Лукашэнка ўгаварыў Пуціна на тактычную ядзерную зброю ў Беларусі? Ці Пуцін Лукашэнку?

Расія хоча размясціць на тэрыторыі Беларусі тактычную ядзерную зброю, заявіў сёння Пуцін. Нібыта Лукашэнка ўжо даўно ставіць пытанне аб размяшчэнні ў Беларусі расійскай тактычнай ядзернай зброі. І цяпер РФ пагадзілася, так бы мовіць, на такія просьбы.

mdjrn4.png

Кіраўнік РФ сцвярджае, што дамовіўся пра гэта з Лукашэнкам, і што такое размяшчэнне, нібыта, будзе зроблена без парушэння рэжыму нераспаўсюджання ядзернай зброі.

Пуцін таксама сказаў, што Расія ўжо дапамагла пераабсталяваць некалькі беларускіх вайсковых самалётаў для выкарыстання тактычнай ядзернай зброі і перадала Мінску ракетныя комплексы «Іскандэр», якія могуць несці такія зарады. А з красавіка пачнецца навучанне беларускіх экіпажаў.

«Падставай паслужыла заява намесніка міністра абароны Вялікабрытаніі, што яны збіраюцца паставіць снарады на Украіну са збедненым Уранам», — сказаў Пуцін.

«Але нават па-за кантэкстам гэтых падзей Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка даўно ставіць пытанне аб тым, каб размясціць на тэрыторыі Беларусі расійскую тактычную ядзерную зброю», — заявіў Пуцін. А паколькі ЗША «даўно размясцілі яе ў шэрагу краін», то «ў просьбе Беларусі няма нічога незвычайнага», патлумачыў кіраўнік РФ.

Таксама з заявы Пуціна стала вядома, што Расія 1 ліпеня заканчвае ў нашай краіне будаўніцтва спецсховішчы для тактычнай ядзернай зброі.

«Мы не перадаем Беларусі нашу тактычную ядзерную зброю, але размесцім яе і навучым вайскоўцаў, бо гэта робіць ЗША ў Еўропе».


Адметна, што прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі (ГУР) Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў не так даўно заявіў, што Расія ўжо размясціла ядзерную зброю ў Крыме і Беларусі. Паводле яго, Беларусь і Крым разглядаюцца Пуціным як тэрыторыі для арганізацыі правакацый. 

Пра гэта Андрэй Юсаў казаў у эфіры тэлеканала «Freeom» яшчэ ў пачатку студзеня — то-бок амаль тры месяцы таму. Ён заявіў, што РФ можа разглядаць гэтыя тэрыторыі як плацдарм для ядзерных правакацый супраць Украіны. Ужыванне ж ядзернай зброі, няхай гэта будзе з тэрыторыі захопленага Крыма, няхай гэта будзе з Беларусі — стане апошнім крокам для дзейнага ў РФ рэжыму і самой Расіі, заявіў прадстаўнік ГУР.

«Калі гаворка ідзе пра пагрозу ядзернай зброі з боку Расіі, мы павінны разумець, што гэтая пагроза толькі наблізіць канец сучаснай Расіі. Так, ёсць інфармацыя, што акупаваны Крым і тэрыторыя Беларусі Пуціным разглядаюцца для правядзення такіх правакацый. Уся гэтая інфармацыя адсочваецца, выведданыя ёсць, так што нечаканасцю гэта не стане», — заявіў тады прадстаўнік украінскай выведкі.

Паводле сацсетак, АФН, zn.ua