Святлана Ціханоўская: Расія дзейнічае як акупацыйная сіла, парушаючы нацыянальную бяспеку Беларусі
Дэмакратычная лідарка Беларусі лічыць, што заява Пуціна пра размяшчэнне тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі прагучала ў Дзень Волі невыпадкова. На яе думку, гэта «падкрэслівае, што Расія не паважае суверэнітэт Беларусі».
На яе думку, размяшчэнне Расіяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі наўпрост парушае Канстытуцыю Беларусі і груба супярэчыць волі беларускага народа прыняць статус бяз'ядзернай дзяржавы, якая выказаная ў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі 1990 года. «Ужо будучы варожай сілай у дачыненні да беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці, Расійская Федэрацыя тым самым наўпрост парушае Будапешцкі мемарандум аб гарантыях бяспекі для Беларусі ў сувязі з яе далучэннем да Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі, яшчэ больш падпарадкоўваючы Беларусь свайму незаконнаму кантролю і яшчэ больш пазбаўляючы яе суверэнітэту», — заявіла Ціханоўская ў Twitter.
«Расія дзейнічае як акупацыйная сіла, парушаючы нацыянальную бяспеку і ставячы Беларусь на шлях сутыкнення са сваімі суседзямі і міжнароднай супольнасцю... Лукашэнка з'яўляецца правераным правадніком расійскіх амбіцый і не можа асацыявацца з беларускай дзяржаўнасцю і воляй народа», — гаворыцца ў заяве.
На яе думку, развіццё падзей, якое робіць Беларусь «патэнцыйнай мэтай для прэвентыўных або зваротных удараў, стала магчымым з-за незаконнага захопу ўлады нелегітымным рэжымам Лукашэнкі».
Святлана Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасць запатрабаваць ад Расіі спыніць пагрозлівае разгортванне ТЯЗ у Беларусі і ўвесці адэкватныя і жорсткія санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна як адкрытых пагроз міжнародным міру і бяспецы.
«Лукашэнка і да гэтага ўцягваў Беларусь у вайну крок за крокам. Цяпер праз яго ў Беларусі будзе не проста стратэгічны ваенны абʼект чужой краіны. Цяпер Лукашэнка і Пуцін зрабілі з Беларусі цэль для ўдару. Гэта прамая пагроза жыццю і бяспецы больш за 9 мільёнаў чалавек. Прыкрываючыся мірам і сяброўствам, Лукашэнка стварае небяспеку для ўсяго народа Беларусі.
Прапаганда можа як заўгодна тлумачыць тое, што адбываецца. Але сутнасць простая: 27 гадоў у Беларусі не было ядзернай зброі, а зараз яна вернецца. Два дыктатары, якія загуляліся ў вайну, адкідаюць нас на тры дзесяцігоддзі назад. Якая яшчэ нагода патрэбная, каб будаваць новую сістэму бяспекі рэгіёну?» — дапісала Святлана Ціханоўская ў сваім тэлеграме.
У допісе ў Twitter яна тэгнула прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і Генеральнага сакратара ААН Антоніу Гутэрыша.