Ксёндз Вячаслаў Барок: «Уваскрашэнне Хрыста ёсць гарантыяй перамогі дабрыні»

Сёння каталіцкія вернікі адзначаюць адно з двух галоўных рэлігійных святаў – Вялікдзень. На жаль, сустракаць гэты светлы дзень з лёгкім сэрцам сёлета стала надзвычай складана. 

Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Вячаслаў Барок. Фота Паўла Хадзінскага

Мы паразмаўлялі з ксяндзом Вячаславам Барком, які ў мінулым годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь з мэтаў бяспекі і зараз служыць у Варшаўскім касцёле Святога Аляксандра, пра тое, як святкаваць дзень Уваскрашэння Хрыста падчас гістарычных падзеяў, што нясуць за сабой шмат гора і пакутаў.
— Ксёндз Вячаслаў, якімі вы памятаеце Вялікодныя святы свайго дзяцінства?

— З маіх дзіцячых успамінаў адразу ўсплывае тое, што гэтае свята безумоўна было самым істотным. Вялікадня мы з братамі і сёстрамі чакалі з нецярпеннем. У часы майго дзяцінства не было рэлігійнай свабоды, таму святкаванне дня Уваскрашэння Хрыста набывала асаблівы характар таямнічасці. Памятаю, як радавалася сэрца, калі я дазнаваўся аб тым, што яшчэ некаторыя мае сябры святкуюць Пасху, фарбуюць яйкі ў розныя колеры, пякуць пірагі… Тады адчувалася, што мы з гэтымі сябрамі маем агульную таямніцу.

А ў сям’і, у бацькоўскай хаце мы рыхтаваліся да Вялікадня вельмі загадзя. У дзень Уваскрашэння Хрыста мы абавязкова наведвалі храм, нягледзячы на тое, што час для вызнавання сваёй веры быў неспрыяльны. Таму ў першую чаргу на Вялікдзень была малітва, спатканне з Хрыстом у супольнасці вернікаў у касцёле, а пасля ўжо быў урачысты стол з асвечанымі стравамі.

— Ці даводзілася вам раней святкаваць Вялікдзень за мяжой?

— Не, у гэтым годзе я ўпершыню ў жыцці святкую Пасху не ў Беларусі.

Ксёндз Вячаслаў Барок у Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Вячаслаў Барок у Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

— З якім настроем вы гэтым разам сустракаеце дзень Уваскрашэння Хрыста, ці адчуваеце трывогу?

— Апошнім часам вернікі задаюць мне пытанне: а як жа святкаваць Пасху, калі мы бачым столькі зверстваў у гэтым свеце? І за кожным разам, адказваючы на яго, я пераконваю ўсіх у наступным: так, у гэтым свеце ёсць грэх, ідзе вайна, невядома, як будуць развівацца падзеі ў будучыні, але мы хрысціяне, мы верым ва Уваскрашэнне Хрыста і, нягледзячы на ўсё, не губляем надзею. Хрыстос, які памёр на крыжы, уваскрос, перамог смерць, перамог грэх, пераконвае нас у тым, што дабрыня ў гэтым свеце пераможа. Уваскрашэнне Хрыста ёсць гарантыяй перамогі дабрыні. Таму я са спакойным сэрцам сустракаю свята Вялікадня. Я ведаю, што нас чакае шмат выпрабаванняў, але разам з тым я ўпэўнены – калі ёсць Вялікая Пятніца, тады ёсць і светлы дзень Змёртвыхпаўстання Езуса, а значыць, ёсць надзея і радасць.

— Ці будзе вам сёння цяжэй, чым звычайна, падабраць правільныя словы для вернікаў?

— Цяжкасці абсалютна няма. Я не кажу толькі словы ад сябе, я стараюся данесці словы з Евангелля, слова Божае. А слова Божае заўсёды ў стане адказаць на любыя нашыя пытанні. Таму падчас віншавання вернікаў са святамі я буду ўсім прыгадваць апостала Пятра, якога ў 42-м годзе пасля нараджэння Хрыста, перад Пасхай, цар Ірад Агрыпа кінуў у вязніцу. Там Пётр меўся сустрэць Пасху, але ў Госпада былі іншыя планы. Апостал Пётр Бога праслаўляў, народ верны за апостала Пятра маліўся, і анёл з неба прыйшоў да Пятра, разарваў кайданы, якімі ён быў скаваны. Дзякуючы землятрусу муры турмы абрынуліся, і апостал Пётр выйшаў на волю.

Сёння мы становімся сведкамі гістарычных падзеяў і бачым на свае вочы, як Госпад руйнуе муры турмы, муры няволі. Ён прывядзе нас да свабоды, і мы яшчэ ўбачым іншае жыццё. Бог нас не падмане.

— Што б вы сказалі людзям, якія сустрэлі страшнае гора і вырашылі, што Бог іх пакінуў? Як ім умацаваць сваю веру?

