«Пятнічнае пасланне — экзарцызм ужо амаль апошняга дня»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ўразіўся пятнічным выступленнем самі-ведаеце-каго. На яго думку, у пасланні былі ўжыты самыя моцныя заклінанні і самыя сучасныя і надзейныя замовы, якія толькі можна знайсці. І гэта Украіна яшчэ наступ не пачала! А што будзе далей?
Паглядзеў у пятніцу адно выступленне і сёе-тое зразумеў. Зразумеў, што прывід блукае па саюзнай дзяржаве. Прывід украінскага контрнаступлення. Хаваецца ў цемры, смяецца дэманічным смехам і палохае цьмяным свячэннем. А калі выскачыць з-за рага і скажа «бу-у-у!», то хоць ты канцэпцыю мяняй. Нават перад людзьмі нязручна.
Мяркуючы па пятнічным пасланні, гэты прывід сваімі жартамі давёў ужо саюзнікаў да мяжы поўнага нервовага знясілення.
Таму што пятнічнае пасланне было, вядома, такім экзарцызмам ужо амаль апошняга дня. Былі ўжыты самыя сучасныя і надзейныя замовы, якія толькі ўдалося знайсці ў заўвагах да сакрэтных картаў. Вось літаральна ўвесь набор. Пра ўкраінскіх вайскоўцаў, якія ўжо зноў не хочуць ваяваць, бо не ведаюць, за што ваююць. Пра сакрэтную зброю, якая яшчэ больш магутная, чым ядзерная. Пра салдат, якія не маюць лепшага занятку, чым братацца адзін з адным у акопах.
Карацей, няма нічога горшага, чым украінскае контрнаступленне. Таму што яно прывядзе «да незваротнай эскалацыі канфлікту». Вось да гэтага часу эскалацыя была зваротная. Так, эскаліравала сабе паволі. Але калі Украіна пачне наступ, то тады ўжо ўсё. Нікуды ты потым ужо гэтую эскалацыю не звернеш. Таму, пакуль не пачалося, трэба пачынаць перамовы. А інакш позна будзе пачынаць. Якія ўжо там перамовы, калі вакол суцэльная эскалацыя.
Увогуле, зразумеў я, што не засталося ў саюзнікаў супраць дэмана ўкраінскага контрнаступлення іншых метадаў, акрамя экзарцызмаў. Таму што на другую армію свету ў гэтым сэнсе надзеі, мабыць, зусім ужо мала. Не апраўдала гэта другая армія высокага даверу, які на яе ўскладаўся.
Так што Украіна наступу яшчэ нават не пачала, а саюзнікаў ім ужо запалохала аж да стратэгічнага ядзернага патэнцыялу. Калі яшчэ патрымае паўзу, то, можа, наогул ніякага наступу не спатрэбіцца. Старэйшы саюзнік не вытрымае нервовага напружання і сам сабе зробіць стратэгічную перагрупоўку войскаў. Ну, каб было не так страшна. Асабліва калі здарыцца што-небудзь злавеснае.