Выратаванне і абарона ад злога: беларускія іконы
На Беларусі ёсць шмат абразоў, якія асабліва шануюцца вернікамі за сваю сілу і энергетыку, а некаторыя — нават за здольнасць лекаваць. «Будзьма беларусамі» са спасылкай на zviazda.by расказвае пра самыя вядомыя цудадзейныя беларускія іконы.
![Ілюстрацыйнае фота «НЧ» Ілюстрацыйнае фота «НЧ»](/img/v1/images/_relihija__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ілюстрацыйнае фота «НЧ»
Цудатворнай называюць ікону, па малітве перад якой адбылося вылечванне або была атрымана Божая дапамога ў якой-небудзь справе. Але кожная ікона, перад якой прамаўляецца гарачая і шчырая малітва, — цудатворная. Тым не менш, ёсць тыя, што асабліва шануюцца вернікамі, само з’яўленне якіх было цудоўным.
Адно з самых вядомых адбылося 13 жніўня (26-га жніўня па новым стылі) 1500 года: жыхары Мінска ўбачылі на водах Свіслачы ікону Божай Маці. Згодна з паданнем, абраз быў напісаны апосталам Лукой. У X стагоддзі вялікім князем Уладзімірам быў змешчаны ў Дзесяцінную царкву Кіева. Яшчэ праз некалькі стагоддзяў, падчас рабавання горада, татарамі быў кінуты ў воды Дняпра і цудоўным чынам з’явіўся на рацэ перад Мінскім замкам. Абраз заўважылі з-за незвычайнага святла, якое ад яго сыходзіла. Адна з найбольш шаноўных праваслаўных святынь нашай краіны цяпер знаходзіцца ў Свята-Духавым кафедральным саборы сталіцы, злева ад Царскай брамы.
У крыніцах XVІІ стагоддзя акрамя шматлікіх цудаў вылечвання па малітвах перад іконай згадваецца спыненне эпідэміі чумы, «якую абраз не толькі пасля шэсця з ім па горадзе спыніў, але нават адусюль і далей прагнаў», а таксама здабытая дзякуючы абразу ваенная перамога. У даўнія часы існавала традыцыя ўпрыгожваць мінскую ікону Божай Маці зробленымі з розных металаў выявамі розных частак цела (рука, нага, сэрца) — гледзячы па тым, у якой частцы свайго цела чалавек, які горача маліўся перад абразом, атрымаў палёгку.
![1_703.jpg 1_703.jpg](/img/v1/images/1_703.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
20 мая мы будзем святкаваць 553 гады са дня з’яўлення цудатворнага абраза Божай Маці каля Жыровічаў. Гэта невялікая, памерам з дзіцячую далоньку, ікона ў выглядзе рэльефу на яшме таксама належыць да ліку галоўных з захаваных святынь і гістарычных рэліквій Беларусі. Жыровіцкую ікону знайшлі пастухі ў кроне грушы, якая цвіла ў лесе, таксама па ззянні, што сыходзіла ад яе. Пастухі аднеслі абраз уладальніку тых мясцін княжацкаму скарбніку Солтану. Ён паклаў ікону ў куфэрак, адкуль яна знікла і на наступны дзень зноў з’явілася пастухам на грушы. Пасля гэтага Солтан пабудаваў на месцы з’яўлення іконы царкву, вакол якой паступова вырасла паселішча. Праз некаторы час ікона была страчана ў пажары і зноў знойдзена ў іншым месцы — гэтым разам дзецьмі.
![2_650.jpg 2_650.jpg](/img/v1/images/2_650.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У архіўных дакументах 1580 года апісаны цуд, які адбыўся праз Жыровіцкую ікону — уваскрэсенне дзяўчыны Раіны з роду Войнаў. Раіна пазней сама сведчыла пра гэты цуд перад каралём Стэфанам Баторыем, а сапраўднасць яе аповеду пацвярджалі некалькі чалавек, у тым ліку канцлер Леў Сапега і каталіцкі біскуп. Гэта толькі адзін з вялікай колькасці цудаў, сярод якіх, акрамя вылечвання — выратаванні ад пажараў і рабавання манастыра падчас вайны.
Жыровіцкі абраз шануецца праваслаўнымі, католікамі і ўніятамі. Цяпер ён знаходзіцца ва Успенскім саборы Жыровіцкага манастыра злева ад Царскай брамы.
Сёлета на Радаўніцу, 25 красавіка, прыпадае святкаванне ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці, якая, згодна з паданнем, была прынесена манахамі Кіева-Пячэрскай лаўры ў пачатку XІІІ стагоддзя. Манахі плылі з захопленага татарамі Кіева ўверх па Дняпры, а потым па яго прытоку Друці. Яны спыніліся на адпачынак на высокім беразе, і ў гэтым месцы па начах ад іконы стала сыходзіць цудоўнае святло. Вандроўнікі вырашылі заснаваць тут манастыр у гонар святога прарока Іліі. Пазней вакол манастыра вырасла паселішча, якое назвалі па першым цудзе іконы — Белыя ночы, або Бялынічы. Так стала называцца і ікона — Бялыніцкая.
![3_583.jpg 3_583.jpg](/img/v1/images/3_583.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
З XVІІ стагоддзя святыня захоўвалася ў кармеліцкім кляштары, каталікі яе каранавалі ў 1755 годзе. Дарэчы, згодна з каталіцкім паданнем, ікону напісаў анёл. У канцы XІX стагоддзя цудатворны абраз стаў галоўнай святыняй Бялыніцкага Раства-Багародзіцкага праваслаўнага манастыра. Для Усходняй Беларусі гэта была такая ж значная духоўная святыня, як Жыровіцкі абраз Божай Маці для Заходняй. Пасля закрыцця манастыра ў савецкія часы ікона знаходзілася, як і Крыж Еўфрасінні Полацкай, у краязнаўчым музеі Магілёва. І гэтак жа, як Крыж, знікла пасля эвакуацыі экспанатаў у 1941 годзе.
