.НАПІТКІТураўская Юбілейная Крыварылаўка.Жыватоўка з перцам еt сеtеrа, еt сеtеrа.
Вось такія жартаўлівыя, а можа і не зусім, святочныя стравы шанаваў Уладзімір Сямёнавіч!