Пасланне Лукашэнкі: «Момант, які трэба перажыць»
Калі раней пасланні Лукашэнкі было слухаць нудна, то сёння — проста сумна. Не, былі, вядома, і цікавыя рэчы — асабліва пра ядзерную зброю і расійскую армію, калі ён адрываўся ад паперкі. Але гэта не тое, што хацелася б пачуць ад кіраўніка (хай і нелегітымнага) дзяржавы.
Кіраўнік якой краіны?
Першыя сорак хвілін выступлення было наогул незразумела, кіраўнік якой краіны вяшчае для гледачоў. Лукашэнка дэталёва разбіраў вайну Украіны і Расіі, даваў няпрошаныя парады па спыненні канфлікту, ацэньваў унутраную палітыку Украіны і Расіі... Часам нават узнікала ўражанне, што першую частку прамовы для яго пісалі ў Крамлі. Тут былі ўсе ўжо даўно пратухлыя наратывы і штампы расійскай прапаганды — і ўкраінскія «фашысты», і «антырасія», і «марыянеткі ЗША», і гэтак далей. А літаральна праз некалькі хвілін прагучала прапанова пачынаць перамовы аб спыненні агню без усялякіх умоў і без права на перамяшчэнне войскаў.
Прыкладна такая ж каша назіраецца ў расійскіх прапагандысцкіх шоу. Бо калі ва Украіне «фашысты» — то з кім дамаўляцца? А калі не — то навошта працягваць вайну?
Лукашэнка некалькі разоў паўтарыў, што ўсіх «фашыстаў» ужо забілі, і ваююць там толькі звычайныя мабілізаваныя людзі — што з аднаго, што з другога боку. Дык чаму б, калі «фашыстаў» ужо няма, Расіі не вывесці войскі? «Дэнацыфікацыя» ж была адной з мэт расійскай «спецаперацыі», паводле Пуціна — ці не так?
І што азначае «неперамяшчэнне войскаў»? Каго яно будзе тычыцца? Бо спачатку Лукашэнка выступае з такой прапановай, а потым распавядае, як ён разгортвае ля мяжы з Украінай Сілы спецыяльных аперацый і ўвогуле «запрашае» ў Беларусь расійскіх вайскоўцаў для таго, каб 500 беларускіх афіцэраў ажыццяўлялі іх падрыхтоўку да баявых дзеянняў.
Лукашэнка кажа, што Беларусь спрабуюць уцягнуць у вайну, і як доказ гэтага прыводзіць узрослыя выдаткі Польшчы на абарону. Пытанне: а гэта дакладна звязаныя рэчы? Або выдаткі Польшчы на абарону з'яўляюцца адказам на вайну ва Украіне і прысутнасць у Беларусі расійскага войска, якое сам Лукашэнка і «запрасіў»? Не хочаш «уцягвання Беларусі ў вайну» — выведзі чужыя войскі са сваёй краіны.
І далібог, пры гэтым не кажы, што сам паставіў пытанне пра «вяртанне» ядзернай зброі ў Беларусь. Дык не, Лукашэнка паведаміў, што сам папрасіў Пуціна пра гэта — як адказ на ўвядзенне санкцый нібыта ў парушэнне Будапешцкага мемарандума.
Ядзерная зброя
Розныя блокі трохгадзіннай прамовы Лукашэнкі пісалі розныя людзі. Пры гэтым у іх не было аднаго рэдактара, а сам Лукашэнка гэтую прамову перад выступленнем не чытаў.
Ацаніце: на пачатку выступлення ён кажа пра «вяртанне» ядзернай зброі. У «дыпламатычным» блоку як прыклад міралюбнасці Беларусі прыводзіцца вывад ядзернай зброі. А потым зноў ідзе размова пра яе вяртанне, прычым у больш агрэсіўнай форме. Такой, што я нават пачаў трохі хвалявацца за жыццё і лёс Лукашэнкі.
Наконт таго, што ядзерная зброя ў Беларусі будзе падкантрольная Расіі, Лукашэнка заявіў: «Не трэба казаць, што гэта не наша зброя. Гэта наша зброя, якая будзе спрыяць суверэнітэту і незалежнасці». Больш таго, у адказ на словы Пуціна пра тое, што сховішча для ядзернай зброі будзе гатова толькі ў ліпені, ён дадаў: «Уся інфраструктура створана і гатова».
Да таго ж Лукашэнка заявіў, што ён «не падарваў» пускавыя ўстаноўкі для стратэгічнай ядзернай зброі. Падарваў толькі адну, а цяпер даў заданне «неадкладна аднавіць пляцоўкі для «Таполяў». Найскладанейшыя ў інжынерна-тэхнічным плане збудаванні. Я захаваў усе гэтыя пляцоўкі. Я іх не падарваў, акрамя адной. Пад рознымі выглядамі. Таму калі трэба — увядзём і стратэгічную зброю. Мы ні перад чым не спынімся».