Праз 60 гадоў, у 1991 годзе, у дзень памяці цудатворнай іконы, у Бялынічах у прыстасаваным памяшканні быў асвечаны праваслаўны храм у яе гонар. Да гэтай падзеі была знойдзена копія абраза, якую 70 гадоў захоўвала мясцовая жыхарка Акуліна Арэхава. У 2005 годзе ў цэнтры пасёлка завяршылася будаўніцтва новай царквы ў гонар Бялыніцкай іконы Божай Маці.
Двойчы на год адзначаецца памяць апякункі паўночнага рэгіёна краіны — Аршанскай іконы Божай Маці. Няма падрабязнасцей яе з’яўлення, вядома толькі, што гэта адбылося цудоўным чынам у 1631 годзе падчас заснавання мужчынскага Куцеінскага Свята-Богаяўленскага манастыра каля Оршы на беразе ракі Куцеінкі. Абедзве даты памяці святыні (2 жніўня і 18 верасня) звязаны з днямі памяці прападобнамучаніка Афанасія Брэсцкага, змагара за праваслаўе на беларускіх землях, які, дарэчы, служыў у Куцеінскім манастыры, верагодна, у той час, калі там была выяўлена цудатворная ікона. Цяпер спіс іконы захоўваецца ў Аршанскім Успенскім жаночым манастыры.
![4_546.jpg 4_546.jpg](/img/v1/images/4_546.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Вельмі цікавая і такая характэрная для Беларусі гісторыя апякункі Палесся — цудатворнай іконы Божай Маці Юравіцкай. З’яўленне яе звязана з дзейнасцю каталіцкіх манахаў. Створаная на пачатку XVІІ стагоддзя на тэрыторыі Заходняй Украіны, ікона спачатку належала польскаму палкаводцу Станіславу Канецпольскаму, потым была падорана манаху-езуіту Марціну Тырноўскаму, які і прывёз яе ў Юравічы ў 1673 годзе. Аднак, калі айцец Марцін хацеў з’язджаць з Юравічаў, коні яго не паслухаліся і ён пачуў голас Божай Маці, якая сказала, што абраз павінен застацца тут. Для цудатворнай іконы быў пабудаваны храм, потым місія і манастыр, пазней — сабор. Абраз стаў адной з галоўных святынь ВКЛ, яго шанавалі як каталікі, так і праваслаўныя. У XІX стагоддзі касцёл быў перададзены праваслаўным, яшчэ да таго арыгінал абраза быў заменены спісам, але шанаванне яго, згодна з канонам, працягнулася. У савецкія часы Юравіцкі манастыр быў закрыты, цудатворны абраз лічыўся страчаным. У 2006 годзе быў знойдзены і адрэстаўраваны рэдкі спіс XVІІІ стагоддзя Юравіцкай іконы Божай Маці, якую ў народзе называюць «Міласэрнай». Цяпер аднаўляецца і Юравіцкі манастыр.
![5_504.jpg 5_504.jpg](/img/v1/images/5_504.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Сярод святынь Брэсцкай епархіі ёсць Ражкоўская ікона Божай Маці, з’яўленне якой адбылося 28 верасня 1942 года. У гэты дзень нямецкія акупанты сагналі 58 сем’яў вёскі Ражкоўка ў Камянецкім раёне на маленькую вясковую плошчу. Малых дзяцей забралі ў маці і адвезлі ў суседнюю вёску. Моладзь адабралі для адпраўкі ў Германію. Мужчынам загадалі выкапаць вялікую яму. Да гэтай ямы прыгналі старых і жанчын. Людзі падалі на калені, плакалі і маліліся. У гэты час над месцам пакарання смерцю з’явіўся нямецкі самалёт, які зрабіў круг і прызямліўся. З самалёта выйшаў нямецкі афіцэр, які распарадзіўся адкласці расстрэл на дзве гадзіны, а пасля гэтага прывёз загад аб адмене пакарання. Усе ражкоўцы вярнуліся дадому, у тым ліку дзеці і моладзь. Адна з жанчын у той жа дзень нарадзіла дзяўчынку. Нямецкі маёр пазней прывёз у вёску выразаную з дрэва выяву Божай Маці і расказаў, што, калі ён ляцеў над Ражкоўкай, у небе з’явілася яму Багародзіца і сказала: «Выратуй! Забіваюць невінаватых!» Пазней нямецкі салдат-мастак па расповедах маёра аднавіў абраз. Вяскоўцы ўжо праз месяц склалі і асвяцілі царкву ў гонар свайго цудоўнага выратавання. У 2008 годзе іканапісцы з Санкт-Пецярбурга напісалі новую ікону, якая адпавядае праваслаўным канонам і захоўвае максімальна магчымае падабенства з абразом 1942 года. Штогод 28 верасня ражкоўцы пасля богаслужэння ідуць хрэсным ходам да крыжа, які ўсталяваны на месцы расстрэльнай ямы, у памяць пра выратаванне ўсіх жыхароў у гэты дзень у 1942 годзе.
![6_376.jpg 6_376.jpg](/img/v1/images/6_376.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
І гэта толькі некалькі з вялікай колькасці святынь нашай зямлі.