Як экалагічна пафарбаваць яйкі на Вялікдзень

Яйкі, пафарбаваныя натуральнымі фарбавальнікамі, выглядаюць арыгінальна і значна лепш, піша polskieradio.pl.

shell_g0fbd83eec_1280.jpg


З аднаго боку, чалавек — лянівая істота. Прасцей за ўсё фарбаваць яйкі пры дапамозе купленай у краме фарбы. З іншага боку, стала расце экалагічная свядомасць грамадства.
Галоўны рэдактар парталу ekologia.pl Яанна Шуберайска кажа, што сінтэтычныя фарбавальнікі ў крамах нібыта прайшлі выпрабаванні і можна іх выкарыстоўваць у кухні. Аднак, гэтая справа нязменна выклікае дыскусію.
‒ Няма 100-працэнтнай упэўненасці, ці яны не ўплываюць на нашае здароўе. Такі колер з’яўляецца вынікам выкарыстання хімічных субстанцый. У даўжэйшай перспектыве, калі б мы часта елі такія фарбаваныя яйкі, то гэта магло б паўплываць на нашае здароўе. Таму часамі не варта ісці лягчэйшым шляхам, але вярнуцца да спосабаў, якія выкарыстоўвалі нашыя прабабулі і бабулі. Зрэшты, цяпер модна быць экалагічным. Калі казаць пра яйкі, пафарбаваныя натуральнымі фарбавальнікамі, то яны і выглядаюць лепш. Іх колеры больш далікатныя, яны падыходзяць да цяперашняй моды дэкаравання дамоў у колерах прыроды і зямлі.
Колеры, атрыманыя з натуральных фарбавальнікаў, не будуць настолькі спектакулярныя і інтэнсіўныя, як пры выкарыстанні штучных фарбаў. Сінтэтычная фарба пакідае сляды на руках, яна пранікае праз шкарлупінне, а значыць і ў бялок яйка, які мы потым ямо.
Прырода дае нам мноства магчымасцяў — кажа Яанна Шуберайска.
‒ Адной з асноўных і, здаецца, найчасцей сустраканых, з’яўляецца фарбаванне яек у шалупінах цыбулі. Для гэтых мэтаў можна выкарыстаць жоўтую ці чырвоную цыбулю, тады і колер яек будзе іншы. Фарбаванне ў шалупінах дае колер ад жоўтага праз карычневы, а нават бардовы (чырвоная цыбуля). Гэта не настолькі цяжка, як магло б здавацца. Ваду з шалупінамі трэба закіпяціць, шалупін дадаем як мага больш, кідаем яйка, каб яно зварылася ў вадзе і шалупінах. Можна пакласці і звараныя яйкі. У залежнасці ад часу, колькі яны там праляжаць, залежыць інтэнсіўнасць колеру. Фарбаванне ў шалупінах цыбулі, здаецца, з’яўляецца самым папулярным натуральным спосабам.
Цікавы колер дае чырвоная капуста. Дзякуючы ёй яйкі атрымліваюцца вельмі прыгожага блакітнага колеру. Прынцып вельмі падобны да папярэдняга. Крышым капусту, кіпяцім, варым яйкі, ці кладзем ужо звараныя. Колер, які мы хочам атрымаць, будзе залежыць ад часу, які яйка праляжыць у капусце — ад далікатна блакітнага па цёмна сіні.
Калі мы хочам атрымаць ружовы колер, то варта вырастаць старкаваныя буракі. Можна і пайсці больш лёгкім шляхам ды ўзяць бурачаны сок. Прынцып фарбавання, як у выпадку капусты ці цыбулі.
Яйкі лёгка можна пафарбаваць жоўтым колерам — дадае Яанна Шуберайска.
‒ Жоўты колер лёгка атрымаць пры дапамозе прыправаў — куркумы і кары. Гатуем упакоўку куркумы, кідаем і гатуем яйкі. Пакідаем на гадзіну ці нават на цэлую ноч. Найцяжэй атрымаць зялёны колер. Цяпер яшчэ мала раслін, якія давалі б гэты эфект. Зялёны колер можна атрымаць гатуючы малады авёс ці крапіву, але іх цяпер няма. Застаецца малады шпінат, але тут вынік няпэўны, бо залежыць ад колькасці шпінату і яго якасці.
Карычневы колер яйкі атрымліваюць дзякуючы адвару шкарлупіны грэцкага арэха. А калі хочацца яшчэ больш цёмны і інтэнсіўны колер, то можна выкарыстоўваць кару дуба, алешыны або альховыя шышкі. Яйкі, прыгатаваныя ў такім адвары, будуць амаль чорнымі.
Такім чынам колер, які мы атрымаем, залежыць ад некалькіх фактараў. Першы — колер яйка. Яйкі з белай шкарлупінай лепш за ўсё падыдуць для афарбоўкі, але ідэальна белыя яйкі сустракаюцца рэдка, таму лепш проста выбіраць светлыя. Другі — колькасць фарбавальнікаў, чым больш, тым цямнейшы колер. І нарэшце час фарбавання, чым даўжэй, тым цямнейшы колер.