Рэспубліканскі бюджэт: якую цану прыйдзецца заплаціць Беларусі за «бязвыплатную дапамогу»?

Тэлеграм-канал «Нашы грошы» даследуе праект рэспубліканскага бюджэту на 2023 год. Але пры гэтым нагадвае, што абмяркоўваецца толькі праект, які можа быць зменены (хутчэй за ўсё— нязначна), а таксама тое, што рэспубліканскі бюджэт — усяго толькі частка агульнага, кансалідаванага бюджэту.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg


Такім чынам, адмыслоўцы вырашылі паглядзець, за кошт чаго гэты бюджэт плануюць фарміраваць — то-бок яго прыбытковую частку.

Традыцыйна самымі вялікімі крыніцамі грошай сталі «падатковыя даходы», якіх у 2023 годзе плануюць сабраць 22,37 млрд рублёў. У адносінах да мінулага года гэты паказчык знізіўся на 1,4 працэнта. Падаецца, што падзенне зусім нязначнае. Але калі дадаць інфляцыю за 2022 год, атрымаецца зніжэнне, што перавышае 15%. Гэта абсалютна не лепіцца з міфам пра «краіну, якая толькі выйграла ад санкцый».

Давайце расставім акцэнты. У наступным годзе ў Беларусі ўводзіцца адразу некалькі новых падаткаў, адмяняецца «спрошчанае» падаткаабкладанне для прадпрымальнікаў, і нягледзячы на гэта зборы ад падаткаў не павышаюцца, а прыкметна падаюць. Сёння цяжка ўявіць, як наогул будзе працаваць эканоміка — ад ІП да буйнога бізнесу. Праблемы з імпартам і экспартам многіх тавараў, сыравіны і камплектуючых як мінімум не нармалізуюцца, а ў некаторых сферах — наадварот, нават стануць глыбей.

Мяркуючы па ўсім, бачаць гэта і складальнікі праекта бюджэту, але пры гэтым спрабуюць намаляваць не вельмі страшную лічбу пры вельмі сумных абставінах. Што ж, час пакажа.

Паступленні ад падатку на прыбавачную вартасць (ППВ) павінны вырасці на 12,5% да 13,49 млрд. Па сутнасці, ППВ — гэта падатак з абароту, а значыць, складальнікі дакумента лічаць, што эканоміка краіны ажыве: прадпрыемствы пачнуць больш прадаваць унутры краіны, а людзі — больш актыўна купляць. Прасачыўшы свой бюджэт і азірнуўшыся на знаёмых, вы самастойна можаце ацаніць верагоднасць такога развіцця падзей.

Аднак дасягнуць такога росту ўсё ж можна. Для гэтага патрэбна толькі высокая інфляцыя, якая якраз і маецца ў арсенале ўрада.

Ад акцызаў плануецца атрымаць 2,18 млрд — і гэта зніжэнне на цэлых 30%. Пры гэтым паступленні ад падатку на прыбытак складуць 1,71 млрд і знізяцца на 1,6%. Вельмі дзіўна бачыць гэтыя лічбы, слухаючы навіны аб выдатных перспектывах імпартазамяшчэння.

Падаткі на знешнеэканамічную дзейнасць чакана скароцяцца на 19% да 3,65 млрд.

Цяпер пра «непадатковыя даходы» — іх плануюць нарасціць да 3,74 млрд, або на 25%. Тут мы бачым рост па кожнай асобнай катэгорыі (акрамя «іншых»). Прыбытак ад выкарыстання дзяржаўнай маёмасці плануецца нарасціць на 42% да 2,15 млрд. «Дзейнасць, якая прыносіць даходы» павінна прынесці 750 млн (+ 29,1%).

Вішанькай на торце можна лічыць план па росце даходаў дзяржавы ад штрафаў. Даход ад іх павінен скласці больш за 190 млн рублёў, што на 42% вышэй за планы на 2022 год.

І, нарэшце, урад чакае росту «бязвыплатных паступленняў». Мяркуючы па ўсім, аўтары бюджэту мараць, каб менавіта гэтая катэгорыя стала выратавальнай. Гэтыя паступленні павінны скласці 7,26 млрд, павялічыўшыся ў параўнанні з мінулым годам у 2,4 разы! У першую чаргу дзякуючы дапамозе ад замежных дзяржаў, якая павялічыцца ў 6 разоў да 5,43 млрд.

Не трэба быць геніем, каб адгадаць краіну, якая будзе ратаваць Беларусь ад эканамічнага калапсу. Аднак, на жаль, рэспубліканскі бюджэт не распавядае нам, якую цану прыйдзецца заплаціць за гэтую «бязвыплатную» дапамогу.