Вялікдзень — перамога жыцця. Што і для чаго рабілі нашыя продкі на Вялікдзень
Што і для чаго рабілі нашыя продкі на Вялікдзень? Якія традыцыі і рытуалы захаваліся да сёння і што яны азначаюць, высвятляла «Будзьма!».

Адной з самых значных кропак народнага календара з’яўляецца Вялікдзень. У старажытнасці гэта было свята канчатковага абуджэння прыроды ад зімовага сну, пачатку новага гадавога цыклу жыцця.
Свята адзначалася тады, калі ўжо светавы дзень заўважна перавышаў цёмную частку сутак.
З прыходам хрысціянства да гэтага дня была прымеркавана Пасха — дзень уваскрасення Ісуса Хрыста.
Прынцыпова сутнасць свята не змянілася — гэта перамога жыцця над смерцю. А традыцыі і рытуалы зліліся, перамяшаліся і сплавіліся ў адзінае цэлае. І сёння мы можам назіраць, як, напрыклад, варожаць, з дапамогай асвячонага ў царкве яйка.
Дык што і для чаго рабілі нашыя продкі на Вялікдзень? Якія традыцыі і рытуалы захаваліся да сёння і што яны азначаюць, давайце разбірацца.
Прыборка дома
Традыцыйная справа. Напярэдадні любога значнага дня (Каляды, Дзяды, Купалле і г. д.) руплівыя гаспадары прыбіраюцца ў хаце ды на падворку, мыюць фіранкі ды вычышчаюць дываны.
Сёння часта тлумачаць гэта так: калі нехта прыйдзе ў госці, каб не было гаспадыні сорамна. Але ж сакральны сэнс заключаецца ў іншым. Кожная прыборка — гэта абнаўленне, пазбаўленне ад усяго непажаданага і вызваленне вашай жыццёвай прасторы для новага, шчаслівага. Бо любая значная кропка календара — гэта час, калі паўплываць на свой лёс прасцей усяго. І, пагадзіцеся, у чыста прыбраным утульным памяшканні значна прасцей і прыемней марыць пра добрую і паспяховую будучыню.

Рытуальная ежа
На Вялікдзень увага ежы надавалася неверагодная. Нязменнымі рытуальнымі стравамі з’яўляюцца фарбаваныя яйкі (пра іх будзе напісана асобна ніжэй) і булкі. Абавязковым таксама лічылася паставіць на стол што-небудзь мясное. Увогуле, напярэдадні гэтага свята стараліся нагатаваць як мага больш смачных ды разнастайных страваў.
З прыходам хрысціянства яйкі, булкі, мяса сталі свяціць у цэрквах. І лічылася, што першы дзень (а Вялікдзень адзначаецца 3 альбо 7 дзён) варта есці толькі асвячоную ежу. Гэта гарантуе вам здароўе і дабрабыт на ўвесь наступны год.
Акрамя таго, рэшткі асвячонай ежы выкарыстоўвалі з самымі разнастайнымі (часам, на наш погляд, вельмі дзіўнымі) мэтамі. Так, костку ад асвячонага мяса закопвалі ў першай баразне, каб бульба ўрадзіла. Крошкі, косткі ў нямытым абрусе з велікоднага стала закопвалі на гарышчы, каб засцерагчы дом ад пажару. Той жа набор закопвалі ў жыце, каб яго не пабіла градам ды не палажыла моцным ветрам. А гарэлка з пакрышанымі ў яе скарынкамі ад велікодных булак лічылася першым сродкам ад ведзьмароў.

Камунікацыі з продкамі
Без гэтага не абыходзіцца, бадай, не адно вялікае свята ў беларусаў. Нашыя продкі вельмі шанавалі душы сваіх памерлых і намагаліся жыць з імі ў згодзе. Вялікдзень не выключэнне. Лічылася, што гэта прыдатны час, каб пакамунікаваць («пахрыстосавацца») з тымі, хто ўжо сышоў з жыцця. Таму наведвалі могілкі, прыбіраліся там пасля зімы, узгадвалі сваіх памерлых.
Можна ім нават дапамагчы пазбавіцца ад «грахоў» і лягчэй патрапіць у рай, разламаўшы і паклаўшы на могілкі велікоднае яйка для птушак. Лічылася, што птушкі з’ядуць пачастунак і ў падзяку папросяць у Бога за гэтую душу.
У беларусаў нават існуе асобны Вялікдзень для нябожчыкаў — Радаўніца (адзначаецца на 9-ы дзень пасля Вялікадня жывых). У гэты дзень на могілкі прыносілі рэшткі са святочнага стала, каб і ў продкаў было свята.
Але ўсё гэта мела рытуальнае значэнне — выказванне павагі, клопату і любові да сваіх памерлых. Прынесеныя пачастункі (не забываемся, што гэта былі рэшткі, а не торбы ежы) пакідалі для птушак. Самі наведвальнікі ўзгадвалі сваіх продкаў добрымі словамі, перадавалі веды пра іх дзецям.

