«Беларусі застаецца толькі мацней прышпіліць рамяні»

Беларускія ўлады ў цяперашняй сітуацыі вымушана разлічваюць на эканамічную падтрымку толькі аднаго боку — Расіі. Таму тэлеграм-канал «Нашы грошы» вырашыў паглядзець, якое фінансавае становішча ў нашага «саюзніка». Высновы нярадасныя.

emoczionalnyj_otdyh_lstr7088_1_1.jpg


Расійская эканоміка, мяркуючы па бюджэце Беларусі на будучы год, з’яўляецца фактычна безальтэрнатыўнай крыніцай адсутных фінансавых рэсурсаў, пішуць «Нашы грошы». Сума, якую ўрад мае намер атрымаць у якасці бязвыплатных паступленняў у бюджэт ад усходняга партнёра ў 2023 годзе, перавышае 5 млрд беларускіх рублёў.

Гэта 16% даходнай часткі рэспубліканскага бюджэту.

Санкцыйны ціск практычна пазбавіў Беларусь еўрапейскага рынку, украінскі — таксама страчаны. Нават транзіт на рынкі трэціх краін магчымы цяпер галоўным чынам праз Расію. Як вынік — велізарная дзірка ў бюджэце, заткнуць якую ўрад мае намер за кошт усходняга суседа.

Аднак расійская эканоміка і сама перажывае не лепшыя часы. Ваенныя дзеянні ва Украіне, санкцыі, міграцыя і ўцёкі капіталу каштуюць Расіі каласальных выдаткаў, якія наўрад ці атрымаецца кампенсаваць за кошт звыклых нафты і газу. У выніку расійскі бюджэт, які, у адрозненне ад беларускага, разлічваецца на трохгадовы перыяд, аж да 2025 года, прагназуецца дэфіцытным. Кампенсаваць дэфіцыт плануецца за кошт рэзерваў, якія засталіся ў распараджэнні, і ўнутраных запазычанняў.

photo_2022_12_13_14_14_46.jpg


Абодва інструменты ўжо актыўна прымяняюцца. Расійскі Цэнтрабанк у лепшых беларускіх традыцыях прадае дзяржаблігацыі мясцовым банкам, але яшчэ цікавей паводзіць сябе з выкарыстаннем рэзерваў. Так, Цэнтрабанк не толькі карыстаецца даступнай часткай сродкаў фонду дабрабыту, але і ўмоўна пераводзіць замарожаныя валютныя рэзервы ў расійскія рублі, нібы доступ да іх не быў страчаны.

Фактычна гэта — эмісія незабяспечаных рублёў, якая разганяе інфляцыю. Але пакуль прыгнечаны попыт і агульнае зніжэнне пакупніцкай актыўнасці насельніцтва не даюць вытворцам уздымаць цэны без страты попыту.

Для беларускай эканомікі гэта паказчык таго, што яе расійская апора вельмі слабая, бо нясе шмат складана прагназуемых пагроз ад скарачэння прамой падтрымкі бюджэту да падзення попыту на беларускую прадукцыю. Горш за ўсё, што выбіраць беларускім уладам асабліва няма з чаго.

У выніку і без таго высокая залежнасць нашай эканомікі ад расійскай становіцца татальнай. А расійская эканоміка рызыкуе сарвацца ў рэжым «рускіх горак».

Беларусі застаецца толькі мацней прышпіліць рамяні.