Кіеўскі суд адправіў мітрапаліта Паўла пад хатні арышт на два месяцы

Шаўчэнкаўскі суд Кіева адправіў пад хатні арышт былога намесніка Кіева-Пячэрскай лаўры Паўла (Пятра Лебедзя) да 30 траўня. Яго падазраюць у распальванні міжканфесійнай варожасці і апраўданні ўзброенай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Фота Радіо Свобода

Фота Радіо Свобода

Суд задаволіў хадайніцтва следчых СБУ і Кіеўскай абласной пракуратуры і прызначыў мітрапаліту хатні арышт. Аднак Павел кажа, што здароўе не дазваляе яму насіць бранзалет і звяртаецца да лекараў за пацвярджэннем сваіх слоў. На вечар 1 красавіка сітуацыя доўга не вырашалася, і толькі бліжэй да ночы мітрапаліту Паўлу такі надзелі электронны бранзалет у зале суда.

Паводле даных следства, з пачатку поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны Павел апраўдваў узброеную агрэсію падчас зносін з вернікамі і негатыўна выказваўся супраць ПЦУ, што магло выклікаць агрэсіўнае стаўленне вернікаў.

У хадайніцтве гаворка ідзе пра дзве падзеі: паводле звестак следства, у траўні 2022 года падчас тэлефоннай размовы з Тамарай Федзюк Павел выказваў рэплікі, якія апраўдваюць агрэсію РФ, а таксама ён запісаў відэазварот да вернікаў УПЦ МП, у якім прыніжаў ПЦУ і заклікаў: «Быць разумнымі і не выконваць указанні "вар'ятаў катаў"».

Пракуроры адзначалі рызыкі ўцёкаў падазраванага, ціску на сведак, знішчэння або скажэнні рэчыўных доказаў.

Адвакаты выказваліся супраць задавальнення хадайніцтва і прасілі абраць больш мяккую меру стрымання — асабістае абавязацельства.

"У грамадстве ідзе вайна паміж рэлігійнымі арганізацыямі. Царква аддзеленая ад дзяржавы і яна не павінна ўмешвацца", — сказаў адвакат падазраванага Мікіта Чэкман. Ён таксама лічыць, што падазрэнне і рызыкі з'яўляюцца неабгрунтаванымі. Адвакат адзначыў, што ў крымінальнай справе дапытаныя прадстаўнікі ПЦУ, якія з'яўляюцца апанентамі УПЦ.



Сам мітрапаліт УПЦ МП назваў падазрэнне палітычным і заявіў, што "заўсёды быў супраць агрэсіі".

"Я б хацеў, каб Расія пакінула нас у спакоі. Я нічога не зрабіў такога, каб мяне ў чымсьці вінавацілі. Я заўсёды быў супраць агрэсіі. Я цяпер знаходжуся ва Украіне. Гэта мая зямля", — сказаў Павел.

Ён таксама прасіў даць яму копію запісаў, на якія спасылаецца следства, і прасіў дапытаць пацярпелых Раманчука і Клоса, якія, з ягоных слоў, з'яўляюцца прадстаўнікамі ПЦУ, настроеныя супраць яго і якіх ён не ведае.

"Я ведаю, гэта палітычная замова. Мне казалі перайсці ў ПЦУ. З СБУ мяне клікалі да дырэктара музея і казалі, што супраць мяне трэба распачаць крымінальную справу. Так яны і зрабілі. Я не буду разбірацца, хто, я не буду зводзіць рахункі. Усё прымаю як волю Божую", — сказаў мітрапаліт УПЦ МП.

Таксама ў судзе Павел заяўляў, што яго "пагражалі павесіць і забіць". На пытанне пра тое, ці яго гэта голас на апублікаваных СБУ запісах, ён адзначыў: "Магчыма, нешта жартам і казаў такое".

Таксама падчас судовага пасяджэння паўстала пытанне аб месцы жыхарства Паўла. Ён прасіў у выпадку абрання меры стрымання ў выглядзе хатняга арышту пакінуць яго ў Лаўры, дзе ён жыве 29 гадоў. Аднак пракуроры адзначылі, што прапісаны ён па іншым адрасе, а Лаўра належыць дзяржаве.

Суд адправіў яго пад кругласутачны хатні арышт па адрасе прапіскі. Пад хатнім арыштам мітрапаліт Павел будзе знаходзіцца ў вёсцы ў Барыспальскім раёне Кіеўскай вобласці з ужываннем электроннага бранзалета.

Аднак на Паўла доўга не маглі надзець электронны бранзалет на нагу. Павел заяўляў, што мае праблемы з нагамі. У судзе чакалі прыбыцця лекара.

У 22.40 хвілін (23.40 па мінскім часе) мітрапаліту Паўлу такі надзелі электронны бранзалет у зале суда — дакументальных пацверджанняў таго, што гэтага рабіць нельга, не аказалася.



Высяленне УПЦ МП з Лаўры

Нагадаем, манахаў УПЦ МП абавязалі пакінуць Кіева-Пячэрскую Лаўру з-за анулявання дамовы арэнды. Аднак святары УПЦ адмаўляюцца выконваць патрабаванне ўкраінскіх  Мінкульта і РНБА.

Нацыянальны запаведнік Кіева-Пячэрская Лаўра скасаваў дамову аб бязвыплатным выкарыстанні будынкамі і іншай маёмасцю з мужчынскім манастыром Украінскай Праваслаўнай Царквы Маскоўскага патрыярхату. Святары і манахі мелі 20 дзён на выезд. Гэта значыць 30 сакавіка іх у Лаўры ўжо не павінна было быць. Прычынай скасавання дамовы пазначаны рашэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны, заключэнні міжведамаснай рабочай групы і ліст Міністэрства культуры і інфармацыйнай палітыкі.

Манахі УПЦ МП разам з намеснікам Лаўры мітрапалітам Паўлам заявілі, што "ніхто сыходзіць не збіраецца". Па словах Паўла, "гэтая святыня створана для ўсёй краіны, для ўсяго свету".



 Паводле Украінскай праўды; korrespondent.net, Украінскай службы РБК