«Штурм» Лаўры ў Кіеве, які не адбыўся (ФОТА)

Ва Украіне трывае процістаянне Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату з уладамі і грамадствам. Сёння па абедзе каля ўвахода ў Лаўру сабраліся вернікі, каб падтрымаць сваю царкву. Па іншы бок — некалькі дзясяткаў актывістаў, што патрабуюць вывесці Маскоўскі патрыярхат з будынка. На месцы працуе паліцыя, адначасова ідзе набажэнства і акцыя пратэсту, аднак без сутычак.

photo_2023_03_31_19_44_28_logo.jpg


Памяшканні сусветна вядомай Кіева-Пячорскай Лаўры фактычна належаць Міністэрству культуры, у сакавіку была разарвана дамова з УПЦ Маскоўскага патрыярхату, прадстаўнікі якой павінны былі пакінуць усе будынкі яшчэ ў сераду, 29 сакавіка. Аднак гэтага не адбылося. Мітрапаліт Павел, якога ва ўкраінскіх СМІ называюць «Паша Мерседэс», адмовіўся пакідаць памяшканні, а напярэдадні заявіў, што сёння праціўнікі маскоўскага патрыярхату будуць браць Лаўру штурмам.

photo_2023_03_31_19_45_03_logo.jpg


«Новы Час» паразмаўляў з людзьмі з аднаго і другога боку.
Марына, прыхаджанка Маскоўскага патрыярхату, прыйшла з дзецьмі.

photo_2023_03_31_19_45_16_logo.jpg


— Мы тут, каб абараніць сваю святыню. Спадзяваемся на міласць Божую, што ўсё ж Гасподзь заступіцца за нас і Лаўра застанецца за кананічнай Украінскай праваслаўнай царквой.
— Патлумачце, калі ласка, што вы маеце на ўвазе пад «кананічнай» царквой?
— Глядзіце, адну царкву стварыў Парашэнка. Яны захопліваюць храмы, б’юць святароў. Калі б тое рабілася з любоўю, можа, было б усё па-іншаму. У іх жа толькі бойкі, крыкі, нянавісць. Такога не можа быць у царкве. А ў нашай царкве я бачу любоў. Глядзіш на мітрапаліта Ануфрыя, і душа хоча крычаць ад радасці: столькі ў яго любові і спагадлівасці. Тут няма нічога прарасійскага. З 1992 года ў нас Украінская праваслаўная царква, пры чым тут Расія? Сённяшняя сітуацыя толькі падзяляе наш народ. Мала таго, што нас Расія б’е, дык яшчэ і свае ж… З тога боку стаяць адныя дзеці [паказвае ў бок пратэстоўцаў — заўв. аўтара], яны ж ні ў што ўвогуле не вераць. Чаго яны прыйшлі? У нас палова духавенства размаўляе па-ўкраінску, мітрапаліт Ануфрый таксама. Так, служба ў нас ідзе на стараславянскай мове, так склалася.

photo_2023_03_31_19_44_37_logo.jpg


Пратэстоўцы, якіх у некалькі разоў меней, гучна скандзіруюць «Слава Украіне!», «Далоў маскоўскага папа!» і «Маліцеся па-ўкраінску!». Сярод іх і службовец 108-й брыгады ТРА з пазыўным «Ірландзец»:

photo_2023_03_31_19_45_08_logo.jpg


— Сёння працягваюцца мерапрыемствы па высяленні ФСБшнай праваслаўнай царквы з Лаўры, я прыйшоў падтрымаць пратэстоўцаў, каб гэты працэс праходзіў хутчэй. Лаўра — гэта сэрца Кіева і ўкраінскага хрысціянства, яна мусіць вярнуцца ва ўлонне сапраўднай украінскай царквы. Лічу, гэта адна з апошніх бітваў за вяртанне ўкраінцаў да саміх сябе. Гэта ўсё скончыцца перамогай Украіны і нашай памеснай царквы, якая ўжо хутка заедзе ў сцены Лаўры і распачне свае набажэнствы.

photo_2023_03_31_19_44_45_logo.jpg


Іншы ўдзельнік акцыі Яўген распавядае:

photo_2023_03_31_19_45_06_logo.jpg


— Я сёння прыйшоў назіраць за гістарычнай падзеяй зыходу маскальскай царквы з Лаўры, падтрымаць Украіну. Не думаю, што будзе нейкі гвалт, спадзяюся, яны мірна пакінуць памяшканне, і гэты цырк скончыцца.


На момант публікацыі матэрыялу паведамленняў пра сутычкі не было. Удзельнікі акцыі пачалі пакрысе разыходзіцца.
Нагадаем, ва Украіне дзейнічае і Праваслаўная Царква Украіны, якая ў 2019 годзе атрымала томас на аўтакефалію ад Усяленскага патрыярха і не мае аніякай сувязі з РПЦ.


Фота аўтара