Ядзерная зброя ў Беларусі: ці можа Лукашэнка называць краіну сваёй?

Уладзімір Пуцін заявіў, што Расія мае намер размясціць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Маўляў, пра гэта даўно прасіў Лукашэнка, але зроблена гэта будзе толькі цяпер. З такіх заяваў Лукашэнка, пэўна, будзе ў шоку. Бо адна справа — казаць пра ядзерную зброю, а другая — «атрымаць» яе.

Ілюстрацыя  Midjourney

Ілюстрацыя  Midjourney


Канечне, пытанне ў тым, ці праўда тое, што сказаў Пуцін. Па яго словах, падставай для такога кроку стала перадача Украіне снарадаў са збедненым уранам. Аднак пра перадачу такога ўзбраення стала вядома толькі на гэтым тыдні. А, зыходзячы з заявы расійскага кіраўніка, недзе 1 ліпеня ў нашай краіне заканчваецца будаўніцтва спецсховішча для тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ).

То-бок, рашэнне размясціць ТЯЗ было прынята настолькі даўно, што было абранае месца для сховішча, распрацаваная праектная дакументацыя, прынятая і ўзгодненая ў адпаведных органах, пачалося будаўніцтва гэтага комплексу… Хто будаваў хаця б дом, ведае пра ўсе такія бюракратычныя працэдуры, якія займаюць даволі багата часу. Так што казаць пра «наш адказ Захаду» ў гэтым плане проста не выпадае.


Канец суверэнітэту?

Па словах Пуціна,«Мы не перадаем Беларусі нашу тактычную ядзерную зброю, але размесцім яе і навучым вайскоўцаў, бо гэта робіць ЗША ў Еўропе».

Расія ўжо дапамагла пераабсталяваць некалькі беларускіх вайсковых самалётаў для выкарыстання ТЯЗ і перадала Мінску ракетныя комплексы «Іскандэр», якія могуць несці такія зарады. А з красавіка пачнецца навучанне беларускіх экіпажаў.

І вось тут перш за ўсё турбавацца варта Аляксандру Лукашэнку.

Канечне, такія паняцці, як нейтралітэт і без'ядзерны статус былі выключаныя з Канстытуцыі краіны на апошнім рэферэндуме. Але, па-першае, калі Расія «не перадае» ядзерную зброю, то гэта будзе азначаць стварэнне ў Беларусі расійскай ваеннай базы. Гэта азначае, што расійскія войскі атабарацца ў Беларусі на сталай аснове.

Цяпер нездарма ўсяляк «падаўжаюцца» так званыя «вучэнні», на падставе якіх расійскі кантынгент перабывае ў Сінявокай ужо каля двух гадоў. Па факце. Дастаткова непадаўжэння вучэнняў — і расійцы вымушаныя будуць пакінуць гасцінную краіну. Аднак калі ў краіне з’явіцца сталая ваенная база…

Па-другое, «навучанне беларускіх экіпажаў» і вайскоўцаў. Зразумела, што Лукашэнку доступу да «ядзернай дубінкі» ніхто не дасць. Таму і пытанне: каму будуць падпарадкоўвацца тыя самыя навучаныя экіпажы і вайскоўцы? Чые загады яны будуць выконваць? Фармальна ж яны павінны падпарадкоўвацца галоўнакамандуючаму Лукашэнку. Але ў Лукашэнкі няма доступу да аб’екту іх турботаў і працы. Значыць, беларускія вайскоўцы будуць выконваць загады кіраўніка суседняй дзяржавы?

Што гэта, калі не страта кантролю над арміяй?

Ну і, па-трэцяе, канечне, дробязь. Кожная ваенная база ў краіне існуе на падставе пэўных дамоваў, заключаных на пэўны тэрмін і за канкрэтныя грошы. Напрыклад, база дальняй сувязі ў Вілейцы, альбо аб’ект «Волга» пад Ганцавічамі — дамову на іх існаванне ў Беларусі падаўжаюць праз пэўныя тэрміны. Але нешта мы не чулі пра такія дамовы адносна базы ТЯЗ. Колькі Расія нам заплаціць?

Памятаеце, калі на пачатку года эканамісты аналізавалі беларускі бюджэт, то звярталі ўвагу на вялікія сумы «бязвыплатнай дапамогі» Беларусі ад неназваных замежных краін. Дык можа, гэта не «дапамога», а аплата за ваенную базу? І тады пытанне — ці не затанна гэта зроблена? Улічваючы рызыкі?


Пуцін падставіў Беларусь пад удар?

Наколькі я памятаю, вынікам вываду ядзернай зброі з Беларусі стала тое, што на Беларусь не нацэленыя ядзерныя арсеналы іншых краін. У выніку размяшчэння ТЯЗ у Беларусі нашая краіна будзе «мэтай першага ўдару». Гэта значыць, у выніку эскалацыі канфлікту па ёй будзе нанесены ядзерны ўдар, і, можа быць, прэвентыўны.

Канечне, з-за наяўнасці ў Беларусі іншых ваенных базаў — ізноў згадаем Вілейку і Ганцавічы — у Сінявокай былі аб’екты, якія з ваеннага пункту погляду трэба было разбамбіць у першую чаргу. Але не было такіх аб’ектаў, дзеля якога было б варта ўжываць ядзерную зброю. Калі Пуцін сказаў праўду, то цяпер такія аб’екты з’явяцца.

І вялікія пытанні пра дамову аб нераспаўсюдзе ядзернай зброі. Пуцін кажа, што размяшчэнне ТЯЗ у РБ, нібыта, будзе зроблена «без парушэння рэжыму нераспаўсюджання ядзернай зброі». Але іншыя краіны могуць паставіцца да гэтага адрозна ад меркавання Пуціна. І ў выніку — не адгукнецца гэта Беларусі на міжнароднай арэне? Ці не станем мы парушальнікамі гэтай дамовы?


Губернатар «Северо-Западного края»?

Лукашэнка, шмат разоў кажучы пра ядзерную зброю ў Беларусі, пэўна, не думаў, што яго словы будуць успрынятыя літаральна. Але Пуцін вырашыў «задаволіць саюзніка». Які вынік?

У выніку падзей 2020 года Лукашэнка страціў не толькі знешнюю, але і ўнутраную легітымнасць — гэта відавочна. З нападам Расіі на Украіну з тэрыторыі Беларусі шмат хто казаў, што Лукашэнка страціў кантроль і над тэрыторыяй краіны, бо рускія войскі ў Беларусі што хочуць, тое і робяць.

Больш за 60% беларускага экспарту ідзе ў Расію — і эканамісты кажуць пра «крытычную залежнасць» ад аднаго рынку і пра тое, што Беларусь ператвараецца ў дадатак да расійскай эканомікі.

Цяпер Лукашэнка страчвае кантроль над войскам — прынамсі, над яго часткай. Як ужо пісалася вышэй, частка беларускага войска, якая будзе абслугоўваць ТЯЗ, фактычна перападпарадкоўваецца Пуціну.

Што застаецца ў Лукашэнкі ад суверэнітэту і незалежнасці? Нацбанк, фінансавая сістэма, ды сілавікі, карныя органы? Колькі часу пройдзе да таго моманту, калі сілавікі вырашаць, што лепш падпарадкоўвацца наўпрост Пуціну, без «пасярэдніка» Лукашэнкі?

На месцы Лукашэнкі я бы блізка не падпускаў да сябе ніводнага сілавіка. Звярнуць шыю — справа некалькіх секунд.