Ігар Тышкевіч: РПЦ імкліва губляе уплыў ва Украіне — і свае пазіцыі ў свеце
Аналітык Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч лічыць, што пасля падзей ва Украіне Расія можа страціць рычаг уплыву ў краінах, дзе дамінуе праваслаўе.
У апошнія тыдні расійская прапаганда спрабуе актыўна выкарыстоўваць падзеі вакол Украінскай праваслаўнай царквы (ці як яна яшчэ нядаўна называлася — УПЦ Маскоўскага Патрыярхату). Цяпер УПЦ губляе вернікаў: іх колькасць скарацілася да 10—15% ад усіх, хто вызнае праваслаўе. А яшчэ пару гадоў таму УПЦ мела амаль палову праваслаўных вернікаў Украіны.
Ігар Тышкевіч у свежым відэа адзначыў, што УПЦ цяпер губляе шэраг храмаў: частка парафій самастойна пераходзіць у Праваслаўную Царкву Украіны (ПЦУ), частка культавых збудаванняў, якія былі перададзеныя на правах арэнды, дзяржава не супраць забраць назад, а частка, як, напрыклад, Кіева-Пячэрская лаўра, — забраныя. Як гэта трактуе расійская прапаганда?
— У РФ пачынаюць казаць, што ва Украіне ледзь не сатаністы пры ўладзе, пераследуецца сапраўдная праваслаўная вера... Ідзе перавод звычайнай вайны ў нешта святое: маўляў, мы абаронцы веры і ўсяго добрага і святога, — адзначыў Тышкевіч.
Аднак ні пра якія беспадстаўныя ганенні на праваслаўную царкву гаворкі не ідзе. Аналітык патлумачыў, чаму УПЦ імкліва губляе свой уплыў.
Тышкевіч звярнуў увагу, што ўкраінцы — адна з найбольш рэлігійных нацый у рэгіёне. Таму царкоўныя пытанні для гэтай краіны, у параўнанні, напрыклад, з Чэхіяй і Беларуссю — вельмі важныя. Да 2018 года сацыялогія паказвала прыкладна роўныя долі вернікаў у РПЦ і іншых праваслаўных цэркваў, якія пазней аб'ядналіся ў ПЦУ.
Пасля стварэння ПЦУ і вяртання яе ў Канстанцінопальскі Патрыярхат частка парафій выйшла з РПЦ і перайшла ва ўкраінскую аўтакефалію. Напад Расіі на Украіну ў лютым 2022 года даў новы штуршок гэтаму працэсу. Стаўленне вернікаў да УПЦ істотна змянілася.
Адна з галоўных прычын — паводзіны часткі святароў, які ў сваіх заявах, па сутнасці, апраўдвалі дзеянні Расіі. Больш за тое, некаторыя нават падтрымлівалі акупантаў і сталі калабарантамі (пра гэта сведчыць шэраг крымінальных спраў). І пакуль РПЦ "забірае" епархіі на акупаваных тэрыторыях у сваю структуру, УПЦ у адказ маўчыць.
Пры гэтым Тышкевіч падкрэсліў, што аб павальнай калабарацыі святароў УПЦ казаць не даводзіцца.
Аналітык прывёў сацыялагічныя даныя, згодна з якімі з лютага 2022 года УПЦ губляе вернікаў: іх колькасць скарацілася да 10—15% ад усіх, хто вызнае праваслаўе.
На думку Тышкевіча, падзеі ва ўкраінскім праваслаўі вельмі важныя для РПЦ і Расіі. Страта ўкраінскіх прыходаў пазбаўляе расійскую царкву статусу самай буйной у свеце.
Калі РПЦ страціць уплыў ва Украіне, гэта можа прывесці да «эфекту даміно» — і, адпаведна, Расія можа страціць рычаг уплыву ў краінах, дзе дамінуе праваслаўная вера.
Паводле gazetaby.com, www.youtube.com