І за гэтым стаўленнем могуць рушыць вельмі непрыемныя для беларускага кіраўніка распрацоўкі. І гэта будзе не Фядута з Кастусёвым, не «150 джыпаў з Літвы» і не «гарадзенскі тэрарыст», які ці то быў, ці то не.
Яшчэ Лукашэнка дадаў, што гэта не расійскія войскі захапілі Беларусь, а гэта ён прывёз іх у краіну і ён кіруе гэтымі войскамі. Адпаведна і статус «суагрэсара» можа змяніцца на больш сур’ёзны. Такі, які выдаў для Пуціна Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
Зрэшты, «дзядуля стары, яму ўсё роўна».
А што ў Беларусі?
Наколькі «дзядулі ўсё роўна», можна было меркаваць па блоку, прысвечанаму ўласна Беларусі. Здавалася б, у краіне маса праблем: інфляцыя, рост коштаў, скарачэнне асартыменту ў крамах і скарачэнне саміх крам. Людзям хочацца стабільнасці і, як заўсёды, упэўненасці ў заўтрашнім дні. І зразумець нарэшце, каб іх чорт узяў, куды ж мы ўсё-ткі коцімся?
Але «новыя стратэгічныя напрамкі», пра якія Лукашэнка абяцаў распавесці, звяліся выключна да палітычнага кантэксту: прагучалі новая Канстытуцыя, закон «Аб Усебеларускім народным сходзе», аб Нацыянальным Сходзе, новы закон аб грамадзянскай супольнасці... Пра тое, што Лукашэнку не патрэбна ні «партыя ўлады», ні замежныя агенты пад прыкрыццём палітычных партый. А ўсё, пра што ён думае — як будуць жыць яго дзеці і ўнукі, і дзеці і ўнукі тых, хто прысутнічаў на яго выступленні.
Было шмат расказана пра тое, што мы стварылі дзяржаву без алігархаў, а ў адказ на санкцыі Захаду «паказалі нязломны беларускі характар», прыведзены ў прыклад лічбы: на экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі Беларусь зарабіла 8 мільярдаў долараў, а калісьці марыла пра шэсць. І экспарт, быццам бы, вырас у два разы. І нават «створаны першы народны аўтамабіль» (гэта ён пра «Geely», ці што?).
Лічбы былі цікавыя, але ці шмат у іх праўды? Паводле слоў Лукашэнкі, за мінулы год намінальны заробак бюджэтнікаў вырас на 13%, што дазволіла забяспечыць павышэнне зарплаты нават з улікам інфляцыі. Але, па-першае, намінальная зарплата — гэта не рэальны заробак. Па-другое, інфляцыя ў 2022 годзе афіцыйна склала 12,8%. 0,2% павышэння зарплаты, ды яшчэ і намінальнай — гэта цяпер дасягненне?
Рэцэпт аднаўлення беларускай эканомікі, паводле Лукашэнкі, просты. Гэта жалезная дысцыпліна і жэстачайшы парадак. Як і дзесяць гадоў таму, і пятнаццаць, і дваццаць.
Пры гэтым мы ў вытворчасці мы не можам «пазбавіцца ад чужых нітаў і гаек».
Няма будучыні
«Мільёны вачэй» будуць сачыць за гэтым сходам, казаў Лукашэнка ў пачатку сваёй прамовы. Гэтых мільёнаў вачэй было шкада (і нават тых дваццаці тысяч, якія глядзелі яго выступ на Ютубе). Яны хацелі глабальных рашэнняў, а ім гаварылі пра падмятанне двароў, развіццё аптэчных сетак, пра бетонныя дарогі, якія мы павінны пабудаваць (ужо гадоў пяць-сем), камфортныя ўмовы для жыцця ў сельскай мясцовасці і пра тое, як святарам рабіць дзяцей.
І калі папярэдняе пасланне было своеасаблівым сеансам групавой тэрапіі, то цяперашняе пасланне — гэта пасланне крызісу. Гэта гаворка пра тое, што ўлада не ведае і не разумее, што яна будзе рабіць далей. Адзіная іх мэта — захоўваць уладу і далей, захаваць статус-кво. А пра тое, у якіх умовах будзе жыць краіна, як будзе (і ці будзе?) развівацца, не было сказана ані слова.
«Цяпер такі момант, што яго трэба перажыць» — гэта, бадай, дэвіз цяперашняга паслання. І вось гэта сапраўды сумна.