404-ты дзень вайны. Прыгожын у чарговы раз «узяў» Бахмут. Але прызнаўся, што не ўвесь

Расія працягвае атакаваць Бахмут і ўсё, што вакол яго. Але поспехі ў расійскіх падраздзяленняў даволі сумніўныя. Тым часам расійскіх прапагандыстаў забіваюць у самой Расіі.

Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua

Фота: facebook.com/GeneralStaff.ua


Расія канцэнтруе войскі для вядзення наступальных дзеянняў на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. УСУ адбілі больш за 70 нападаў праціўніка, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны.

За мінулыя суткі акупант нанёс 5 ракетных і 32 авіяцыйныя ўдары, здзейсніў больш за 50 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка.

На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках (з боку Беларусі) аператыўная абстаноўка без істотных змен.


Абстрэлы працягваюцца

У нядзелю акупанты абстралялі цэнтр Канстанцінаўкі Данецкай вобласці. Ахвярамі расійскіх абстрэлаў сталі шэсць мірных жыхароў, яшчэ 15 пацярпелі.

У акупаваным Мелітопалі Запарожскай вобласці абломкі сістэмы расійскай супрацьпаветранай абароны пашкодзілі шматкватэрны дом, пацярпелі шэсць чалавек. Двое з іх у цяжкім стане.

Расійскія акупанты цягам мінулага дня абстралялі чатыры абшчыны Сумскай вобласці, пашкоджаны аграрнае прадпрыемства, лінія электраперадачы, прыватныя дамы. Зафіксавана 53 «прылёты».

У мінулыя дні расійцы працягвалі абстрэльваць памежныя населеныя пункты Харкаўскай вобласці, паранена жанчына.


Ці захоплены Бахмут?

Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын распаўсюдзіў відэа, у якім ён сцвярджае, што яго падраздзяленні ўвайшлі ў цэнтр Бахмута ў Данецкай вобласці. У роліку, які, з ягоных слоў, быў запісаны 2 красавіка а 23:00, Прыгожын кажа, што стаіць перад будынкам адміністрацыі Бахмута.

Прыгожын пры гэтым сцвярджае, што «юрыдычна мы ўзялі Бахмут», і абяцае падняць расійскі сцяг і сцяг ПВК «Вагнер» над будынкам гарадской адміністрацыі. У сваім паведамленні Прыгожын, тым не менш, прызнае, што ў заходніх кварталах Бахмута «застаўся праціўнік».

Генштаб УСУ паведамляе, што вораг не перастае штурмаваць Бахмут і спрабуе ўзяць яго пад поўны кантроль. Украінскія абаронцы адбілі больш за 20 варожых нападаў, таксама адбілі атакі ў раёне населенага пункта Іванаўскае.

Варта адзначыць, што гэта ўжо не першы раз, калі «Вагнер» «захоплівае» Бахмут. Баі за горад вядуцца ўжо адзінаццаць месяцаў.

Інфаграфіка facebook.com/GeneralStaff.ua

Інфаграфіка facebook.com/GeneralStaff.ua


У Расіі дыверсанты?

2 красавіка ў цэнтры Пецярбурга адбыўся выбух у кафэ, якое раней належала заснавальніку ПВК «Вагнер» Яўгену Прыгожыну, у выніку чаго загінуў «ваенкар» Уладлен Татарскі (сапраўднае імя — Максім Фамін), яшчэ больш за 30 чалавек атрымалі раненні.

Расійскія чыноўнікі і прапагандысты паспяшаліся абвінаваціць Украіну ў забойстве ваенкара, хоць да яго ліквідацыі могуць быць датычны сілы ўнутры РФ, мяркуюць аналітыкі Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Аналітыкі прыводзяць словы заснавальніка ПВК «Вагнер» Яўгена Прыгожына, які заявіў, што не стаў бы вінаваціць «кіеўскі рэжым» у смерці Татарскага і дачкі Аляксандра Дугіна Дар'і, якая ў выніку выбуху загінула ў жніўні пад Масквой.

«Забойства Татарскага ў бары Прыгожына, імаверна, з'яўляецца часткай больш агульнай тэндэнцыі да эскалацыі ўнутрырасійскіх канфліктаў з удзелам Прыгожына і «Вагнера», — мяркуюць аналітыкі ISW. Яны падазраюць, што забойства прапагандыста, «было папярэджаннем Прыгожыну, які ўсё больш ставіў пад сумнеў галоўныя прапагандысцкія тэзісы Крамля пра вайну ва Украіне і нават туманна намякаў на цікавасць да пасады расійскага прэзідэнта ў якасці канкурэнта Пуціну або ягонага пераемніка».

У ISW таксама лічаць, што расійскія ўлады, верагодна, маюць намер выкарыстоўваць забойства Фаміна, каб узмацніць самацэнзуру сярод прадстаўнікоў расійскай грамадзянскай супольнасці, якія ставяць пад сумнеў поспехі РФ у вайне ва Украіне.

«Гэта забойства паглыбляе раскол у асяроддзі расійскіх вайсковых блогераў, што можа згуляць на руку жаданню Крамля ўмацаваць кантроль над інфармацыйнай прасторай», — выказалі здагадку ў Інстытуце.

Таксама там адзначылі, што «біяграфія і паводзіны Фаміна некалькі нагадваюць Прыгожына — яны абодва сталі вядомымі ўльтранацыяналістычнымі фігурамі пасля таго, як адседзелі ў турме».

Паводле «Карэспандэнт», «Украінская праўда», РБК-Україна, ВВС