316-ы дзень вайна Расіі супраць Украіны. Ядзерная зброя ўжо ў Беларусі?
Расія размясціла ядзерную зброю ў Крыме і Беларусі, паведаміў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў. Паводле яго, Беларусь і Крым разглядаюцца Пуціным як тэрыторыі для арганізацыі правакацый.
Украінскія сілы абароны замацаваліся ў Белагораўцы Луганскай вобласці, паведаміў кіраўнік АВА Сяргей Гайдай. Паводле яго слоў, з боку Харкаўскага кірунку УСУ паступова вызваляюць тэрыторыю Луганскай вобласці. У Крамянную расіяне пачалі перакідваць дадатковы асабісты склад і тэхніку, цяпер там вельмі шмат салдат. Гайдай прагназуе, што калі зямля прамерзне, цяжкай тэхніцы абодвух бакоў будзе лягчэй прасоўвацца. На яго думку, Севераданецк і Рубежнае з-за значных разбурэнняў расійскія войскі не змогуць выкарыстоўваць у якасці абарончых рэдутаў.
У Херсонскай вобласці за мінулыя суткі ў выніку расійскіх абстрэлаў тры чалавекі атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Яраслаў Янушэвіч.
У Данецкай вобласці ў выніку абстрэлаў за мінулыя суткі загінулі двое мірных жыхароў — у Бахмуце. Яшчэ тры чалавекі ў вобласці атрымалі раненні, паведаміў кіраўнік АВА Павел Кірыленка.
У Ізюмскім раёне Харкаўскай вобласці падчас правядзення работ па размініраванні ў выніку дэтанацыі боепрыпасу загінуў начальнік групы піратэхнічных работ, падпалкоўнік грамадзянскай абароны Сяргей Гацуляк. Старшы сапёр той жа групы атрымаў раненні і шпіталізаваны ў стане сярэдняй цяжкасці. Акрамя таго, у раёне горада Балаклея Ізюмскага раёна на выбуховай прыладзе падарваўся цывільныі мужчына, ён шпіталізаваны з выбуховымі траўмамі ў стане сярэдняй цяжкасці, паведаміў кіраўнік АВА Алег Сінягубаў
У бальніцы памёр мужчына, які атрымаў цяжкія раненні падчас абстрэлу Нікапаля 4 студзеня. Сам Нікапаль і ўвечары, і ноччу падвяргаўся новым нападам з боку войскаў РФ, паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Рэзнічэнка.
Генштаб Украіны агучыў арыенціровачныя страты арміі РФ на раніцу 5 студзеня. Ліквідавана асабовага складу — каля 109 720 (+810 за суткі) чалавек.
Рускае войска працягвае засяроджваць намаганні на вядзенні наступу на Бахмуцкім кірунку. На Аўдзееўскім і Купянскім кірунках наступальныя дзеянні РФ не былі паспяховымі. На Новапаўлаўскім, Запарожскім і Херсонскім кірунках РФ працягвае весці актыўную абарону, абстрэльвае пазіцыі ўкраінскіх войскаў і грамадзянскія аб'екты ўздоўж лініі сутыкнення, паведаміў Генштаб у ранішняй зводцы.
За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі РФ у раёнах населеных пунктаў Стэльмахоўка і Плашчанка Луганскай вобласці і Белагораўка, Саледар, Чырвоная Гара, Выемка, Падгароднае, Бахмут, Курдзюмаўка, Маёрск, Паўночнае, Вадзяное, Краснагораўка, Вясёлае, Мар'інка і Пабеда Данецкай вобласці.