На жаль, сёння шмат дзе гэтая традыцыя ператварылася ў сапраўднае вар’яцтва — пікнікі на пагостах. Калі стаіць добрае надвор’е, і вам хочацца зрабіць святочны стол на прыродзе, то не варта абіраць для гэтага могілкі, намагаючыся «забіць 2-х зайцоў» адначасова. Адсвяткуйце Вялікдзень на прыродзе ў коле жывых сваякоў ды сяброў. А праведаць сваіх памерлых схадзіце іншым разам.
Яшчэ адным болем сталі штучныя кветкі — пасля Радаўніцы імі закіданыя амаль усе пагосты. Самы моцны аргумент — штучныя кветкі дольш стаяць. Але ж яны выгараюць на сонцы ды вымываюцца дажджамі — і хоць і «стаяць», выглядаюць жахліва. Наўрад ці вам самім спадабалася б такая «прыгажосць».
Таму і продкаў лепш ушанаваць жывымі кветкамі. Альбо падрыхтуйцеся загадзя — зрабіце букет з сухацветаў, каласкоў, галінак, упрыгожаных папяровымі стужкамі.

Камунікацыі з «духамі мясцовасці»
Адметнай была традыцыя «хрыстосавацца» не толькі з продкамі, але і з лакальнымі духамі: палевікамі, лесунамі, дамавымі, дваравымі і г. д. Варта было пакінуць ім фарбаванае яйка з вітальнымі словамі ды зычаннямі дабрабыту. Лічылася, што пасля такога міфічныя істоты могуць нават паказацца чалавеку.

Велікоднае яйка
Гэта не проста рытуальная страва. У фарбаваным яечку (асабліва асвячоным у царкве) заключаецца цэлы комплекс разнастайных функцый, сімвалаў, абрадаў.
У Беларусі велікодныя яйкі называюць шкробанкамі, пісанкамі, крашанкамі, маляванкамі. У залежнасці ад таго, якім чынам іх фарбавалі. Пераважна выкарыстоўвалі чырвоны колер — сімвал жыцця і яго перамогі над смерцю. Калі ж у сям’і ў гэтым годзе быў нябожчык, то маглі пафарбаваць у жоўты, зялёны, чорны ці сіні колеры, якія асацыяваліся са смерцю.
Да фарбаванага яйка ў розныя часы было неадназначнае стаўленне збоку царквы. Быў перыяд нават, калі з яйкамі не пускалі на «завутрэню». Але ж у народзе гэты сімвал Вялікадня заўжды карыстаўся асаблівай пашанай.

З асвячонага яйка пачыналася застолле. Прынесенае з царквы чырвонае яйка клалі ў ваду, якой пасля ўмываліся, каб увесь год быць «чырвоным ды румяным» (г.зн. здаровым). Шалупінне ад яек затыкалі ў шчыліны паміж сценамі — ад клапоў ды прусакоў. Тоўчанае — падмешвалі ў ежу свойскай жывёле, каб лепш гадавалася ды прыплоду больш прынесла.
Асвячоным яйкам каталі па дзіцячых галовах — каб разумнымі былі. Адно яйка пакідалі за абразамі — лічылася, што яно можа прыпыніць пажар. Адны крыніцы сцвярджаюць, што трэба кінуць яго ў агонь і той сціхне. Паводле іншых — каб спыніць пажар, трэба з велікодным яйкам тры разы абегчы вакол яго.
Распаўсюджанымі былі і гульні з яйкамі. Самай улюблёнай была «Біткі». Калі стукалі яйкамі адно аб адно, і выйграваў той, у каго яйка заставалася цэлым. Яйкі каталі з нахіленых дошак ці пагоркаў — у каго далей пакоціцца. Хавалі пад шапкі — трэ было адгадаць, у які бок павернута «дзюбка». Яйкі дарылі: бабулі — ўнукам, хросныя бацькі — хрэснікам. Таксама раздавалі велікодныя яйкі і жабракам. З яйкамі варажылі на будучы лёс. І шмат іншага.

Забароны
На Вялікдзень забаранялася праца — дый калі тут працаваць? Бо столькі ж трэба цікавага зрабіць! І яшчэ адной вялікай забаронай былі бойкі ды сваркі. Лічылася, што ў гэты дзень за сварку ці бойку дваіх панясе адказнасць уся грамада.
Ды хіба толькі ў гэты дзень?