— Я маю практычную параду. Калі жыццёвы досвед прыбівае нас да крыжа, калі жыццёвы цяжар разбівае нашае сэрца, руйнуе нашыя мары, вось у гэты момант, калі мы апынуліся на дне свайго жыцця, трэба заўважыць побач іншага чалавека і гэтаму чалавеку пачаць дапамагаць. Калі мы, апынуўшыся ў складанай сітуацыі, пачынаем чыніць добрае, дапамагаем іншым, тады мы бачым, як Бог адбудоўвае нашае жыццё, лекуе нашыя раны, як мы зноў жа напаўняемся верай у тое, што Госпад ёсць моцны. Вера ўзрастае тады, калі мы ёй дзелімся. Калі мы не маем магчымасці словамі пераконваць іншага чалавека ў тым, што дабрыня пераможа, і самі ўжо слаба ў гэта верым — проста пачынаем дзейнічаць, дапамагаць іншым. Таму калі хтосьці прыбывае ў роспачы, безнадзейнасці, трэба сабраць эмоцыі, пачуцці, волю ў кулак і выйсці на спатканне да іншага чалавека. Пачніце займацца валанцёрствам, дапамагайце патрабуючым, тым, хто пакутуе — проста паразмаўляйце з імі, паслухайце іх і ўбачыце, як Бог у вашым сэрцы пачне дзейнічаць.

Ксёндз Вячаслаў Барок у Курапатах. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Вячаслаў Барок у Курапатах. Фота Паўла Хадзінскага

— Ці можна сказаць, што каталіцкі касцёл сёння таксама на вайне, на полі бою? І калі так, то за што ён змагаецца?

— Я перакананы ў тым, што вайна, якая сёння ідзе ў свеце, набірае міжнароднае значэнне. Усё больш людзей з ўсяго свету ў ёй удзельнічаюць, у тым ліку ўдзельнічае і касцёл. Інакш быць не можа. Проста кожны мае свой фронт барацьбы — салдаты ідуць ваяваць з аўтаматам, а прапаведнік ваюе словам.

На жаль, не ўсе хрысціянскія цэрквы належным чынам праходзяць гэтае выпрабаванне. Некаторыя здраджваюць Богу, апраўдваючы вайну. Ваюючы са злом і жадаючы спыніць незаконную расійскую агрэсію, святары каталіцкага касцёла прапаведуюць слова Божае адназначна, не маючы кампрамісу са злом.

На вайне знаходзяцца каталіцкія і праваслаўныя біскупы, якія сёння ва Украіне церпяць разам з вернікамі. На вайне таксама знаходзіцца і спецыяльны пасланнік Ватыкана кардынал Краеўскі, які ў пятніцу праходзіў крыжовы шлях у Бярдзянску, на месцы генацыду ўкраінскага народа, што чынілі расіяне. Ён сваёй прысутнасцю, сваімі словамі, малітвамі ўдзельнічаў у гэтай вайне і паказваў, што трэба, каб агрэсія была спыненая, каб мы бескампрамісна падыходзілі да зла і адназначна выбіралі бок дабрыні, пераставалі апраўдваць агрэсіўную вайну.

— Калі заўтра вернікі ў Беларусі прыйдуць на Велікодную імшу і пачуюць там завуаляваную праўду, як ім не расчаравацца, не саслабець у сваёй веры?

— Не жадалася б, каб так адбылося. Я ўсё ж думаю, што ў кожным каталіцкім касцёле заўтра будзе адназначна сказана, што Хрыстос Уваскрос і што дабрыня пераможа. Калі ж апроч гэтага паслання ў касцёлах будзе прапаведавацца нешта іншае, тады, як кажа апостал Павел у лісце да Галятаў, не верце ім. Апостал Павел кажа: «Калі б нават мы, альбо анёл з неба пачаў звеставаць вам не тое, што мы звеставалі вам, хай будзе анафема». Таму хрысціянін, калі чуе нешта іншае, апроч таго, што дабрыня пераможа і што нельга мець кампрамісу са злом, павінен ігнараваць хлусню, якая супярэчыць Евангеллю. Прычым не істотна, чыімі вуснамі гэтая хлусня будзе прапаведвацца – ідэолага ці святара. Тое, што нам прапаведуюць людскімі вуснамі, мы павінны супастаўляць са словам Божым у Евангеллі, і прымаць тое, што Евангелле нам абвяшчае.

Ксёндз Вячаслаў Барок у Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

Ксёндз Вячаслаў Барок у Варшаве. Фота Паўла Хадзінскага

— Ксёндз Вячаслаў, давайце паспрабуем спрагназаваць, калі ўваскрэсне нашая Беларусь?

— Мне б жадалася мець адказ на гэтае пытанне, але я не маю яго. Ведаю з упэўненасцю адно: вельмі істотна, каб дабрыня перамагла зло ў нашым сэрцы, бо інакш мы не ўбачым яе перамогу ў свеце. А адназначная перамога дабрыні адбудзецца тады, калі мы перастанем дамаўляцца ў сваім сумленні са злом, займацца ў сваім сэрцы бруднай палітыкай, апраўдваць сваё прыстасаванства, свае дамоўленасці з рэжымам. Я веру ў тое, што ўваскрашэнне Беларусі адбудзецца, толькі не ведаю, калі. Гэта залежыць ад нас, беларусаў. Ад пераменаў, якія адбываюцца ў нашых сэрцах.