Вагнераўцы рэкрутуюць палітычных зняволеных з Чачні. Пра гэта паведаміла вайсковая выведка Украіны. У прыватнасці, у калоніі-пасяленні №3 горада Аргун (Чачэнская Рэспубліка РФ), а таксама ў папраўчай калоніі №2 пасёлка Чарнакозава (Наурскі раён Чачэнскай Рэспублікі) ідзе працэс вярбоўкі зняволеных у шэрагі ПВК Вагнера. З'ява пачынае набываць масавы характар. Так, з дзвюх калоній было «мабілізавана» больш за 50 зняволеных, большасць з якіх былі асуджаныя па сфабрыкаваных справах. З супрацоўнікамі калоній праводзіцца работа па прадухіленні ўцечкі інфармацыі.
Брытанская выведка адзначае, што, нягледзячы на разгрупаванне расійскіх самалётаў пасля ўдараў па Энгельсе, авіяцыя РФ далёкага дзеяння па-ранейшаму зможа запускаць крылатыя ракеты паветранага базіравання па Украіне, паколькі далёкасць дзеяння гэтай зброі складае 5000 кіламетраў, і плюс да таго — далёкасць палёту бамбавікоў. Аднак палёты з месцаў разгрупавання дадуць дадатковую нагрузку на тэхнічнае абслугоўванне і яшчэ больш зменшаць і без таго абмежаваную колькасць лётных гадзін, даступных на гэтых самалётах, адзначаюць аналітыкі.
Генеральны Сакратар ААН Антоніу Гутэрыш пацвердзіў гатоўнасць выступаць пасярэднікам «у канфлікце ва Украіне, калі аб гэтым папросяць абодва бакі», паведаміў яго прэс-сакратар Стэфан Дзюжарык.
Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што ў Мінабароны РФ змянілі рыторыку і фармат сваіх штодзённых зводак пра вайну ва Украіне. Такім чынам расійскае вайсковае камандаванне спрабуе адцягнуць увагу ад сваіх правалаў на поле бою, лічаць эксперты.
У прыватнасці, з 3 студзеня ў зводках Мінабароны РФ асаблівая ўвага акцэнтуецца на ўдарах па ўкраінскіх ваенных аб'ектах, якія часта не маюць аператыўнага значэння. Значна менш гаворыцца пра беспаспяховыя наземныя атакі. Абноўленыя зводкі Мінабароны РФ сканцэнтраваныя на невялікіх населеных пунктах і групавых ударах па тыпу мэты, а не па месцазнаходжанні, што абцяжарвае для аўдыторыі геаграфічную арыентацыю і праверку заяўленых удараў.
Спецыялісты адзначаюць, што раней Мінабароны РФ фарматам зводак спрабавала пераймаць ва ўкраінскага Генштабу ў адказ на крытыку блогераў наконт адсутнасці празрыстасці ў афіцыйным асвятленні вайны пасля шэрагу няўдач восенню 2022 года.
Расія рыхтуецца да абвастрэння сітуацыі ў лютым. Пра гэта заявіў Сакратар СНБА Аляксей Данілаў у эфіра тэлемарафона «Суспільне»: «Люты для іх будзе вызначальным. Таму што даты для іх — гадавіна… Яны рыхтуюцца да абвастрэння. Цяпер чалавек па прозвішчы Козак [намеснік кіраўніка адміністрацыі Пуціна] актывізаваўся. Праводзіць сустрэчы з дзеячамі з Еўропы для таго, каб прымусіць нас да падпісання пэўных мірных, як яны лічаць, пагадненняў а-ля Мінск-3. Вядома, мы на гэта не пойдзем. У другой палове лютага Мюнхенская канферэнцыя па бяспецы будзе праходзіць, 23–24 лютага — падзеі ў Нью-Ёрку. Чырвоны Крыж цяпер пачаў вельмі турбавацца, а чым жа мы забіваем расіян. Многія маркеры, якія паказваюць, што ў лютым можа быць пэўнае абвастрэнне».
Данілаў таксама лічыць, што мабілізацыя в Расіі будзе з вялікай верагоднасцю, але РФ «гэта не дапаможа, хоць для Украіны гэта і будзе пэўны выклік».
Паводле korrespondent.net, suspilne.media, украінская служба РБК, www.pravda.com.ua, www.unian.net